Loading

Адзін з заснавальнікаў нацыянальна-адраджэнскага руху яшчэ ў 80-х гадах мінулага стагоддзя, стваральнік і кіраўнік Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне», дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання, дзякуючы шмат у чым якому Беларусь у 1991-м годзе набыла незалежнасць, а цяпер кіраўнік Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ і адзін з заснавальнікаў фонду «Вольная Беларусь» Зянон Пазьняк наведаў Украіну. У Львое адбылася сустрэча Зянона Пазьняка з беларусамі, якія жывуць ва Украіне, ды ўкраінцамі.

Зянон Пазьняк – асоба вядомая ўжо не толькі ў беларускай палітыцы, але і беларускай гісторыі. Цікавасць да асобы Зянона Пазьняка не страчаная і ў тых, хто зараз выступае супраць рэжыму Лукашэнкі. Выклікаў заўважную цікавасць і візіт Пазьняка ў Львоў.

Спадар Зянон амаль 2 гадзіны распавядаў не толькі пра беларускую сітуацыю, але і сувязь, у тым ліку ў гістарычным кантэксце, паміж працэсамі ў Беларусі і Украіне, Польшчы, Літве. Узгадаў ён сувязі з украінскіх Рухам 1980-х, пра праект балта-чарнаморскага саюзу і балта-чарнаморскага нафта-газавага калектару, які мусіў пакласці канец залежнасці краінаў усходняй Еўропы ад расійскіх энерганосьбітаў, і пра тое, як у Беларусі дзейнічаюць расійскія сілы ўплыву, да якіх Пазьняк аднёс і такія палітычныя праекты, як кандыдаты на прэзідэнтаў падчас апошніх выбараў – Бабарыку, Цапкалу і Ціханоўскага, а таксама потым і ягоную жонку Святлану Ціханоўскую. Са зразумелых прычынаў мы не можам цалкам пераказаць тут ягоны двухгадзінны спіч, але варта паслухаць ягонае бачанне цяперашняй сітуацыі. Вось, што лічыць Зянон Пазьняк датычна беларускага і расійскага дыктатараў, а таксама сітуацыі з палітвязнямі ў Беларусі.

«Лукашэнка і Пуцін – гэта тандэм васала і сюзэрэна. Яны дзейнічаюць разам, адзін аднаго выкарыстоўваюць, але ў іх ёсць вялікія супярэчнасці. Асабліва ў Лукашэнкі. Калі б яму далі нейкую магчымасць вырвацца – ён бы вырваўся. Дык трэба гэтых сіямскіх блізнят неяк раздзяляць. Тут павінны быць і дзейнасць разведкі і дыпламатыя. Бо гэта ж у інтарэсах вайны. Ідзе вайна. Трэба, каб яны між сабою ўступілі ў брань, а не ўкраінскі і беларускі народы пачалі адзін аднаго абвінавачваць.

У Беларусі тысячы людзей у турмах. Прытым, катаванні ідуць страшныя. Беларусаў пазначаюць, як габрэяў у Асвенцыме, жоўтымі біркамі. Яны не маюць ніякіх правоў у турме. Іх б’юць, ім не даюць адпаведна спаць, не даюць адпаведнай ежы, саджаюць пастаянна ў карцар, каб яны страцілі здароўе. Некаторых пазабівалі – такога Ашурака (палітычны актывіст Вітольд Ашурак – РУ) забілі. Асабліва жанчын. Многія дзяўчаты выходзяць, атрымаўшы такія хваробы, што яны ўжо дзяцей мець не будуць. А ім па 19 год. Ім палівалі цэментную падлогу вадой з хлоркай. Не выключалі святло. Тры градусы цяпла, а гэтыя людзі павінны былі на падлозе спаць. Гэта ж ні адзін не застанецца здаровы. Гэта робіцца спецыяльна. Гэта катаванні.

І гэтых людзей кідаюць за тое, што ён падабайку ў інтэрнэце паставіў. Закона такога няма, яны прыдумваюць законы. Яны што – вязні? Гэта палонныя! Гэта вайна. Іх гэты рэжым бярэ ў палон. Добра! Вось гэтая прарасейская група – Ціханоўская, усе. Вось яны тут: «Вызваленне палітвязняў, гаварылі аб палітвязнях, вось патрабавалі, каб Захад патрабаваў». Пляваў на вас Лукашэнка! Якія палітвязні? Чаго ён будзе іх вызваляць, колькі вы не патрабуйце?! Ідзе вайна, якія патрабаванні? Можа быць толькі абмен палоннымі. Украінцы маюць расійскіх палонных, тыя ўкраінцаў – вось абмяняліся. Трэба ў нас, але ў нас няма палонных. Каб мы мелі б Шэймана ў палоне, ну абмянялі б.

Але ў нас ёсць момант, які можна абмяняць. Гэта санкцыі. І, што яны гавораць, гэтая Ціханоўская? «Ну мы же не будем торговаться», «Мы жэ не будзем гандляваць людзьмі», «Санкции надо усилить». А чаму вы не будзеце гандляваць, калі можна вызваліць людзей? Што важней – вашыя гэтыя санкцыі, якія заганяюць Лукашэнку да Пуціна, яны нічога там не вырашаюць, акрамя, што людзям горай жыць стала, ці людзі, якія сядзяць у турме ні за што і губляюць здароўе?

Не будзеце гандляваць? Дык вось – трэба паспрабаваць гандляваць! Хоць некалькі чалавек трэба выратаваць. Я паўтараю – чалавек важней! Але гэтыя людзі не думаюць катэгорыямі гуманізма, хаця і гавораць пра гуманізм. Яны гэтага не разумеюць. Яны пачнуць гэта гаварыць – ім грошы не будуць даваць.

Ім жа на 22-гі год далі 65 мільёнаў еўра. На невялікую групу людзей. Дзе яны – гэтыя грошы? Куды яны іх патрацілі? І дзе вынікі гэтага? Гэта ж можна было армію стварыць! Ні адзін полк Каліноўскага, слухайце! Такія грошы маючы. Дзе яны? На турыстычныя паездкі?

Таму гэтая вось сітуацыя з прарускай апазіцыяй, створанай… Зараз яна, безумоўна, карыстаецца рыторыкай іншай. Ужо ж не скажаш, што Пуцін мудры. Іншай немагчыма. Але, паўтараю, арыентацыя усё роўна на будучую Расею: «вот там Россия же будет, надо существовать, вот она будет демократичной». А вынік будзе такі самы. Толькі пройдзе 5, 10, ну можа 15 гадоў – будзе тое самае. Пакуль не будзе разбіта сістэма Расейскай імперыі, увесь час будзе паўтарацца».

Зянон Пазьняк адказаў таксама на наша пытанне пра тое, якою ён бачыць перамогу Украіны ў вайне і яе ўплыў на сітуацыю ў Беларусі, а таксама пра тое, ці падзеленае зараз беларускае грамадства. Паслухайце меркаванні спадара Зянона ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.