Пасля абвінавачанняў, што Украіна нібыта рыхтуецца напасці на Беларусь, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас свайго выступлення на саміце G7 прапанаваў размясціць назіральную місію на ўкраінска-беларускай мяжы, каб пазбегнуць правакацый.
«Я хачу звярнуць увагу на адну краіну. Тэрыторыя Беларусі ўжо выкарыстоўваецца для ўдараў па Украіне. Цяпер мы бачым вялікую пагрозу. Расія спрабуе прама ўцягнуць Беларусь у вайну, разыгрываючы правакацыю з тым, што мы нібыта рыхтуем удар па гэтай краіне», – заявіў Зяленскі.
Ён падкрэсліў, што Беларусь ужо і так з’яўляецца апасрэдаваным удзельнікам вайны, але Расія хоча ўцягнуць яе ў баявыя дзеянні напрамую. Пры гэтым Украіна ніколі не планавала баявых дзеянняў супраць Беларусі.
«Каб цалкам зняць гэтую правакацыю, зняць гэтыя наратывы, якія гучаць ад Лукашэнкі, мы прапануем сваё рашэнне: на мяжы Украіны і Беларусі можа быць размешчана місія міжнародных назіральнікаў для маніторынгу сітуацыі па бяспецы. Фармат можа быць распрацаваны нашымі дыпламатамі. Я вас прашу на ўзроўні G7 падтрымаць гэтую ініцыятыву», – заклікаў Зяленскі.
Comments are closed.