Loading

Цыбрыкі, дранбургеры і нават хвораст: кулінарны блогер Васіль Ядчанка прыгатаваў для нас свой топ-5 бульбяных страў. Атрымалася проста, нечакана і вельмі смачна!

1. Дранбургеры і сучасныя калдуны

«Не буду скасоўваць стэрэатыпы пра беларускую кухню, – кажа Васіль Ядчанка, – і пачну з дранікаў. Я іх раблю з бульбы, солі, а для смаку дадаю часнычку. З гэтай масы я магу зрабіць дранікі, а магу і… дранбургеры! Знізу дранік, зверху дранік, а пасярэдзіне ўсё, што вы любіце. А можна прыгатаваць яшчэ і сучасныя калдуны. Замест мяса – сервелат. Калдуны смажацца, сальца з каўбасы раствараецца і ўпітваецца ў бульбу. Атрымліваецца штосьці неверагоднае!»

Скрыншот з youtube.com, канал «Еда на Добром».
2. Беларускі народны флот

Гэта страва з дзяцінства, мне яе паказаў бацька. Рэжам бульбу на два кавалкі, скрыляем невялікімі шматочкамі сала. Пасля з дапамогай калыбак (зубачыстак) робім з кавалачкаў сала ветразі, якія трэба насадзіць на бульбу і ў такім выглядзе паставіць усё ў духоўку. Хвілін 20 альбо 30 наша сала смажыцца, цячэ, бульба ўсё напітвае, і атрымліваецца смаката. З гуркамі, з капусткай! Страва як для халасяцкоў, так і для дасведчаных гаспадынь: калі часу мала, а трэба хуценька зрабіць штосьці смачнае.

Скрыншот з youtube.com, канал «Еда на Добром».
3. Цыбрыкі

Гэта страва нашых бабуль. Спачатку робім масу, дзярэм бульбу, адкідваем усё на друшлаг, жмякаем і дадаем туды мукі. Атрымліваецца штосьці накшталт цеста, якое мы смажам на патэльні. Можна дадаць соль, перац. Атрымліваюцца вельмі смачна!

Скрыншот з youtube.com, канал «Еда на Добром».
4. Бульбяная каша з салам

Калі ў вас амаль нічога няма, а есці хочацца, то чысцім бульбу і рэжам кожную на 4-5 кавалачкаў. Пакуль яна варыцца, на патэльні смажым сала з цыбуляй. Калі няма сала, можна толькі цыбулю. Зліваем з бульбы ваду. Усё, што на патэльні, адпраўляем у рондаль, і трасем яго. Я звычайна прыгаворваю: «Хай трасе мяне, калоціць, усё роўна піць не кіну!» І вось у нас атрымліваецца і не пюрэ, і не цэлая бульба, а гэтакая каша з салам. Вельмі проста і вельмі смачна.

Скрыншот з youtube.com, канал «Еда на Добром».
5. Бульбяное галлё

Усе ведаюць, што такое «хвораст»? А вось мы будзем рабіць яго з бульбы. Адварым яе, патаўчэм і дададзім муку. У нас атрымаецца сапраўднае бульбянае цеста, якое трэба раскатаць, парэзаць на кавалачкі і падсмажыць на патэльні. Атрымліваецца сапраўдны хвораст, але не салодкі, а салёны. Ідэальная прыкуска да піва, да крамбамбулі. Раю пакаштаваць!

Скрыншот з youtube.com, канал «Еда на Добром».

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.