Loading

 Уладзімір Пуцін падпісаў загады аб прызнанні часова акупаваных абласцей Украіны незалежнымі, каб далучыць іх да Расіі. Гэта азначае новы этап вайны і магчымы ўдзел у ёй беларускага войска. Аб магчымых сцэнарыях развіцця падзей і пра тое, дзе і кім будзе вырашацца далейшы лёс Беларусі, ў ранішнім эфіры «Світанку свабоды» распавёў прадстаўнік руху «Супраціў» Зміцер Шчыгельскі.

Сцісла:

 Пакуль існуе Беларусь, ніякага ўдзелу ў расійскай мабілізацыі быць не можа. Можа быць толькі беларуская мабілізацыя. Пакуль не зразумела, дзе знаходзіцца сам Лукашэнка. Некалькі дзён ён быў у Сочы, потым знайшоўся на акупаванай Расіяй грузінскай тэрыторыі ў Абхазіі. Калі ён будзе прысутнічаць побач з Пуціным падчас абвяшчэння  незалежнасці часова акупаваных Расіяй украінскіх тэрыторый, гэта будзе дрэнны знак.

 Украінскія ваенныя паведамляюць,што  Беларусь рыхтуецца  прыняць 20 тысяч расійскіх ваенных. У лепшым для Беларусі выпадку яны проста пройдуць там навучанне на беларускіх палігонах, магчыма, з дапамогай беларускіх інструктараў. Лёгкая прамысловасць атрымае замову на вытворчасць ваеннай формы, берцаў на даўкамплектаванне. А далей будзе развілка.

 Усё будзе залежыць ад таго, наколькі ў Пуціна атрымаецца прыціснуць Лукашэнку. Але не выключаецца такі сцэнар, што пасля абвяшчэння незалежнасці акупаваных рэгіёнаў і заявы Пуціна, што гэта агрэсіўная вайна Украіны з Расіяй, магчыма, Лукашэнка і яго рэжым будуць вымушаны прыняць удзел у гэтай вайне.

 У самым горшым выпадку яму прыйдзецца выкарыстоўваць беларускія войскі разам з расійскімі для наступлення  на Украіну з поўначы. Гэта прывядзе да вялікіх страт, якія прыйдзецца замяшчаць. Для гэтага і спатрэбіцца мабілізацыя.  Калі яна пачнецца, сказаць цяжка. Магчыма пасля выступу Пуціна праз некалькі тыдняў беларускае войска пачне наступленне разам з расійскім, і тады ў залежнасці ад хуткасці і колькасці страт пачнецца мабілізацыя.

Цалкам магчыма, што зараз Лукашэнка знаходзіцца ў VIP-палоне. Мы бачым па фота з Абхазіі, што побач з ім Шэйман, а звычайнага журналісцкага пула няма. Мы не ведаем, якая ў яго зараз ахова — беларуская ці якая іншая.

Фота: facebook.com

«Своеасабліва на апублікаваных фота выглядае Шэйман. Ён сядзіць з такім тварам, нібыта чакае на гэтых перамовах кулю, ці нешта падобнае». Усё гэта не выключана. Але мы добра ведаем талент Лукашэнкі выкручвацца. Верагоднасць таго, што ўсе гэтыя гульні скончацца для Пуціна дрэнна, вельмі вялікая, і Лукашэнка не хоча залазіць разам з ім у гэтую паразу».

Зміцер Шчыгельскі не выключае, што калі ў Лукашэнкі атрымаецца неяк выкруціцца,  то ў яго пэўны  шанец застаецца. Бракуе інфармацыі зараз, каб сказаць нешта больш канкрэтнае. Але відавочна, што ў выпадку ўдзелу беларускага войска ў нападзе на Украіну, альбо гэта будзе канец Лукашэнкі і Пуціна, альбо, ў выпадку перамогі над Украінай, Беларусь разам з Расіяй ператвараюцца ў Паўночную Карэю. Другі сцэнар наймеш верагодны.  

 У выпадку ўдзелу Беларусі ў нападзе рашэнне аб адказе з боку Украіны, па меркаванні Шчыгельскага, будзе прымаць асабіста Зяленскі. Заявы старшыні СНБУ Данілава аб жорсткім адказе — гэта словы вайсковага чалавека. Але трэба ўлічваць  палітычны аспект. На думку Шчыгельскага, Зяленскаму вельмі важна захаваць перад усім светам статус Украіны як  дзяржавы, якая абараняе сваю тэрыторыю і не здзяйсняе нападаў на іншыя краіны. А ўжыванне зброі на тэрыторыі іншай краіны — пытанне палітычнае. І тут паміж вайсковай і палітычнай логікай паўстае супярэчнасць.

 У выпадку баявых жа дзеянняў Беларусь панясе страты ў інфраструктуры, але самае страшнае — гэта чалавечыя страты. Украінская армія ваюе больш за восем гадоў. Яна добра падрыхтаваная, мае сучасную зброю і, што важна, яна моцна матываваная.

  Яшчэ адным наступствам у выпадку ўдзелу Беларусі ў нападзе на Украіну можа стаць паўтарэнне гістарычнага перыяду 1917 года. Калі ўзгадаць той час, то ў 1914 годзе Расія радавалася, калі ўступала ў Першую сусветную вайну. І добраахвотнікаў хапала, і мабілізацыю праводзілі. А ў 1918 годзе гэта скончылася тым, што Мікалая ІІ разам з усёй сям’ёй расстралялі. Такі ж лёс, альбо лёс Гітлера і Мусаліні, можа чакаць і Пуціна з Лукашэнкам.

Беларускай прапагандзе, якая цалкам падтрымлівае Пуціна і пашырае карысныя Крамлю наратывы, будзе няпроста патлумачыць беларусам удзел краіны ў вайне, лічыць Зміцер Шчыгельскі. Па-першае, згодна з апошнімі апытаннямі, тых, хто падтрымлівае Пуціна, сярод грамадзян Беларусі няшмат, іх дакладна не большасць.    

 Па-другое, калі спатрэбіцца апранаць берцы і, можа з бронікам, а можа і без,  ісці на рэальную вайну, калі адтуль пойдуць пахавальныя лісты і труны, патлумачыць сэнс падзей будзе крайне цяжка. У гэты момант можа з’явіцца той самы гістарычны шанец зрынуць рэжым.

 «Калі Лукашэнка ў гэта ўпішацца, то верагоднасць таго, што ён падпіша сабе смяротнае пакаранне, вельмі высокая».

Гэта можа адбыцца праз рэвалюцыю. І тут вельмі важны момант, дзе і кім будзе вырашацца пытанне па Беларусі. Шчыгельскі лічыць, што яго будуць вырашаць у Кіеве пры саўдзеле Пекіна, Вашынгтона, Анкары і ЕС.

І вельмі важна зараз працаваць у тым накірунку, каб пытанне па беларусах вырашалася з удзелам беларусаў, а не так, як гэта рабілася раней  — без нас.  Таму Аб’яднанаму Пераходнаму Кабінету разам са Святланай Ціханоўскай трэба працаваць над наладжваннем стасункаў і з той жа Анкарой, і з Кіевам, каб мець там сталае прадстаўніцтва. І гэтае прадстаўніцтва ў Кіеве павінна працаваць не толькі з палітыкамі, але і з грамадствам, і з медыямі, таму што калі ў гэтым накірунку не будуць дзейнічаць  прадстаўнікі нацыянальна-арыентаванай апазіцыі, то будуць дамаўляцца з іншымі, напрыклад, з кімсьці з лукашэнкаўскай наменклатуры.

Comments are closed.