Руслан Кулевіч працуе журналістам ужо 10 гадоў. Прафесію ён абраў пасля службы ў войску, дзе служыў у спецназе, шмат бегаў і нарэшце зразумеў, што можа хутка знаходзіць тое, што патрэбна. Працаваў у Гродна.Лайф ад вытокаў выдання, выдаў дзве кнігі.
Да 2020 года ў журналіста не было праблем з сілавікамі, ён стараўся трымаць добрыя адносіны з гарадскімі ўладамі. Калі ў жніўні 2020-га пачаліся пратэсты, Кулевіч сумленна працаваў, асвятляючы падзеі. 11 жніўня яго затрымалі разам з жонкай у краме, збілі, вывезлі ў ізалятар, дзе трымалі 3 дні, пагражаючы крымінальнай справай. Калі Руслан выйшаў з ізалятара і пайшоў здымаць пабоі, аказалася, што ў яго зламаныя абедзве рукі. Тым часам дзяржаўныя прапагандысты пачалі паказваць журналіста па ўсіх каналах, кпілі з яго, абражалі і казалі, што гісторыю са зламанымі рукамі ён прыдумаў дзеля хайпа.
«Не ў той час я гэтыя гіпсы атрымаў. У тыя часы ў Гродне на вуліцы тварылася гісторыя, і для журналіста асвятляць гэтыя падзеі — гэта было справай жыцця.»
Праз месяц Руслан з жонкай выехаў у Латвію, бо пачуў звесткі, што яго шукаюць. Там Кулевіч пачаў пісаць артыкулы пра Гродна. Спачатку яму было цяжка сказаць сваім чытачам, што ён з’ехаў, але калі журналіст прызнаўся, што знаходзіцца за мяжой, чытачы гэта зразумелі і падтрымалі.
Вясной 2021 года Руслан пераехаў у Беласток, дзе і застаецца зараз. На пачатку 2022 Кулевіч зразумеў, што мае патрэбу вярнуцца ў журналістыку і пісаць тэксты. Так ён зрабіў праект MOST.media, да якога далучыліся журналісты з розных рэгіёнаў. Зараз апроч журналісцкай справы Руслан Кулевіч працуе над новай кнігай.
Поўную гісторыю Руслана Кулевіча слухайце ў падкасце «Я журналіст, навошта вы мяне б’яце?».
Comments are closed.