Loading

Уначы з 5 на 6 чэрвеня на рацэ Дняпро ў раёне захопленага расійцамі горада Новая Кахоўка адбыўся прарыў дамбы на Кахоўскай гідраэлектрастанцыі. Мільёны тон вады некантралявана пачалі выцякаць з аднаго з найбуйнейшых ва Украіне Кахоўскага вадасховішча. У зоне затаплення апынуліся каля 80 населеных пунктаў, у тым ліку вызвалены ў лістападзе ад расійцаў абласны цэнтр Херсон. Пра тое, што адбываецца ў Херсоне і ягоным наваколлі нам распавяла жыхарка Херсона, журналістка «Украінскага радыё» Маргарыта Лазнык.

— Зараз машынны цэх Кахоўскай ГЭС цалкам пад вадою. Людзі яшчэ з паловы на сёмую раніцы пачалі самастойна эвакуявацца, як з сёлаў, так і з часткі Херсону, якая пад пагрозай затаплення. Магу сказаць, што вада і зранку і зараз прыбывала не імкліва, дастаткова павольна. Таму час сабрацца ў людзей быў.

Зараз пад пагрозай затаплення ў нас 80 населеных пунктаў Херсонскай вобласці. Падтапліваецца прыбярэжная зона. Крайне крытычная сітуацыя зараз за левабярэжжы – там на выспах у рэчышчы ракі Дняпро. Гэта лецішчы. На лецішчах засталіся заблакаванымі людзі.

Узровень вады ў Кахоўскм вадасховішчы зараз зніжаецца і ўпаў амаль на 1,5 метры. У раку Дняпро праз затапленне машыннага цэху Кахоўскай ГЭС трапіла не менш за 150 тон машыннага алею і можа трапіць яшчэ больш за 300 тон. Пакуль што дэтальнай інфармацыі з гэтай нагоды ў нас няма.

На вызваленай частцы правябарэжжа вобласці ўзровень вады дасягнуў ужо амаль 2 метраў. Працягваецца эвакуацыя. На Херсоншчыне ўжо эвакуявана каля 1000 асобаў. Зараз задзейнічана для эвакуацыі цывільных каля 250 адзінак рознай тэхнікі.

Магу сказаць, што вада прыбывае і ў самым Херсоне. Падтоплены мікрараён Карабэл – гэта мікрараён, які мы называем «Остраў», які стала знаходзіўся пад абстрэламі акупантаў з левага берага. А цяпер ён яшчэ і затоплены. Дзеля бяспекі жыхароў там зараз адключылі электраэнергію ды спынілі газазабеспячэнне. Вядзецца эвакуацыя людзей з гэтага мікрараёну.

Жыхары правабярэжнай часткі Херсоншчыны таксама паведамляюць, што падтапіла ваколіцы сяла Дар’еўка. Падтапіла вадой з ракі Інгулец. І падтапленне назіраецца амаль ва ўсіх населеных пунктах, якія знаходзяцца паўз раку Дняпро.

У Новай Кахоўцы – гэта акупаваны левы бераг, працягвае таксама прыбываць дняпроўская вада. Ужо падтопленыя там летні кінатэатр, палац культуры, вада дайшла да праспекту Дняпроўскага – гэта цэнтр гораду. І зараз сувязі з мясцовымі няма. Імаверна, нешта з сігналам ці з інтэрнэтам. Таму што зранку яшчэ камунікаваць з жыхарам Новай Кахоўкі было магчыма.

Шэраг выспаў, якія знаходзяцца ў дэльце Дняпра ўжо цалкам затопленыя. Людзі, якія там засталіся, проста ратуюцца на дахах дамоў, на дрэвах.

Паводле словаў кіраўніка абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандра Пракудзіна, у кожнай грамадзе Херсоншчыны стваралі штаб эвакуацыі насельніцтва. І менавіта ў Херсоне створаныя тры цэнтры дапамогі жыхарам горада.

Эвакуацыя адбываецца аўтобусам. Можна выехаць у суседні Мікалаеў, можна выехаць у суседнюю Адэсу. Таксама працуе эвакуацыйны цягнік. Магу сказаць, што прымусовай эвакуацыі не прадбачыцца. Людзі і на ўласным транспарце пакідаюць Херсон, і карыстаюцца эвакуацыйнымі аўтобусамі і цягніком.

Што тычыцца падняцця ўзроўню вады, то ў Херсоне ён зараз ужо дясягае каля двух метраў. І максімальна ён можа падняцца да трох метраў. Чакаецца, што праз 24 гадзіны гэта будзе крытычны ўзровень узняцця вады, пасля чаго пачне паступова вада спадаць. Прыблізна праз тыдзень недзе вада будзе ўжо спадаць. Пры гэтым, зараз застаецца вялікай пагроза, што дамба Кахоўскай ГЭС будзе разбурацца далей. А гэта ўжо можа зрабіцца прычынай таго, што вада можа ўзняцца да 6 метраў. На жаль, зараз мы не можам кантраляваць гэты працэс, таму што дамба знаходзіцца на акупаваным левабярэжжы.

Яшчэ магу дадаць, што цяпер падтопленыя ў нас Мікалаеўка, Ольгаўка, Львова, Цягінка, Паняціўка, Іваніўка, Такарыўка, Прыдняпроўскае – гэта сёлы на правым беразе Дняпра. У Херсоне гэта вуліцы, якія бліжэй да ракі знаходзяца, і мікрараён Карабэл – наш «Остраў».

На левым беразе затапіла зараз Новую Кахоўку, Дняпраны, Алешкі, населеныя пункты ў раёне Алешак, Кардашоўка, Каханы, Голая Прыстань, Рыбальчэ.

Яшчэ хачу дадаць, што праз тое, што ёсць прарыў Кахоўскай ГЭС, пачаў зніжацца ўзровень вады ў Запарожжы. І зніжаецца вада ў Кахоўскім вадасховішчы, што ёсць дадатковай пагрозай для часова акупаванай Запарожскай АЭС. Вада з Кахоўскага вадасховіча неабходная там для таго, каб гэтая станцыя атрымлівала падсілкаванне для кандэнсатараў гэтых турбін і сістэмаў бяспекі атамнай электрастанцыі. Зараз стацыянарная сажалка ахалодвальніка поўная. Там пакуль усё добра, але сітуацыя таксама непрагназаваная. На гэты час украінскі персанал, усё ж, маніторыць усе паказнікі на АЭС.

Не звяртаючы ўвагі на такую сітуацыю ў горадзе, акупанты з левага берага працягваюць абстрэльваць Херсон. Проста цэлы аўторак абстрэлы не спыняліся. Магу сказаць, што сітуацыя ў Херсоне складаная, але людзі захоўваюць спакой, ніхто не нервуецца, ніхто не сварыцца, усе спакойна збіраюцца, калі маюць жаданне выехаць – бяруць рэчы, сядаюць у аўтобусы, выязджаюць. Усё вельмі спакойна ў гэтым плане. Панікі такой няма, што вада ўзнімаецца.

І людзі нават прыходзяць у нас да берага ракі і здымаюць відэа, як што адбываецца, распавядаюць пра гэта ў сацсетках і сваім блізкім таксама дасылаюць усе гэтыя паведамленні, што адбываецца ў Херсоне.
Але рэальная праблема таго, што працягваюцца абстрэлы. Людзі намагаюцца выехаць, выязджаюць, знаходзяцца на вуліцы і проста працягваюцца мінамётныя абстрэлы. Гэта зараз большая небяспека, чым вада.

Цалкам размову з Маргарытай Лазнык слухайце ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.