Loading

Пару дзясяткаў чалавек прыйшлі на прэзентацыю беларускага пераклада кнігі «Зэкамерон» Максіма Знака ў рэдакцыю Радыё «Рацыя» у Беластоку. Сюрпрызам для іх стала прадстаўленне і другой кнігі – «Культура і супраціў» – пра іншадумства і самвыдат у апошнія дзесяцігоддзі Савецкай Беларусі.

Пра кнігу «Зэкамерон», якую палітычны вязень, былы сябра камандаў Віктара Бабарыкі і Святланы Ціханоўскай падчас электаральнай кампаніі 2020 года Максім Знак напісаў ужо ў СІЗА, вядома з мінулага года. Яна змяшчае сотню асобных расповядаў пра жыццё ў зняволенні. З вядомай кнігай Джавані Бакача «Дэкамерон» яе яднае гумар, іронія, самаіронія і сарказм, без якіх, напэўна, немагчыма выжыць ва ўмовах несвабоды і суму. Напісаную па-руску і выдадзеную ў Расіі, цяпер кнігу прадаюць расійскія інтэрнэт-магазіны, выданне прэзентуюць у розных краінах. Больш за тое, ужо ёсць пераклад на ангельскую мову, які, дарэчы, атрымаў узнагароду PEN Translates англійскага ПЭН-клуба. У сваю чаргу сам аўтар хацеў, каб кніга мела і беларускую версію. Менавіта гэта ўдалося ажыццявіць летась у межах заснаванай Праваабарончым цэнтрам «Вясна» серыі «Беларуская турэмная літаратура». Наклад кнігі невялікі – 800 асобнікаў, і распаўсюджваецца яна бясплатна.

Як адзначыла, прадстаўляючы «Зэкамерон», яго рэдактарка, праваабронца Алена Лапцёнак, гэтая кніга дзясятая ў серыі, прычым пяцёра з аўтараў ранейшых выданняў, якія пісалі пра турэмны побыт, зноў знаходзяцца за кратамі, і зноў жа па палітычных матывах. Чаму людзі ў зняволенні звяртаюцца да эпісталярнага жанру? Што робіць іх ва ўмовах несвабоды літаратарамі? На гэта словамі сённяшніх палітвязняў адказала рэдактарка. «Які вынік яны чакалі? Вынік у самарэалізацыі, таму што, застаючыся там, чалавек праз паперу можа размаўляць сам з сабою, запісваючы свае думкі».

Алена Лапцёнак

Паводле Алены Лапцёнак, раней беларускі «Зэкамерон» прэзентаваўся ў сярэдзіне мінулага месяца ў Варшаве, кнігі амаль усе раздадзеныя і наўрад ці варта чакаць яшчэ адной прэзентацыі. У той жа час, магчыма, яна будзе размешчана ў інтэрнэт-бібліятэцы «Камунікат», калі родныя Максіма Знака дадуць на гэта дазвол.

Калі чытаеш гэтую кнігу, то перажываеш цэлую гаму пачуццяў, адзначыў вядучы сустрэчы, праваабаронца і журналіст Радыё «Рацыя» Уладзімір Хільмановіч, які ўпэўнены ў жыццясцвярджальным характары твораў Знака. У сваю чаргу гродзенскі актор Васіль Калач, які прачытаў прысутным некалькі кароткіх аповядаў з «Зэкамерона», адзначыў яе цалкавітае разуменне для сябе, як брата палітзняволенага.

Уладзімір Хільмановіч
Васіль Калач

Менавіта палітычны чыннік ёсць галоўным, што лучыць «Зэкамерон» з «Культурай і супрацівам». Акрамя гэтага, абедзьве кнігі былі выдадзены летась у Беластоку. «Культура і супраціў», якую ўпершыную прэзентавалі на мінулагоднім Кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў Коўна, таксама ёсць перакладам аднайменнай англамоўнай дысертацыі даследчыцы Таццяны Астроўскай. Праца была напісана ў Берліне, а да беларускай яе версіі зноў жа спрычыніўся Праваабарончы цэнтр «Вясна». У ёй распавядаецца не толькі пра іншадумства і вальнадумства інтэлегенцыі, але таксама пра самвыдат і выданыя беларускай эміграцыяй кнігі, якія, як сказаў галоўны рэдактар радыё «Рацыя» Яўген Вапа, далі зразумець у прыватнасці яму, што мы ёсць беларусы.

Яўген Вапа

Кніга «Культура і супраціў» ужо змешчана ў pdf-фармаце ў інтэрнэт-бібліятэцы «Камунікат» і з ёй можа азнаёміцца кожны жадаючы.

На тое, што абедзьве кнігі былі напісаныя не па-беларуску звярнуў асаблівую ўвагу перакладчык Алег Жлутка, які іх і пераклаў. «Дзякуючы таму, што яны былі напісаныя на іншых мовах, яны з’яўляюцца часткай іншых культурных прастор. Пераклад дапамог іх нейкім чынам вярнуць у беларускую культурную прастору», – падкрэсліў, у прыватнасці, перакладчык.

Вяртаючыся да кнігі «Зэкамерон», а асабліва да яе аўтара Максіма Знака, у гэтыя цяжкія для многіх беларусаў часы варта прыгадаць яго вершаваныя словы, якія паклаў на музыку Уладзімір Хільмановіч.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.