Клубу Spadčyna усяго тры месяцы, але ў ім ужо займаецца больш за 60 дзяцей і падлеткаў ад 8 да 16 гадоў. Спачатку яны збіраліся, каб правесці час за настольнымі гульнямі. Пасля высветлілася, што дзеці хацелі б вучыць беларускую мову і гісторыю. Пакрысе ў «Спадчыне» сталі з’яўляцца дыскусійныя клубы, тэатральныя заняткі, беларускамоўныя кінапрагляды і чытанкі любімых кніг, па матывах якіх яны нават ездзяць у падарожжы.
На валанцёрскіх пачатках клуб заснавалі дзве беларускі – педагог Настасся Сасыкбаева і футбалістка Дар’я Белановіч.
«Ва Уроцлаве ёсць супольнасць для дарослых, а для дзяцей і падлеткаў нічога няма», – распавядаюць дзяўчаты пра тое, як пачыналася SPADČYNA.
«Нашыя дзеці вельмі траўмаваныя. Я таксама тут пасля 2020 года з сынам-падлеткам. Калі зʼявілася супольнасць, мой дзіцёнак быццам бы ажыў. Не так проста заводзіць новых сяброў, далёка не ва ўсіх пераезды былі лёгкімі. Дзеці часта адчуваюць сябе за мяжой самотнымі. А ў нашым клубе яны ў бяспечнай атмасферы», – распавядае Настасся.
«Наш самы галоўны гонар – гэта тое, што дзеці паміж сабой маюць кантакт, – дадае Дарʼя. – У нас ёсць свой закрыты чат у тэлеграм-канале, і адзін з самых папулярных яго раздзелаў – гэта «робім дамашку разам». Старэйшыя часта дапамагаюць малодшым. Ёсць, да прыкладу, некалькі чалавек, якія малююць коміксы. І яны пастаянна на кухні нашай штосьці робяць, абмяркоўваюць. За гэтым вельмі прыемна назіраць».
Заняткі ў клубе адбываюцца галоўным чынам па суботах. Ёсць дзве ўзроставыя групы – ад 8 да 12 гадоў і ад 12 да 16. Цягам шасці гадзін дзеці ходзяць на заняткі і майстар-класы, сустракаюцца з цікавымі людзьмі і ўдзельнічаюць у дыскусіях. Напрыклад, на адной з сустрэч у падлеткаў былі дэбаты на тэму, як павінна выглядаць адукацыя ў дэмакратычнай краіне, а для малодшай групы ёсць, напрыклад, заняткі «не нуднай» гісторыі.
Бавяць у «Спадчыне» час і за настольнымі гульнямі. Гэта могуць быць папулярныя «Уно» або «Мафія». Але Настасся падкрэслівае, што заўсёды ёсць гульні на развіццё і веданне беларускай мовы. Дарэчы, у «Спадчыне» усе сустрэчы адбываюцца толькі па-беларуску.
«Гэта самае галоўнае, што трэба даць нашым дзецям за мяжой. Вельмі востра паўстае на чужыне пытанне нацыянальнай ідэнтычнасці. Асабліва пасля вайны вельмі важна стала дэманстраваць, што ты беларус. А як? Найперш праз мову. У нас моўная праблема цягнецца з Беларусі. На мове амаль ніхто не размаўляе, але тут мы маем магчымасць і жаданне зберагаць нашую традыцыю».
Заняткі ў клубе бясплатныя. З сабой дзеці прыносяць штосьці да кавы і гарбаты, якую напачатку куплялі Настасся з Дарʼяй, але цяпер ім дапамагаюць і бацькі падлеткаў. Матэрыялы да заняткаў пакуль што таксама закупаюцца за ўласныя грошы. Стваральніцы клуба кажуць, што замалое для іх ужо і памяшканне, у якім яны збіраюцца. Але не так даўно «Спадчыну» падтрымала каманда Цімафея Акудовіча і ў клуба цяпер ёсць «Магістрат», што азначае гарантаванае фінансаванне на акрэслены тэрмін.
«Адно з нашых апошніх нашых дасягненняў і цяпер нас можна падтрымаць mahistrat.byculture.org. Было б цудоўна, бо з павелічэннем колькасці дзяцей павялічваюцца і выдаткі, якія мы самастойна папросту не выцягнем».
На лета ў Настасся і Дарʼі плануецца з дзецьмі паход у горы. Ёсць думкі часцей выбірацца на прыроду з намётамі, рабіць велапрабегі, можна ездзіць на мора і выязджаць разам у іншыя краіны. Не так даўно, дарэчы, удзельнікі клуба ездзілі на экскурсію ў Берлін.
«Мы чыталі і абмяркоўвалі кнігу «Да сустрэчы на захадзе». Гэта гісторыя падлеткаў, якія апынуліся па розныя бакі Берліна і шлі насустрач адно аднаму. І мы ездзілі шляхамі герояў. Гэта экскурсія таксама адбылася таму, што ў дзяцей зʼявіўся запыт. Мы заўсёды на яго рэагуем. Нашая супольнасць вельмі адкрытая. І мы стараемся прыслухоўвацца да дзяцей».
Поўную размову са стваральніцамі клуба Spadčyna слухайце ў плэеры ніжэй:
Comments are closed.