Loading

У беларускім моладзевым хабе ў Варшаве прайшла Адкрытая дыскусія «Беларускія студэнты ў Польшчы. Праграма Каліноўскага: аналіз праграмы, прапановы змен».

Падчас дыскусіі прайшла закрытая прэзентацыя даследавання незалежнага Саюза студэнтаў Польшчы па стыпендыях, каб выявіць праблемныя месцы стыпендыяльных праграм – у тым ліку Праграмы Каліноўскага.

Асноўныя праблемы, з якімі сутыкаюцца студэнты, па словах суарганізатаркі мерапрыемства Ганны Канеўскай, гэта збор дакументаў, неабходных для паступлення на стыпендыяльную праграму.

«Калі мы кажам менавіта пра праграму Каліноўскага – гэта спецыфічная праграма, таму што яна скіравана на пацярпелых студэнтаў. Вядома, пацярпелыя студэнты не рыхтаваліся да таго, што яны будуць вучыцца ў Польшчы. Таму ўсе фармальныя справы выклікаюць найбольш цяжкасцяў менавіта ў гэтай групы студэнтаў».

Таксама, аўтары даследавання называюць і праблему транспарэнтнасці прыняцця рашэння камісіяй з польскага боку. Пры гэтым яны адзначаюць, што гэта праблема больш бюракратычнага кшталту, чым палітычнага.

Нярэдка ўжо ў працэсе навучання ўзнікаюць пытанні фінансавыя. Як адзначае аналітык дадзеных у задзіночанні беларускіх студэнтаў, Ілля, прынцыпова гэтыя праблемы такія ж, як і ў польскіх студэнтаў, але магчымасцяў для іх рашэння ў беларусаў менш.

«Большасць беларускіх студэнтаў у Польшчы зараз, напрыклад, не атрымліваюць грошы ад бацькоў. А калі і атрымліваюць, то ў меншым памеры, бо беларусы банальна бяднейшыя. Студэнцкая беднасць – гэта праблема па ўсёй Еўропе. Але, у сярэднім, беларускі студэнт у Польшчы ў больш уразлівым становішчы, хаця, праблемы прыкладна тыя ж».

Па словах Іллі, праца па збору інфармацыі дапамагае вырашаць некаторыя праблемы, з якімі сутыкаюцца беларускія студэнты.

«Гэта і прычына – легітымізаваць (патрабаванні) гэтым даследаваннем, тым, што былі сістэматычна выяўлены некаторыя патрэбы. І ўжо можна было б ісці да польскіх бюракратаў і ім паказваць, што ёсць аб’ектыўныя даныя, што праблемы існуюць. Калі ласка, вырашайце».

У сваю чаргу, Ганна Канеўская дадае, што польскія чыноўнікі, якія займаюцца справамі беларускіх абітурыентаў, рэальна прыслухоўваюцца да вынікаў падобных даследаванняў.

«Калі мы кажам, нас чуюць. Нават стыпендыяльныя праграмы гатовыя ісці насустрач і з большым разуменнем ставяцца да нейкіх праблем, звязаных з фармальнасцямі».

Поўную версію рэпартажу слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.