358 total views
У падкасце «Спадчына» слухаем гісторыю стварэння ўнікальнага альбома «Бяседныя песні». Аўтэнтычныя запісы, клапатліва сабраныя ва ўсіх кутках Беларусі, выйшлі ў 2019 годзе ў межах серыі «Традыцыя». Адзін з бонус-трэкаў – застольная песня ў выкананні маці народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна – Акуліны.
«Бяседныя песні – гэта вельмі шырокае паняцце, – тлумачыць укладальніца выдання Яніна Грыневіч. – Прымеркаваныя да пэўных святаў. Напрыклад, на Хрэсьбіны, калі за сталом збіраліся сваякі, віншавалі з нараджэннем дзіцяці, а пасля спявалі застольныя песні. Тое самае на вяселлі. Ёсць песні, прымеркаваныя да Дажынак і Талакі. А ёсць творы, якія выконваюцца ў любы час, яны на розныя жыццёвыя тэмы – пра жаночую долю, узаемаадносіны са свякроўю, жыццё ў сям’і мужа. Гэта вельмі шырокае тэматычнае кола».
Застольныя, гасцявыя, п’яніцкія, карчомныя, банкетовыя, пірушачныя і кірмашовыя песні: іх шукалі ў музычных архівах, а пасля ашчадна адлічбоўвалі. Пераважна гэта экспедыцыйныя запісы сярэдзіны мінулага стагоддзя. Але ёсць на альбоме і песня, якую аўтар праекта Сяржук Доўгушаў запісаў у 2015-ым у адной беларускай вёсцы.
Гэтую песню нам заспявала бабуля на развітанне. Мне вельмі спадабаўся прыпеў: «За Ліцвіна выйду замуж, яго мову перайму». Мы запыталіся, а хто такія ліцвіны.
– Вонь там, за ракой, зверху, – кажа.
– А вы тут хто?
– А мы багнюкі!
Традыцыя бяседных песень у Беларусі яшчэ не страчаная. Выданне, аздобленае прыгожымі архіўнымі фотаздымкамі, сталася спробай вярнуць нашу спадчыну ва ўжытак. Усе кампазыцыі кнігі-CD «Бяседныя песьні» выдадзены ўпершыню. На музычныя адкрыцці натхняе Сяржук Доўгушаў:
«Мы хацелі пазнаёміць беларусаў з іх бяседнымі песнямі, вельмі яскрава прадставілі на альбоме самыя розныя рэгіны Беларусі. Нават уключылі інструментальныя творы – найгрышы на кларнеце і гармоніку. Усё, што звязана з гэтай прыгожай традыцыяй».
Comments are closed.