Тыдзень асветніцкіх дзеянняў за роўнасць і інклюзію ініцыюе праваабарончая арганізацыя Human Constanta. Да яго далучаецца яшчэ шэраг арганізацыяў. Што гэта за мерапрыемства і якія івэнты плануецца зладзіць цягам найбліжэйшых двух тыдняў распавёў адзін з сузаснавальнікаў Human Constanta і галоўных арганізатараў тыдня Валдзіс Фугаш.
Прыйшоў лістапад і гэта азначае, што Human Constanta зноў ініцыюе Тыдзень за роўнасць і інклюзію – тыдзень асветніцкіх дзеянняў, якія мы звычайна ладзім па вясне і восенню – у сакавіку і ў лістападзе. І мы запрашаем далучацца да падзеяў і да самаго тыдня, каб нашыя галасы гучалі мацней.
У гэтым годзе асобны фокус тыдня – на тэме людзей у міграцыі і супольнасцях. Тэма міграцыі не гучала ў публічнай прасторы Беларусі да лета 2020 года. Аднак, з таго часу дзясяткі, сотні тысяч і нават мільёны людзей у нашым рэгіёне спазналі вымушаную міграцыю праз масавы тэрор у Беларусі, эскалацыю вайны ва Украіне і эксплуатацыю. І тут мы маем на ўвазе сітуацыю гуманітарнага крызісу, які быў штучна створаны дэ-факту ўладамі ў Беларусі.
Шматлікія людзі прайшлі нават двайное і трайное перамяшчэнне за гэтыя два гады. І мы перакананыя, што ўсё гэта патрабуе ўвагі, абмеркавання і салідарнасці.
Якім чынам можна даведацца інфармацыю пра дзе, калі і што будзе адбывацца?
Самы проста спосаб даведацца на тое, што і дзе будзе адбывацца – гэта падпісацца на Інстаграм-акаунты Human Constanta і кампаніі Розныя-роўныя. Там можна ўбачыць інфармацыю пра ўсе запланаваныя мерапрыемствы і падзеі.
Якія мерапрыемствы, якія падзеі ды івэнты мяркуецца правесці падчас вось гэтых двух тыдняў?
Першы івэнт – гэта анлайн-сустрэча гуртка па дэкаланіяльнасці. 10 лістапада, чацвер, 18.00 па Менску на 2 гадзіны. На гэты раз фокус сустрэчы – гэта пытанне крос-культур і памежных культурных ідэнтычнасцяў. Што такое памежная культура і ідэнтычнасць, як выбудаваць сваю ідэнтычнасць ва ўмовах каланізацыі і гвалту.
11 лістапада мы правядзем прамы эфір у Інстаграме – Розныя-роўныя і Human Constanta, дзе адбудзецца прэзентацыі праекта па досведу вымушанага перамяшчэння людзей, міграцыі людзей з Беларусі і асобным фокусам будзе тое, што шматлікія з нас спазналі гэта двойчы, тройчы і нават больш за апошнія два гады.
Мабыць, нехта памятае, як у 2020 годзе мы праводзілі адкрытыя трэніроўкі «Футбол для ўсіх»? Гэта было цудоўна! Дык вось – мы вельмі стараемся арганізаваць такую ж трэніроўку ў Варшаве. 16 ці 17 лістапада мы будзем радыя бачыць усіх, незалежна ад паходжання, узросту, узроўню разумення і ўмення гуляць у футбол.
16 лістапада ў Вільні арганіазацыя Іншыя запрашае на сацыяльную гульню «Іншы погляд». І падчас гэтай гульні ў вас будзе магчымасць адчуць сябе ў ролі іншага чалавека, адчуць яго, яе, іх праблемы, думаць як ён, яна ці яны і адчуваць такія ж эмоцыі.
Таксама я ведаю, што падрыхтаваны выпуск падкаста «Шоў Х’юмана» пра тое, як мы карыстаемся мовай і пры чым тут інклюзіўнасць і недыскрымінацыя. Некалькі публікацыяў чакаюць свайго часу, каб распавесці свету пра цікавыя аспекты мовы варожасці і міграцыю, спорт і роўнасць у спорце і праз спорт. Таксама нашы партнёрскія арганізацыі і ініцыятывы рыхтуюць яшчэ некалькі івэнтаў. І там жа – у акаунтах і сторыз можна будзе ўбачыць інфармацыю пра іх. Сачыце за навінамі!
Comments are closed.