14 лістапада прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па транзіце ўлады Павел Латушка прызначыў двух намеснікаў – Арцёма Праскаловіча і Юрыя Губарэвіча. У эфіры «Світанку свабоды» старшыня руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч пракаментаваў сваё прызначэнне.
Гэта пасада намесніка кіраўніка Кабінета, адказнага за пераходны перыяд, трансфармацыю ад дыктатуры да дэмакратычнай Беларусі. За гэта ў Аб’яднаным пераходным кабінеце адказны Павел Латушка.
Сфера адказнасці Юрыя Губарэвіча скіраваная на падрыхтоўку кадравага рэзерву для новай Беларусі. Тут маецца на ўвазе вялікая колькасць кіраўнікоў, чыноўнікаў, адміністратараў як на вышэйшым, так і на мясцовым узроўнях.
Сюды ўваходзяць службы, якія адказваюць за жыццезабеспячэнне камунальныя паслугі, медыцыну, адукацыю і г.д. У кожнай сферы ёсць адпаведнае міністэрства.
Кіраўнікі, якія зараз працуюць у дзяржаўнай сістэме, задзейнічаны і ў яе супрацьзаконнай дзейнасці – рэпрэсіях супраць беларусаў. Большасць з іх знаходзяцца на сваіх пасадах не дзякуючы прафесіяналізму, а праз высокі ўзровень лаяльнасці да рэжыму.
Тым не менш, калі мы гаворым пра неабходнасць змены кіраўнікоў сістэмы, гаворка не ідзе пра татальную замену ўсіх. Бо вялікая колькасць людзей ажыццяўляюць працу, не звязаную з рэпрэсіямі і пераследам іншадумцаў.
Такія людзі могуць захаваць свае пасады, калі пацвердзяць свой прафесіяналізм. Мы будзем прымяняць цвярозы выбарачны падыход да кожнага чалавека, які сёння застаецца яшчэ ў сістэме.
Пошук кваліфікаваных кадраў і ў спрыяльных умовах задача не з лёгкіх. Як вы плануеце яе вырашаць на адлегласці?
Літаральна ў бліжэйшыя дні з’явіцца платформа, якая дапаможа збіраць заяўкі на стварэнне базы кадравага рэзерву. Наступным этапам будзе камунікацыя з людзьмі, якія выказалі жаданне. Тое, што нам даводзіцца гэта рабіць па-за межамі Беларусі, спрыяе гарантаванню добрай сістэмы бяспекі.
Патэнцыйнымі ўдзельнікамі мы бачым таксама і беларусаў, якія ў вялікай колькасці з’ехалі з краіны падчас пратэстаў і рэпрэсій. Гэты досвед спатрэбіцца і па іх вяртанні ў Беларусь. Я перакананы: чым хутчэй у Беларусі адбудуцца перамены, тым большая колькасць людзей вернецца і будзе запатрабаванай у краіне.
Наша сістэма прадугледжвае адукацыйныя магчымасці для павышэння свайго прафесійнага ўзроўню. Што тычыцца дзеючых чыноўнікаў з Беларусі, калі яны не прымалі ўдзел у рэпрэсіях, дзверы для ніх адчыненыя.
Якім чынам будзе праводзіцца праверка ахвочых на дачыненне іх да рэпрэсій?
Больш падрабязны адказ на гэта пытанне мы дадзім пад час прэзентацыі платформы. Але верыфікацыя прадугледжана. Для нас важна, каб тыя рэсурсы, што будуць укладзены ў адукацыю і перакваліфікацыю людзей, не былі выдаткаваныя дарма.
Да нашых адукацыйных курсаў можа далучыцца любы жадаючы. Калі гаворка ідзе пра стажыроўкі, якія прадугледжваюць візіты ў еўрапейскія муніцыпалітэты, то на яе патрапяць людзі, якія пацвердзілі сваю кваліфікацыю, патэнцыял для росту і жаданне вярнуцца ў Беларусь.
Наколькі вы падрыхтавалі сістэму бяспекі і гатовы, напрыклад, да спроб укаранення шпіёнаў з ГУБАЗіКу і КДБ?
Бяспека ўдзельнікаў – адзін з галоўных пунктаў нашай кампаніі. Напрыклад, база звестак пра ўдзельнікаў будзе захоўвацца асобна ад іх персанальных даных. І нават, калі такая база патрапіць у рукі злачынцаў, яны не знойдуць у ёй нічога апроч уліковых нумароў.
Аператары, якія будуць кантактаваць з удзельнікамі, прапаноўваць ім, напрыклад, адукацыйныя курсы, не будуць ведаць, з кім стасуюцца. І падобных элементаў у нашай сістэме шмат.
На якую колькасць ахвочых вы разлічваеце і колькі кадраў вам патрэбна?
Існуе некалькі ўзроўняў колькасных патрэб. Першы, на які варта звярнуць увагу, гэта Кадравы рэестр прэзідэнта РБ. Зараз гэта каля 900 пазіцый кіраўнікоў, на якія асобы прызначаны ўласна Аляксандрам Лукашэнкам. На ўсе гэтыя пазіцыі давядзецца падабраць новыя кадры.
Калі гаворка ідзе не толькі пра цэнтральны апарат, а і пра іншыя, у тым ліку рэгіянальныя ўзроўні, то тут шмат пазіцый кіраўнікоў і проста спецыялістаў. Далёка не ўсе людзі, якія зараз на іх працуюць замараны ў рэпрэсіях.
Але на пасады, адказныя за забеспячэння жыцця грамадзян, а таксама сілавы блок, падбор персон будзе больш уважлівы, будзе разглядацца кожная кандыдатура.
Ці прадугледжана нейкая амністыя для чыноўнікаў, якія зараз працуюць на рэжым але захочуць далучыцца да структураў новай Беларусі?
Тут усё адназначна: калі чалавек мае дачыненне да супрацьзаконных дзеянняў і злачынстваў, ён панясе адпаведную адказнасць. Калі не мае – яму амністыя не патрэбна.
Як вы плануеце распаўсюджваць інфармацыю аб кадравай кампаніі сярод людзей унутры Беларусі?
Мы выкарыстаем усе магчымасці, каб інфармацыя аб кампаніі максімальна пашырылася ўнутры краіны і паміж беларусамі, якія зараз рассеяны па свеце.
На які тэрмін разлічана кампанія?
Кампанія будзе доўжыцца ад моманту яе запуску да моманту перамен у Беларусі. Мы спадзяемся, што людзі, якія будуць набраныя ў кадравы рэзерв, пачнуць ажыццяўляць свае абавязкі ў хуткім часе. Таму перш за ўсё будзем набіраць людзей на неабходныя 900 пазіцый. Гэта адзін з першых індыкатараў, які пакажа, наколькі хутка ў нас атрымаецца падабраць на іх людзей.
Хто будзе прымаць канчатковае рашэнне, падыходзіць кандыдат на пасаду ці не?
Асаблівасць гэтай кампаніі ў тым, што не істотна, хто менавіта падчас умоўнага моманту Х, калі адбудуцца перамены, будзе займаць тую, ці іншую пасаду. То бок, не важна, з якой палітычнай каманды будзе кандыдат. Галоўнае, каб ён падтрымліваўся кірунку дэмакратычных перамен і меў пранезалежныя погляды.
Але кожнаму такому кіраўніку спатрэбяцца кадры для стабілізацыі сітуацыі ў краіне, бо любыя перамены – гэта патэнцыйная рызыка. Нават, рызыка таго, што ўсё вернецца да старога. Таму новыя кадры – гэта шанец ажыццяўлення рэформаў, бо старыя на гэта не здольныя.
Наша кампанія пазапартыйная. Яна не належыць ніводнай палітычнай сіле. Любы з лідараў новай Беларусі можа па запыце атрымаць сабе спецыялістаў у каманду, каб ажыццяўляць перамены ў краіне.
Comments are closed.