26 і 27 красавіка ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы прайшлі адмысловыя слуханні, прысвечаныя Беларусі. Яны адбываліся на пасяджэннях двух камітэтаў ПАРЕ – Камітэту ў палітычных пытаннях і дэмакратыі і Камітэту ў справах міграцыі, уцекачоў і перамешчаных асобаў. У працы абодвух міжпарламенцкіх пляцовак узяў удзел кіраўнік Руху за Свабоду Юрась Губарэвіч. Пра тое, наколькі еўрапейскія парламентарыі абазнаныя ў сітуацыі ў Беларусі і вакол яе, а таксама ў праблемах беларусаў у замежжы, і якія крокі яны бачаць для развязання гэтых праблемаў мы паразмаўлялі са спадаром Юрасём Губарэвічам.
— Цягам двух дзён я браў удзел у пасяджэннях камітэтаў – палітычнага і па пытаннях мігрантаў. Гэта асноўныя мерапрыемствы, хаця на палях таксама было некалькі сустрэчаў, дастаткова цікавых і важных, я лічу. Тэма палітычнага камітэту была ўсё паседжанне, яно цягнулася гадзіну і было прысвечана Беларусі, той сітуацыі ў якой зараз знаходзіцца наша краіна, якія ёсць пагрозы, выклікі, якія плануюцца дзеянні дэмакратычных сілаў. І таксама была размова пра тое, што сёння робіць рэжым і якім чынам можна ўплываць на змену сітуацыі ў Беларусі.
Адразу на пачатку сустрэчы было падкрэслена, што афіцыйная беларуская дэлегацыя, хаця Беларусь і ніколі не ўваходзіла ў Парламенцкую асамблею Рады Еўропы, але яна магла нейкім чынам раней камунікаваць з гэтым органам, на сёння яна непажаданы госць у гэтых сценах. І адзінае пытанне, якое можна абмяркоўваць з афіцыйным Менскам – гэта вызваленне палітвязняў. Як толькі Менск будзе гатовы гэта абмяркоўваць, то, магчыма, з ім сядуць за адзін стол і ўжо па выніках вырашэння гэтай праблемы могуць прагразавацца нейкія далейшыя крокі.
— Па Вашым адчуванні, наколькі ў дэпутацкім корпусе еўрапейскай парламенцкай асамблеі абазнаныя ў той сітуацыі, якая існуе ў сярэдзіне Беларусі, і той сітуацыі, у якую патрапілі праціўнікі рэжыму Лукашэнкі, якія мусілі праз рэпрэсіі і пераслед пакінуць Беларусь і зараз жывуць у эміграцыі?
— Парламенцкая асамблея Савета Еўропы дастаткова добра абазнаная ў беларускай сітуацыі, найперш таму, што наша краіна па-ранейшаму прыцягвае да сябе ўвагу не толькі падзеямі 20-га года, але і рэпрэсіямі, якія не спыняюцца і апошнім часам проста набіраюць абароты, але і таксама паводзінамі рэжыму Лукашэнкі, які ўвесь час кідае выклікі цывілізаванаму свету. Гэта і суўдзел у нападзе Расіі на Украіну, гэта таксама апошнія заявы пра магчымае размяшчэнне ядзернай зброі. Гэта ўсё прымушае трымаць Беларусь у павестцы дня еўрапейскіх краінаў.
І натуральна, што сёння вельмі шчыльныя кантакты з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі, незалежнага грамадства. Тут размова ідзе не толькі пра офіс Святланы Ціханоўскай, з якім добра знаёмыя чальцы Парламенцкай асамблеі, але і таксама пра недзяржаўны сектар, які атрымаў асобную магчымасць камунікаваць з Саветам Еўропы.
І вось гэтыя мерапрыемствы, у рамках якіх я знаходзіўся, яны якраз-такі былі пляцоўкай для палітычных партый. На сёння шмат хто з іх яшчэ захоўвае рэгістрацыю, аднак гэта пытанне літаральна найбліжэйшых месяцаў, і яно будзе вырашана не на карысць партый, іх пазбавяць рэгістрацыі. Але тым не менш, нягледзячы на тыя змены, якія адбудуцца ў легальным статусе, ПАСЕ дэкларавала сваю гатоўнасць і надалей працаваць з беларускім незалежным сектарам, палітычным сектарам, які прадстаўлены палітычнымі партыямі.
— Якія крокі бачыліся да гэтых слуханняў еўрапейскімі чыноўнікамі, еўрапейскімі дэпутатамі, каб неяк уплываць на сітуацыю ў Беларусі, на таго ж Лукашэнку, і ці змяніліся гэтыя падыходы пасля таго, як яны сустрэліся з прадстаўнікамі беларускіх палітычных сіл?
— Насамрэч, набор інструментаў непасрэдна ў Савета Еўропы не настолькі вялікі, бо гэта, хутчэй, такі каардынацыйны орган парламентаў розных краінаў, якія таксама і не ўваходзяць у Еўрапейскі Саюз, і часам маюць дастаткова супярэчлівыя погляды, што да сітуацыі ў свеце, у тым ліку і ў Беларусі. Таму тут можна казаць пра нейкія агульныя тэндэнцыі. Гэтыя тэндэнцыі на сёняшні дзень таксама відавочнныя – гэта асуджэнне дзеянняў беларускага рэжыма ў дачыненні да ўласных грамадзян, правядзенне тых рэпрэсіяў, якія адбываюцца, гэта ўвесь час у парадку дня, а таксама вялікая ўвага да дзеянняў і суўдзелу ў расійскай ваеннай агрэсіі, якая таксама асуджаецца краінамі , якія ўваходзяць у Парламенцкую асамблею Савета Еўропы, у Савет Еўропы.
Таму тут можна казаць хутчэй пра вызначэнне нейкіх стратэгічных накірункаў і ацэнак. І ўжо надалей у рамках гэтых ацэнак парламенты краінаў – членаў Савета Еўропы, будуць прымаць уласныя рашэнні, якія ўжо будуць абавязковвыя да выканання ўрадамі гэтых краінаў.
— Апошняе пасяджэнне, дзе Вы ўдзельнічалі, было прысвечана тэме мігрантаў. І, зразумела, што зараз многія беларусы, у тым ліку і мы з Вамі, з’яўляюцца мігрантамі ў розных краінах. Наколькі ў Парламенцкай асамблеі разумеюць, што тыя людзі, якія па-за межамі Беларусі, у большасці сваёй якраз-такі праціўнікі Лукашэнкі і тых дзеянняў, якія ён робіць, праціўнікі ўдзелу Беларусі ў вайне на баку Расіі? Наколькі яны разумеюць, што абмежавальныя меры (да грамадзян Беларусі) б’ць якраз-такі не па адрасе?
— Канешне, немагчыма казаць, што ва ўсіх краінах, якія ўваходзяць у Савет Еўропы, аднолькавае стопрацэнтнае разуменне беларускай праблематыкі. Тут, канешне, ёсць пэўная дыферэнцыяцыя ў залежнасці ад таго, наколькі блізка да мяжы Беларусі знаходзяцца гэтыя краіны, наколькі прадэмакратычныя ў іх рэжымы і гэтак далей. Але можна казаць пра агульныя тэндэнцыі.
І, вяртаючыся да тэмы пасяджэння Камітэту па справах міграцыі, уцекачоў і перамешчаных асобаў, на ім якраз-такі разглядалася ў нашай прысутнасці дзве тэмы. Адна з іх мае непасрэднае дачыненне да Беларусі, другая ўскоснае. Першая тэма – гэта сітуацыя з беларускімі ўцекачамі, іхнія праблемы, і ў рамках гэтай тэмы быў заслуханы даклад, які падрыхтаваў Поль Гале. І гэты даклад быў дастаткова грунтоўны, працавала маніторынгавая група, якая выязджала ў Польшчу, выязджала ў Літву, сустракалася і з мясцовымі ўладамі, і з розным прадстаўніцтвамі беларускіх дэмакратычных сілаў, грамадзянскай супольнасці. Таму інфармацыя сабраная дастаткова грунтоўная, аб’ектыўная.
І па выніках гэтага дакладу таксама можна казаць аб дастаткова сур’ёзным разуменні праблемаў беларускіх бежанцаў. Канчаткова даклад не зацверджаны, ён яшчэ будзе абмяркоўвацца. Чакаецца, што ён можа быць прыняты 11 траўня. І, хіба што, пэўныя папраўкі, пэўныя дадаткі туды могуць патрапіць і па выніках нашага ўдзелу, бо мы звярнулі ўвагу на тыя аспекты, якія не прагучалі ў выступе дакладчыка. Ён дэклараваў жаданне іх таксама ўлічыць.
Іншая тэма, якая агучвалася на пасяджэнні Камітэта – гэта пытанне кінднэпінгу фактычнага – перамяшчэння непаўнагадовых грамадзян з часова акупаваных тэрыторыяў Украіны на тэрыторыю Расіі, тым ліку і Беларусі. І тут павестка Беларусі атрымала дадатковае гучанне, бо неаднаразова згадвалася, што скрадзеныя дзеці знаходзяцца не толькі ў расійскіх рэгіёнах, але і ў Беларусі. І непасрэдна беларускія ўлады мусяць несці за гэта адказнасць.
І літаральна ў той жа дзень была на агульным пленарным пасяджэнні ПАСЕ прынята дэкларацыя, у якой згадваецца Аляксандр Лукашэнка як суўдзельнік злачынстваў Пуціна. І гэта можа мець да яго пэўныя наступствы. Тут размова ідзе таксама пра міжнародны судовы пераслед. Гэта аналагічнае рашэнне, якое было прынятае ў дачыненні да Пуціна і тых асобаў, якія дапамагаюць арганізоўваць выкраданне ўкраінскіх дзяцей.
Я б дадаў яшчэ, што, рыхтуючыся да ўдзелу ў пасяджэнні Камітэта па справах мігрантаў, уцекачоў і перамешчаных асобаў, я стараўся сабраць нейкую аб’ектыўную інфармацыю з розных краінаў. І, прынамсі, не знайшоў такога комплекснага аналізу праблемаў беларускіх уцекачоў. Так, ёсць асобныя публікацыі, ёсць асобныя даследаванні па некаторых краінах. Але комплекснага аналізу і ацэнкі няма.
І гэта якраз-такі выклік, напэўна, для дэмакратычных сілаў і мігранцкай супольнасці, каб падрыхтаваць поўную карціну па абсалютна вялікай колькасці краінаў свету, куды з’язджаюць беларусы. І з улікам таго, што гэтая карціна рэгулярна змяняецца, бо змяняецца стаўленне мясцовых урадаў і прымаюцца новыя заканадаўчыя акты, тым не менш, гэта дало б пэўны грунт для беларусааў у змаганні за нейкія свае базавыя правы.
Цалкам размову з кіраўніком Руху за свабоду Юрасём Губарэвічам слухайце ў плэеры ніжэй:
Comments are closed.