Loading

У нямецкім выдавецтве «Edition Frölich» выйшла фотакніга Юлі Цімафеевай «Мінск. Горад, якога мне не стае».

Фота: facebook.com/julia.cimafiejeva

У выданні аб’ядналіся фатаграфіі любімага горада і вершы пра яго. Аўтарка кнігі распавядае пра яе ідэю і гісторыю стварэння:

Я нарадзілася ў невялікай вёсцы на Гомельшчыне. У 17 гадоў прыехала вучыцца ў Мінск і адчула, што гэта менавіта той горад, які мне патрэбны: камфортнага памеру, з прыгожымі шырокімі вуліцамі, па якіх хацелася шпацыраваць. Зараз я жыву ў Аўстрыі, у Грацы, і вельмі сумую.

Фатаграфія і слова заўжды былі для мяне ўзаемазамяняльнымі відамі мастацтва. Часам, стаміўшыся ад аднога, я пераключалася на іншае, асабліва калі жыла ў Мінску. 

Крыніца: facebook.com/julia.cimafiejeva

Гэтая кніга — вельмі інтымная, сентыментальная ода майму любімаму гораду. Гэта настальгія — не толькі па месцы, але і па часе, і па сабе, якой я была. Гэта спроба расказаць пра Мінск людзям, якія нічога пра яго не ведаюць. Праз фотаздымкі горад нібыта глядзіць на нас. Гэта як апавяданне пра кагосьці ў яго ж прысутнасці.

Мне здаецца, адна з характэрных рысаў вобраза Мінска — яго спустошанасць, адсутнасць. Вельмі мала расказваюць пра тое, якім ён быў да вайны. Пра габрэяў, якія складалі большую частку насельніцтва Мінска. Пра людзей, якія былі рэпрэсаваныя ў 30-я гады — іх прывіды ходзяць па мінскіх вуліцах. А можа, і мы цяпер, як тыя прывіды, ходзім яго нябачнымі завулкамі? Ці змогуць вярнуцца ў Мінск тыя, хто з’ехаў? Ці ўбачаць яны свой горад? Кніга таксама і пра гэта. 

Поўную размову з Юліяй Цімафеевай слухайце ў плееры ніжэй.

Comments are closed.