145 total views
Беларуская дзяржпрапаганда працягвае называць імёны тых, хто нібыта мае дачыненне да атакі на расійскі самалёт А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах. Сам факт нападу, які раней беларуская прапаганда катэгарычна адмаўляла, на днях пацвердзіў Лукашэнка. Мы паразмаўлялі з прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі па аднаўленні законнасці і, па сумяшчальніцтве, кіраўніком абʼяднання ByPol, якое і ўзяло на сябе адказнасць за атаку, Аляксандрам Азаравым, наконт апошніх версіяў рэжыма Лукашэнкі.
– Спадар Аляксандр, за апошнія вось некалькі дзён, рыторыка прапагандыстаў рэжыму і самога Лукашэнкі наконт атакі на расійскі самалёт А-50 вельмі значна змянілася. З чым, на вашу думку гэта можа быць звязана?
– Спачатку яны адмаўлялі, што там нешта адбылося. Казалі што гэта фэйкі. А потым, калі журналісты датэлефанаваліся да Таганрога, на той самы завод, дзе пацвердзілі, што самалёт на рамонце, Лукашэнка адразу ж на наступны дзень выдаў новую версію, што, нібыта, чалавек затрыманы. Цікава тое, што ён у гэтым чалавеку спалучае ўсіх сваіх ворагаў адначасова. Ён кажа, што гэта грамадзянін Украіны, Расіі і супрацоўнік спецслужб, ЦРУ і так далей. Цікава тут, што грамадзянін Расіі. Я гэта бачу так, чаму грамадзянін Расіі, бо ён адказвае за расійскую вайсковую маёмасць у Беларусі. А быў пашкоджаны самы значны самалёт. І я думаю, што ў яго адбылася размова з Пуціным на гэты конт і Пуцін яму прад’явіў прэтэнзіі за той самы самалёт. А тут цяпер ён знайшоў выхад: «Мы затрымалі грамадзяніна Расіі за гэты самалёт», і цяпер ужо Лукашэнка можа прад’яўляць Пуціну. Гэта такі хітры ход, выскачыць з гэтай пасткі перад Пуціным, перад расіянамі. І ён усіх абвінаваціў. І Зяленскага – самага галоўнага ворага. Ён рыхтуе беларускае грамадства да вайны і яму выгадна ўсё валіць на ўкраінцаў, бо патрэбная яму нагода да гэтай вайны. Беларусы не хочуць ваяваць з украінцамі і не лічаць украінцаў сваімі ворагамі. А тут як раз можна паказаць, што ўкраінцы на нас напалі і таму мы павінны адказаць на гэта.
– Пры гэтым Лукашэнка быццам бы ігнаруе той факт, што ByPol узяў на сябе адказнасць за гэтую атаку.
– Так, ён не ўзгадвае, што стаіць за гэтым ByPol, але там нешта сказаў, што ByPol «мудакі», наколькі я там памятаю. Яму невыгадна, што (гэта рэд.) беларускія партызаны, таксама гэта казаць, бо ён будзе выглядаць як чалавек, які не можа ўціхамірыць свой народ. Ужо на працягу двух з паловай гадоў ён праводзіць масавыя рэпрэсіі, саджае людзей на доўгія тэрміны, Ціханоўскага асудзілі на 15 гадоў. Ён думае, што ўжо пратэсты падаўлены да канца і няма ніякага супраціву, не засталося на Беларусі. Ну і таму расійскія самалёты так сябе вальготна пачуваюць на беларускіх аэрадромах, бо са словаў Лукашэнкі ўжо няма каму змагацца супраць расійская акупацыі. А тут высвятляецца, што не, ёсць людзі, якія працягваюць змагацца. Таму Лукашэнку гэта вельмі нявыгадна паказаць.
– Але ён усё ж такі нейкіх там, як ён кажа «збеглых» таксама абвінаваціў.
– Цяжка сказаць, бо тут ён перамяшаў усё, што толькі можна, усе версіі ў адну і што робіцца ў галаве ў гэтага чалавека – цяжка зразумець.
– Ну вось працягваючы гэтую тэму, хто вінаваты. Прапаганда рэжыму пачала называць нейкія імёны, і іх становіцца ўсё больш, амаль не з кожным днём. Першым яны назвалі нейкага Мікалая Швеца. Кажуць ён агент СБУ і гэта ён нібыта здзейсніў напад. Вы ведаеце яго?
– Не, мы гэтага чалавека не ведаем. І не ведаем дакладна ці ён на самой справе затрыманы, бо можа ён і не затрыманы. Можа ён проста выконвае ролю і расказвае тое, што ад яго патрабуюць.
– А ці можаце вы, у такім выпадку, яшчэ раз пацвердзіць, што ўсе, хто здзейсніў гэтую паспяховую атаку на расейскі самалёт пакінулі Беларусь і знаходзяцца ў бяспецы?
– Так, усе, хто ўдзельнічаў у аперацыі знаходзяцца ў бяспецы. Яны выехалі за мяжу.
Поўную версію размовы слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.