Loading

Вайна – не месца, дзе ў чалавека шмат выбару. Асабліва калі пытанне датычыцца выбару ежы ці пэўнай дыеты. Але зараз у УСУ ваюе шмат салдатаў, якія не ядуць мяса ці ўвогуле нічога, што мае жывёльнае паходжанне. Беларускі добраахвотнік Яўген з пазыўным «Салам» адзін з такіх ваяроў. У эфіры «Світанку свабоды» ён распавёў пра тое, як гэты быць веганам на вайне.

Яўген з пазыўным «Салам» родам з Баранавічаў. Удзельнік анархісцкага руху. З’ехаў ва Украіну на пачатку вясны 2022 года. Свядома прыехаў змагацца супраць рускага міра і пуцінскага фашызму.

Шмат гадоў Яўген з’яўляецца веганам. Кажа, што пачалося ўсё ў падлеткавым узросце, калі хлопец задаўся пытаннем, як можна любіць жывёлу і адначасова яе есці. Таму ад мяса Яўген адмовіўся. Спачатку перайшоў на вегетарыянскую, а з 2012 года і на веганскую дыету.

Яўген сцвярджае, што вегетарыянцаў і веганаў за Украіну зараз ваюе шмат. Таму нядаўна была створана адмысловая петыцыя за з’яўленне спецыяльнага веганскага пайку ў УСУ, якая набрала больш за 30 тысяч подпісаў.

Як атрымліваецца сумяшчаць літаснае стаўленне да жывёлы з бязлітасным забойствам людзей?

Яўген лічыць, што калі людзі ў цябе страляюць, то ты мусіш бараніць сябе і іншых. І на гэтай вайне ўкраінскі бок абараняе сваю краіну і людзей ад бязглуздых захопнікаў, якія распачалі гэтую вайну. Хлопец не адчувае нянавісці да расейцаў і лічыць, што варта выконваць усе дамоўленасці, што прапісаныя ў Жэнеўскай канвенцыі адносна палонных і інш.

Тым больш, што жывёлы не робяць людзям нічога кепскага і не могуць нам адказаць адпаведна. А людзі працягваюць выкарыстоўваць жывёлу і будаваць для яе канцлагеры.

А як анархісцкія погляды пасуюць да абароны дзяржавы?

Я бараню не дзяржаву, а людзей, на якіх напалі ўзброеныя вар’яты. Зараз вызвалілі Херсон і мы зноў даведаемся аб чарговых вар’яцтвах супраць мірных людзей. Таксама я змагаюся за магчымасць вярнуцца ў Беларусь, пабачыцца з маці і сябрамі. Зараз ідзе барацьба не за пэўную краіну, а за будучыню цэлага рэгіёну і нават чалавецтва.

Наколькі цяжка прытрымлівацца веганскай дыеты на вайне?

Зараз Яўген знаходзіцца ў Кіеве ў добрых умовах. Але на фронце былі часы, калі з ежай былі праблемы. Для веганаў і вегетарыянцаў ніхто асобна не гатуе. Але заўжды ў рацыёне есць салат ці каша без мяса. Гэтым і снедаў. Спачатку было цяжка, але потым львоўская ініцыятыва «Львоўская веган-кухня» пачала дапамагаць з ежай. Дзякуючы ім рацыён палепшыўся.

Напрыклад, у нашым атрадзе ТРА было 10 веганаў і каля 10 вегетарыянцаў. То бок, амаль палова байцоў не елі мяса. У палку Каліноўскага сітуацыя больш складаная. Там немае сваёй кухні, ежу прывозяць і яна большай часткай з мясам. Таму даводзіцца гатаваць сабе асобна. Яўген праз гэта моцна схуднеў, але адчувае сябе добра.

Іншыя байцы да выбару Яўгена ставяцца з разуменнем. Толькі жартуюць, што яму варта змяніць пазыўны з «Салам» на «Салат».

Яўген плануе і надалей трымацца веганства і спадзяецца, што на петыцыю аб стварэнні спецыяльнага рацыёну для такіх як ён адрэагуюць адпаведным чынам, таму што такіх ваяроў у УСУ даволі шмат.

Comments are closed.