Loading

3 лютага ў Кіеве прайшоў саміт ЕС-Украіна. Ва ўкраінскую сталіцу прыехалі кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен і прэзідэнт Еўрапейскай Рады Шарль Мішэль, а таксама кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль і шэраг еўрапейскіх чыноўнікаў. Абмяркоўваўся шлях Украіны да ўступу ў Еўрасаюз, падтрымку Еўропы ў вызвольнай вайне і шэраг іншых пытанняў. Вынікі саміту мы абмеркавалі з украінскім палітолагам, дырэктарам Інстытуту Сусветнай палітыкі Яўгенам Магдам.

Сцісла ў размове:

Чаго было больш – сімвалізму ці рэалізму?

Палітыка – гэта заўжды сімвалы, таму сімвалаў было больш. Тое, што саміт меў праходзіць у Бруселі, але ён прайшоў у Кіеве – гэта таксама важны факт. Але трэба казаць і пра тое, што падчас гэтага саміту не прагучала нейкіх прарыўных заяваў з боку еўрапейскіх чыноўнікаў. Яны акцэнтаваліся на ўсялякай падтрымцы Украіны, на тым, што лічаць Украіну сваім партнёрам, што будуць з ёй эфектыўна працаваць. Але, у прынцыпе, я думаю, што прарыву быць і не магло, таму што ідэі ўкраінскіх кіраўнікоў пра тое, што мы за 2 гады будзем ужо ўступаць у Еўрапейскі Саюз – я думаю, гэта дастаткова небяспечная ілюзія і яе трэба пазбаўляцца, бо гэта абсалютна нерэалістычны момант.

Пра рэформы, патрэбныя для ўступу Украіны ў ЕС:

У гэтых сямі пунктах (якія Украіне трэба выканаць, каб разлічваць на ўступ у ЕС) ёсць як мінімум два праблемных. Адзін – гэта Кастытуцыйны Суд. Закон пра Канстытуцыйны Суд на сённяшні момант ухвалены ў такой рэдакцыі, што Венецыянская камісія за дэмакратыю праз права адмовілася ўдзельнічаць у фармаванні камісіі для конкурснага адбору суддзяў Канстытуцыйнага Суда. Гэта кепска. Кепска, што на старце мы апынуліся ў такой сітуацыі, калі ўкраінская ўлада лічыць, што яна можа альбо падмануць сваіх еўрапейскіх партнёраў, альбо згуляць на тым, што салідарнасць з Украінай мае быць усеабдымнаю.

Але ёсць яшчэ адзін момант – Закон пра нацыянальныя меншасці. І тут Украіне будзе няпроста, паколькі Украіна – гэта шматнацыянальная дзяржава, і тут пражывае вялікая колькасць розных нацыянальных меншасцяў, сярод якіх важнае месца займаюць расійцы. І я не бачу ў прадстаўнікоў улады гатоўнасці гаварыць пра тое, што надалей трэба будзе забяспечваць права на атрыманне адукацыі расійскай мовай. І не толькі расійскай – польскай, румынскай, угорскай, беларускай, дарэчы. І шматлікія іншыя рэчы. То бок, гэта будзе няпросты працэс. Вядома ж, дужа няпросты ва ўмовах расійска-ўкраінскай вайны. І абмяркоўваць яго патрэбна ўжо зараз.

Выходзіць, што ўкраінская ўлада не заўсёды мае дакладную стратэгію, датычна еўрапейскай інтэграцыі. Гэтая стратэгія пабудавана на прынцыпе «я інтэгруюся, таму што я інтэгруюся». А трэба інтэгравацца на грунце пэўнага стратэгічнага бачання. Трэба казаць адкрыта, што Украіна, такая, якая яна ёсць, яна для Еўрасаза не толькі будучая пляцоўка для аднаўлення, дзе Еўрасаюз хоча адыгрываць актыўную ролю, але і ператварыць аднаўленне Украіны ў імпульс для развіцця ўласнай эканомікі.

Ці можна лічыць, што Еўрасаюз пагадзіўся з планам паразы Расіі ў вайне, прапанаваным Уладзімірам Зяленскім на G-7?

Афіцыйна пра гэта заяўлена. Але гэты план – гэта матрыца. Яна не будзе цалкам без нейкіх зменаў. Мы ўсе верым і прагнем перамогі Украіны, але сур’ёзна разлічваць на тое, што складзецца сітуацыя, пры якой Уладзімір Зяленскі проста прадыктуе ўмовы Пуціну і той іх падпіша – ну гэта сцэнар, які на сённяшні момант не рэалістычны. На жаль.

Ёсць адзін чыннік, пра які, здаецца, забыліся ў Кіеве. Увесну 2024 года будуць выбары ў Еўрапейскі парламент і потым будзе сфармаваны новы склад Еўрапейскай камісіі. Я далёка не ўпэўнены, што ў гэтым складзе і Урсула фон дэр Ляен і Шарль Мішэль, і Жазэп Барэль захаваюць свае пазіцыі. Я не ўпэўнены, што ў Еўрапарламенце Еўрапейская народная партыя зноў будзе мець большасць. Гэта ўсё сур’ёзныя выклікі, з якімі трэба працаваць.

Пра стварэнне Спецыяльнага ваеннага трыбунала для асуджэння кіраўнікоў Расіі за ваенныя злачынствы:

Калі мы паглядзім гісторыю адпаведных судовых органаў, то і Нюрнбергскі, і Такійскі трыбуналы над нямецкімі і японскімі ваеннымі злачынцамі фармаваліся яшчэ падчас Другой Сусветнай вайны. Зараз таксама лагічна прагаворваць іх прынцыпы. Але ёсць такая дастаткова істотная праблема – параза Расіі не будзе такой, якою была параза нацысцкай Нямеччыны ці мілітарысцкай Японіі ў 1945-м. Таму еўрапейскія краіны займаюць больш асцярожную пазіцыю і паводзяць сябе больш абачліва.

Ці стала Украіна бліжэй да ўступу ў ЕС пасля саміту, чым да яго?

Так! Стала! Але гэта не скачок леапарду, а скачок жабячы. Ведаеце, тактыка жабячых скачкоў палягае ў тым, што яны практычна незаўважныя, і гэта дазваляе часам жабе перасоўвацца пэўнымі абшарамі незаўважна для сваіх прыродных ворагаў. Вось так і мы мусім перасоўвацца, каб гэта было незаўважна для ворагаў, але заўважна для нашых грамадзян.

Скажам, мы захавалі роўмінг з еўрапейскімі краінамі, які вельмі важны для мільёнаў нашых грамадзян, якія жывуць у ЕС, пазначылі пэўныя напрамкі дзеянняў для Украіны і Еўрапейскага Саюзу, якія будуць ажыццяўляцца найбліжэйшым часам, найперш, скажам, ухвалілі план прыярытэтных дзеянняў. Еўрапейскі Саюз паабяцаў выдаткаваць мільярд еўра на экстраннае аднаўленне Украіны. Але гэта будзе дастаткова няпросты працэс, паколькі ў ім будзе шмат пагрозаў і цяжкасцей.

Падрабязней у плэеры ніжэй.

Comments are closed.