Loading

20 студзеня адбылася чарговая, восьмая па ліку, сустрэча міністраў абароны краінаў антырасійскай кааліцыі ў фармаце «Рамштайн», на якой абмяркоўваліся пытанні дапамогі Украіне. Якія вынікі дала гэтая сусрэча і якія плыні ў заходняй палітыцы адносна расійска-ўкраінскай вайны гэтая сустрэча паказала, мы спыталі ва ўкраінскага палітолага, дырэктара Інстытута сусветнай палітыкі Яўгена Магды.

Я лічу, што Украіна атрымала нямала вайсковай тэхнікі, але адсутнасць рашэння Нямеччыны, датычна перадачы Leopard-2 пакінула непрыемны асадак. То бок, мы бачым, што Нямеччына ўсё яшчэ не гатовая ўхвальваць падобныя рашэнні. Гэта з аднаго боку. Але з іншага боку, ёсць рашэнне пра тое, што ўкраінскіх танкістаў будуць рыхтаваць на «Леапардах», значыць, я думаю, што цягам першага кварталу гэтага году мы адпаведнае рашэнне атрымаем.

Новы міністр абароны Нямеччыны, адказваючы на пытанні журналістаў, сказаў, што яны там доўга абмяркоўвалі і з амерыканскім калегам, і, маўляў, ёсць аргументы як за наданне «Леапардаў» і «Абрамсаў» Украіне, так і супраць. На Вашу думку, якія могуць быць аргументы супраць?

Галоўны аргумент – гэта тое, што нямецкая грамадская думка не падтрымлівае перадачу наступальнай зброі. Сапраўды, гэты псіхалагічны аспект, што немцы адчуваюць траўму пасля Другой сусветнай вайны, што, маўляў, зноў нямецкія танкі будуць на землях ранейшага СССР.

Але гэтым разам гэта зусім іншы фармат. То бок, нельга пра гэта так увесь час думаць, таму што і Нямеччына іншая, і ўжо няма Савецкага Саюзу, і ў супрацьстаянні двух найвялікшых ранейшых рэспублік Савецкага Саюзу проста Нямеччына мусіць абраць, за каго яна.

А ці не з’яўляецца тое, што ўвесь час адкладаецца наданне наступальнай зброі, нейкім такім зацягваннем вайны, каб не рабіць нейкіх рашучых крокаў да перамогі над Расіяй, якая пакуль неяк не вымалёўваецца?

Я не думаю, што яны наўмысна цягнуць час. Проста сістэма ўхвальвання рашэнняў працуе паводле законаў мірнага часу. У немцаў не ліецца кроў. Яны пабачылі каля мільёна нашых уцекачоў на сваёй зямлі і бачаць, што яны паводзяць сябе як адэкватныя еўрапейскія жыхары. То бок, для іх гэтага выкліку няма. Таму я думаю, што ўсё будзе ісці дастаткова адэкватна. Проста трэба яшчэ звяртаць увагу на інэрцыю рухаў заходняга свету. Год таму ў гэты час нам здавалася, што Украіна разваліцца ў выпадку расійскага нападу. За гэты час Нямеччына прайшла значны шлях, перадаўшы і IRIS-T зенітна-ракетны комплекс, і паабяцаўшы Marder’ы – БМП, і перадаўшы самаходныя зеніткі Gepard. То бок, нельга сказаць, што яны нічога не робяць. Яны робяць, але, вядома ж, нам хацелася б, каб яны рабілі больш і хутчэй.

Comments are closed.