Апошнія дні вяліся сур’ёзныя спрэчкі вакол адмовы канцлера Нямеччыны Олафа Шольца паставіць Украіне танкі Leopard 2. На кіраўніцтва Бундестага пачалі ціснуць улады Польшчы, Амерыкі, Вялікабрытаніі і іншых краін. Урэшце 24 студзеня нямецкае выданне «Spiegel» напісала, што Шольц пагадзіўся. Украінскі вайсковы эксперт і публіцыст Яўген Дзікі пракаментаваў сітуацыю вакол танкаў і іншай зброі, а таксама рэалістычнасць нападу з боку Беларусі ў бліжэйшы час.
Лічу, што планы наступу з боку Беларусі зімой і ўвесну адназначна нерэалістычныя праз колькасць людзей. Карацей кажучы, няма кім наступаць. Зараз у Беларусі каля 20 тысяч расійскіх вайсковых. Нават калі ўявіць, што ўсе яны – штурмавая пяхота і танкісты, то варта забыць пра «Іскандеры» і авіяцыйныя часці з абслугай і аховай. Таксама пра службы тылавога забеспячэння. Калі мы пра ўсё гэта забываем і ўяўляем, што ўсе 20 тысяч – штурмавікі, то гэта 20 батальённа -тактычных груп (БТГ).
Для параўнання – адзін горад Севераданецк паўтара месяца бралі дакладна 20 БТГ. На сённяшні дзень шосты месяц трываюць баі пад Бахмутам, у якіх задзейнічаны каля 40 расійскіх БТГ. Вось што такое 20 БТГ на чатыры ўкраінскія вобласці, якія мяжуюць з дзвюма беларускімі на працягласці кардону каля 800 км.
Уявім, што нарэшце даціснулі Лукашэнку і беларуская армія таксама бярэ ўдзел у наступе. Хоць мы лічым малаімаверным, каб беларускую армію туды паслалі і каб яна дакладна выконвала ўсе загады. У нас ёсць сур’ёзныя сумневы ў тым, што яны будуць іх выконваць. Ну, нават, калі ўявіць найгоршы сцэнар – паслалі і будуць выконваць, то гэта яшчэ плюс 11 БТГ. Бо нядаўнія манеўры паказалі, што беларуская армія пяхотных часцей, гатовых да наступу, мае менавіта столькі.
Рэшта таксама – службы тылу, СПА, авіяцыі. Беларуская армія зараз не на шмат лепшая за расійскую. То бок, 30 БТГ – гэта колькасць у пяць разоў меншая за тую, якая патрэбна для сур’ёзнага наступу.
Узнікае пытанне, адкуль тады ўсе гэтыя інфармацыйныя хвалі і навошта там трымаць 20 тысяч расіян? А тут усё проста. Калі б у нас на поўначы краіны нікога не было, а быў глыбокі надзейны тыл, тады і 20 БТГ – гэта сур’ёзна. У выніку, мы цудоўна разумеем, што ніякага нападу з таго боку не будзе, але ўсё роўна вымушаныя трымаць там пэўную колькасць вайсковых брыгад у рэзерве. А разам з імі і сур’ёзную памежную службу, бо дыверсійныя групы дзейнічаюць пастаянна. Вайны там няма, а дыверсанты ходзяць. Такім чынам, гэтыя часткі ўзброеных сіл не едуць на фронт, а адцягнутыя на гэты ўчастак. То бок, уся беларуская аперацыя накіраваная на адцягванне часткі нашых сілаў з Усходу краіны. І ў гэтым сэнсе аперацыю можна назваць паспяховай. Мы вымушаныя значны рэзерв трымаць на поўначы, а не там, дзе непасрэдна ідзе вайна. Гэта ўся задача, якую выконваюць беларусы для расіян. Але яна важная і паспяховая.
Праўда, мы таксама намагаемся нешта з гэтага займець. Не адкрою вялікі сакрэт, калі скажу, што рэзерв на поўначы, гэта не свежыя сілы, а тыя, што адводзяць на адпачынак і перакамплектацыю з усходняга фронту.
Калі казаць пра вялікі наступ у напрамку Луцка, Ковеля, Сарны і адразання заходняй часткі краіны ад Кіеўшчыны, для гэтага патрэбныя сілы ў пяць разоў большыя за тыя, што там зараз. Па ацэнках брытанскай выведкі, магчыма, яны гэта плануюць такі наступ на восень. Тут нічога не магу сказаць зараз, бо тэхнічна да восені цалкам магчыма накачаць туды столькі сілаў. Але да гэтага часу шмат чаго можа на фронце змяніцца. Ну а ўзіму і ўвесну наступу з таго боку не будзе.
Ці магчыма дапусціць, што частка людзей там прыхаваная і таемна, як пісала выданне «Наша Ніва», прывезеныя ў Беларусь у цыстэрнах з-пад паліва?
Нават, калі вялікую колькасць прывезці неяк можна, то схаваць столькі людзей у Беларусі немагчыма. І тут мы дужа ўдзячныя простым беларусам, якія сталі добраахвотнымі ахоўнікамі сваёй зямлі і пастаянна дзеляцца інфармацыяй аб перасоўванні і колькасці рускага войска ў краіне. Вельмі значную частку інфармацыі па сітуацыі ў Беларусі па акупантах, мы атрымліваем ад беларускага народа. Таемна перасунуць некалькі падраздзяленняў яшчэ магчыма, але на доўгі час схаваць дзясяткі тысяч акупантаў ад людзей – не.
Нагадаю, што год таму розныя выведкі ведалі не толькі колькасць расіянаў і дзе яны размешчаныя, але і злівалі ў прэсу мапы з пазначэннем, па якіх напрамках яны будуць заходзіць. І потым усе гэтыя стрэлачкі спраўдзіліся. Мы жывем у дужа празрысты час і гэта дапамагае.
Розныя крыніцы паведамляюць, што ў Расіі колькасць высокадакладных ракет зменшылася да 20%. Вам гэта падаецца рэалістычным?
Дакладных дадзеных у нас няма, але гэта дужа падобна на праўду. Пры тым, што з кастрычніка мінулага году яны зрабілі значную стаўку на ракетны тэрор па тэрыторыях Украіны. Гэта была значная частка іх стратэгіі – зруйнаваць інфраструктуру і замарозіць людзей. Але пры тым у іх атрымліваецца арганізоўваць вялікія і працяглыя ракетны залпы не часцей раз не дзесяць дзён альбо на два тыдні.
То бок, ідуць вялікія паўзы паміж моцным ракетнымі абстрэламі, і чым далей, тым менш выкарыстоўваюцца высокадакладныя ракеты. І ўсё часцей выкарыстоўваюць ракеты Х-22. Менавіта такой яны ажыццявілі апошняе гучнае вайсковае злачынства, калі ракета патрапіла ў мірную шматпавярхоўку ў Дняпры, і загінула 46 чалавек, а 500 былі параненыя.
Ракеты Х-22 выраблялі яшчэ пры Хрушчове. Яны старыя як лайно маманту. У 60- гады мінулага стагоддзя іх рабілі, каб знішчаць вялікія авіяносныя згрупаванні ворага. Базава яна праектавалася пад ядзерную боегалоўку. І па сваіх характарыстыках мае дакладнасць пападання плюс-мінус 3-5 кіламетраў. Калі браць радыус паражэння радыектыўнай баегалоўкі – 31 км, то гэта нармальнае адхіленне. Але калі яе набілі звычайнай выбухоўкай, то гэта недакладная зброя. Ёй немагчыма працаваць па аб’ектах, толькі па вялікай плошчы.
Таму іх амаль і не выкарыстоўвалі раней, бо такой ракетай не патрапіш ні ў адзін вайсковы аб’ект. А калі ў якасці аб’екта бярэцца горад 20Х20 кіламетраў, то абавязкова кудысьці патрапіць і кагосьці заб’е. Вось на гэтыя метады яны пераходзяць зараз. Але апроч іхняга вар’яцтва, гэта сведчыць, што высокадакладныя ракеты сканчваюцца. «Калібры» ужо эканомяць.
Як бы вы пракаментавалі апошнюю спрэчку адносна танкаў, упартасць і ролю Нямеччыны ў гэтым пытанні?
Справа ў тым, што нам дужа патрэбныя танкі. Старыя савецкія мы ўжо па ўсім свеце выграблі. У краінах, што належаць да вольнага свету і не павязаныя з Расіяй ці Кітаем, іх былі невялікія запасы. Ад іх намагаліся пазбавіцца і замяніць на сучасныя заходнія ўзоры.
Да нас яшчэ павінна даехаць прыкладна 40 савецкіх танкаў з Польшчы. І дзесьці 120 танкаў, што сабраныя літаральна «з міру па кроплі» па розных краінах аж да Марока. Яны зараз рамантуюцца на чэшскім заводзе. То бок, усе савецкія танкі Т-72 па свеце мы вымелі. Такая ж гісторыя была сёлета, калі па ўсім вольным свеце скончыліся снарады калібру 152. І тады нас тэрмінова пачалі пераўзбройваць на натаўскую артылерыю.
Дык вось зараз сітуацыя падобная – савецкія танкі скончыліся, трэба даваць сучасныя. Яны ёсць чатырох тыпаў: амерыканскія Abrams, французскія Leclerc, брытанскія Challenger і нямецкія Leopard.
Танкаў Abrams досыць багата, але яны тэхналагічна вельмі складаныя, таму на іх трэба доўга навучацца. Да таго ж, на маё асабістае меркаванне, з усіх чатырох тыпаў танкаў, Abrams адзіныя не на дызельным рухавіку, а на газатурбінным. Я ўзгадваю, як падчас чачэнскай вайны, савецкія газа-турбінныя танкі Т-80 увогуле не выжывалі месяца. На бруднай мясцовасці ў іх хутка забіваліся фільтры і рухавік клініў. Альбо ў яго патраплялі з РПГ і браня вытрымлівала, але ад удару глох рухавік. Далей падбягаў 10-гадовы чачэнскі хлопчык і закідваў танк гаручымі бутэлькамі.
Танкі з газатурбіннымі рухавікамі рабілі, каб хутка ездзіць па еўрапейскіх аўтабанах. Іх выраблялі пад Трэцюю сусветную вайну ў Заходняй Еўропе. Таму ў мяне вялікае пытанне, наколькі карысныя для нас будуць тыя Abrams. І з амерыканскага боку я бачу, што дыскусіі пра пастаўкі гэтых танкаў вядзецца не па палітычных фактарах, а па заўвагах вайсковых.
Далей пра еўрапейскія мадэлі. Leclerc і Challenger – цудоўныя машыны. Нават, Leclerc, можа і найлепшы. Але нюанс у тым, што і ў Францыі і ў Брытаніі ў цэлым вельмі мала танкаў. Бо яны рыхтаваліся для каланіяльных войнаў у краінах Трэцяга свету. А для такіх войнаў, барацьбы з партызанамі і тэрарыстамі, танкі не патрэбныя. Гэта зброя для вайны вялікіх дзяржаваў паміж сабой, накшталт сусветнай вайны.
Таму гэтыя краіны скарачалі свой танкавы парк. На сённяшні дзень, напрыклад, афіцыйна ў брытанскім войску коней больш чым танкаў. Бо коні на парадзе спатрэбяцца, а танк нідзе. Таму пры ўсім жаданні, ні Францыя, ні Вялікабрытанія, багата танкаў даць не могуць.
А ўсё ж вельмі пажадана, каб танкі былі аднатыпныя, каб не разрывацца ў пошуках забеспячэння неабходнымі запчасткамі і снарадамі дзясяткаў відаў рознай тэхнікі. Бо ў нас зараз такі «заапарк» з артылерыі. Каля 20 розных відаў гарматаў выкарыстоўваецца адначасова. Ёсць адзін від гармат, якіх на ўвесь фронт – восем штук. Але і яны нам не лішнія. Таму тое, што робіцца з лагістыкай, проста зводзіць з глузду. Бо патрэбна для ўсіх 20 відаў, уключна і тых, што толькі 8 штук, увесь лагістычны ланцужок выстраіць. Тое, што робяць зараз нашыя сілы лагістыкі – гэта задача, з якой раней у свеце ніхто не сутыкаўся. І ўвогуле, на гэтай вайне УСУ робяць шмат таго, што свет раней не рабіў ніколі.
Дык вось з танкамі такога б не хацелася. Таму пажадана мець адзін тып і для яго ўвесь цыкл забеспячэння. Пад гэтую задачу найлепш за ўсё падыходзіць Leopard. Яны досыць простыя, дызельныя, рамонтапрыдатныя і іх багата. Толькі ў Еўропе на ўзбраенні ў розных краінах іх каля 1300 адзінак. То бок, калі ўсе скінуцца патроху, у нас будзе паўнавартасная танкавая брыгада.
Брытанцы, каб пераадолець гэты палітычны супраціў і «макнуць» Шольца, падаравалі Украіне ротны камплект Challenger. Батальённы не могуць. Магчыма і французы, каб даціснуць Шольца, зробяць нешта падобнае. Але тады гісторыя, калі ў нас усяго патроху, паўтараецца. Leopard гэтую праблему могуць вырашыць. Пры гэтым кожная краіна дае не шмат, колькі можа сабе дазволіць. Як, напрыклад, палякі, які даюць адну роту Leopard. Фіны гатовыя даць роту ад сябе.
Але ўсё ўперлася ў Шольца. І зараз пішуць, нібыта ён пагадзіўся надаць танкі. Але некалькі разоў дагэтуль ужо таксама пісалі. Здавалася вось-вось, а потым мы бачым раззлаванага міністра абароны ЗША Ллойда Осціна на канферэнцыі ў Рамштайне, які ледзь стрымліваўся і ў адказ на пытанне пра танкі, паказаў у бок міністра абароны Нямеччыны. Таму пачакаем афіцыйнага пацверджання, бо ў Шольца заўжды велічэзны арсенал адмазак.
Чым выкліканая такая ўпартасць?
Я дакладна не ведаю, што там у галаве ў Шольца. З таго, па чым можна меркаваць, мы бачым дужа непрыемную сацыялогію. Не будзем забываць, што Нямеччына – дэмакратычная краіна. Апошнія сацыялагічныя апытанні паказваюць, што большая колькасць немцаў супраць забеспячэння танкамі Украіны. То бок, гэта кансалідаваная грамадская думка, а не толькі нежаданне Шольца. З іншага боку, нямецкі палітыкум да танкавай дапамогі саспеў. Тая ж Аналена Бербок і іншыя выказваліся не супраць, бо яны мысляць як палітыкі. Але звычайны немец іх не падтрымлівае. І гэта значна ўзмацняе пазіцыю Шольца.
Але насамрэч, матывацыя не зусім шчырая, бо калі трэба, яны ідуць супраць сваіх выбаршчыкаў. Я цалкам не схільны да канспіралогіяў, але гледзячы, наколькі моцна Шольц упіраецца, падаецца, як у анекдоце, яшчэ ніколі Шольц не быў так блізка да правалу. З улікам таго, што частка людзей з ягонага ўраду не супраць, а ён персанальна ўпіраецца. Таму я ўжо не выключаю, што ў яго ёсць нейкія персанальныя абавязкі перад Расіяй. Можа фінансавыя, можа нейкія стасункі са спецслужбамі. Але выглядае так, нібыта ён мае заданне ад Расіі, як мага даўжэй зацягваць гэтае пытанне.
Бо кожны дзень – гэта перавага Расіі на фронце і нашыя дадатковы ахвяры. Што нават, калі ён усё роўна гэтыя танкі дасць, але працягне для расіянаў час, гэта ім будзе добра.
Калі мы ўжо крануліся гэтага пытання, то акрамя танкаў, што не хоча даваць Шольц, ёсць яшчэ і сістэмы, якія не дае Байдэн. Напрыклад, ракеты дальнасцю за 100 км. Насамрэч трэба разумець, што адзіны калектыўны Захад, які ваюе супраць Расіі, існуе выключна ў галовах расійскай прапаганды. Ёсць дужа не калектыўны, а індывідуальны. І на ўзроўнях асобных краін і ў іх межаў на ўзроўнях розных палітыкаў. Кожны мае сваё бачанне гэтай вайны і гэтыя бачанні дужа розныя.
Так, ёсць еднасць у асуджэнні Расіі. Але гэта не пра тое. Бо што стасуецца бачання таго, чым гэтая вайна павінна скончыцца, тут кансэнсусу не тое, што няма, да яго і яшчэ і не блізка. Калі ва ўкраінца, а таксама ў палякаў, краінаў Балтыі, Швецыі і Вялікабрытаніі ёсць абсалютна дакладнае бачанне, што перамога, гэта знішчэнне ворагу і вызваленне сваёй тэрыторыі да межаў 1991 году, то ў іншых бачанне адрозніваецца.
У краінах Старой Еўропы, такіх як Францыя, Італія, Нямеччына і нават часткі палітыкаў ЗША, бачанне не аднолькавае. Там ёсць пэўная частка ўплывовых палітыкаў, каторыя шчыра баяцца паразы Расіі. І мы больш за ўсё баімся, што нам замарозяць канфлікт і вымусяць прызнаць акупацыю часткі тэрыторыяў, як гэта было калісьці з Паўночнай Карэяй. Але ў тым канфлікце гінулі амерыканскія салдаты. І ў пэўны момант Амерыка стамілася і спыніла вайну. Што атрымалася ў выніку, мы бачым на прыкладзе дзяржавы Кім Чын Іна.
Мы жадаем поўнай паразы Расіі і вызвалення ўсіх нашых тэрыторыяў. А што пасля гэтага пачнецца ў Расіі, нас не турбуе. Аднак частка Захаду акурат баіцца таго, чаму мы радуемся, як магчымай перспектыве – развалу РФ. Яны баяцца, што краіна падзеліцца на 40 мінідыктатур з умоўнымі «кадыравымі» на чале. І амаль кожны з іх будзе мець частку ядзернага арсеналу РФ. І дамаўляцца ўжо прыйдзецца з імі ўсімі. Альбо да ўлады прыйдзе ўмоўны Прыгожын, які атрымае кантроль над усім ядзерным арсеналам.
Таму яны і не даюць нам больш моцную зброю. У іх ёсць кансэнсус у тым, што нельга даць Расіі перамагчы. Аднак, не даць ёй перамагчы і даць Украіне перамагчы Расію, гучыць падобна, але дужа адрозніваецца па сэнсе. І калі па першым варыянце згода ёсць, то па тым, каб даць нам перамагчы, кансэнсусу няма.
Гісторыя з танкамі проста асобна вылучылася з гэтай барацьбы, бо Шольц не зразумеў, што гэты бар’ер пераадолелі. А што тычыцца ракет большай дальнасці і самалётаў, то ўся барацьба яшчэ наперадзе.
Поўную размову з Яўгенам Дзікім слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.