Loading

Пра тое, што ў камандзе праекту «Чорная Кніга Беларусі» пэўны час працаваў супрацоўнік ГУБАЗіКу і нават даслужыўся там да павышэння, стала вядома дзякуючы Яніне Сазановіч. Яна вырашыла апублічыць гэту гісторыю, бо не бачыла адэкватнай рэакцыі на злачынную нядбайнасць калег, праз якую пацярпелі беларусы. Дагэтуль Яніна чакае, што будуць прыняты адпаведныя меры, вінаватыя будуць звольнены (пакуль яны толькі адхілены ад працы), а памылкі будуць прызнаны не проста на словах.

У эфіры «Світанку свабоды» Яніна Сазановіч распавяла, як патрапіла ў праект і як разгортвалася сітуацыя з «кратом».

Яніна Сазановіч з’ехала з Беларусі ў Амерыку ў 2019 годзе. Дзяўчына працавала ў БДУІРе і ў сакавіку прыняла ўдзел у арганізацыі Дня Волі. Праз гэта на працы пачаліся праблемы. Афіцыйнай прэтэнзіяй было тое, што Яніна шмат вандруе і бярэ адпачынкі за ўласны кошт.

Калі ў жніўні 2020 ў Беларусі пачаліся пратэсты, Яніна пакінула працу, звязаную з відэапрадукцыяй, і цалкам далучылася да барацьбы з рэжымам.

Да стварэння тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі» Яніна Сазановіч дачынення не мае. Яе запрасілі ў каманду, калі канал ужо існаваў. Але запрашэнне не было выпадковым, бо ў дзяўчыны на той момант быў уласны праект «Карнікі Беларусі» і досвед у дэаноне сілавікоў.

Яніна кажа, што ўсведамляла рызыкі заняцця такой справай. Аднак, калі б у каманду не патрапіў супрацоўнік ГУБАЗіКу (Артур Гайко), то можа б і дагэтуль ніхто не ведаў імя Яніны і іншых супрацоўнікаў каманды ЧКБ.

Працоўная каманда ЧКБ сфармавалася ў верасні 2020 года. І ўжо напрыканцы верасня-пачатку кастрычніка ў каманду пачаў укараняцца супрацоўнік ГУБАЗіКу. Ён звярнуўся праз чат-бот з прапановай дапамогі ў пошуку асабістых даных сілавікоў. Пасля чаго яго дадалі ва ўнутраны чат каманды.

Яніна запытала ў калегі Данііла Багдановіча пра новага чалавека, той распавёў, што мужчына звярнуўся праз чат-бот, яго дадалі ў працоўны чат, але ён не мае доступу ні да якой адчувальнай інфармацыі.

Праз некалькі тыдняў пасля з’яўлення «губазікаўца» у чаце пачаліся першыя затрыманні людзей, якія дзяліліся інфармацыяй з ЧКБ і спадзяваліся на тое, што гэта бяспечна. Артур Гайко папрасіў даныя інфарматараў, каб нібыта праверыць іх на дакладнасць інфармацыі. Так «губазікаўцу» пачалі перадаваць інфармацыю пра людзей, з якімі ліставаліся іншыя супрацоўнікі ЧКБ. Ён уступаў з імі ў кантакт і выведваў, дзе тыя працуюць і г.д. Такім чынам, праз нібыта фактчэкінг ГУБАЗіК атрымаў доступ да даных інфарматараў.

Пасля затрымання першага інфарматара, супрацоўнік ЧКБ, які быў з ім на сувязі, пачаў што называецца «біць у званы», каб прыцягнуць увагу да таго, што затрыманне падазронае і існуе верагоднасць таго, што ў камандзе «крот».

Прычым пад падазрэннем быў менавіта Артур Гайко, пра якога чальцы ЧКБ не ведалі нічога. Таксама ён не праходзіў пэўную праверку. І гэта выклікала пытанні і падазрэнні.
Але Данііл Багдановіч запэўніў усіх, што гэта чалавек надзейны, бо ён зліў шмат карыснай і сакрэтнай інфармацыі. Апроч таго новы чалец каманды аказваў дапамогу ў эвакуацыі людзей, якім у Беларусі пагражаў пераслед і турэмныя тэрміны, рабіў іншую карысную справу для Офіса Святланы Ціханоўскай.

Праз такую «карыснасць» іншыя супрацоўнікі каманды нічога не маглі зрабіць з Артурам, нават папрасіць яго раздэаноніцца. Гэта тлумачылі небяспекай для самага «каштоўнага» супрацоўніка, які ў адрозненне ад іншых знаходзіцца ў Беларусі. Пры гэтым Артур самастойна даведаўся пра ўсіх чальцоў каманды ЧКБ

Якую іншую карысную працу Артур Гайко рабіў для Офіса Яніна Сазановіч не ведае. Яна лічыць, што адказаць на гэтае пытанне могуць Франак Вячорка і Данііл Багдановіч. Дакладна Яніна можа распавесці толькі пра адзін эпізод, які адбыўся ўжо калі было вядома, што Артур Гайко з ГУБАЗіКу. Дзяўчына мае доказы таго, як Артур Гайко распавядаў, што Офіс зараз працуе над стварэннем Аналітычнага цэнтра, у якім ЧКБ будзе выступаць каардынатам.

Дапамога Гайко ў эвакуацыі людзей выглядала наступным чынам. Чалавеку, якому пагражаў пераслед у Беларусі, дазвалялі пакінуць краіну. То бок, яго не арыштоўвалі, а давалі магчымасць з’ехаць. Такім чынам Гайко павышаў узровень даверу да сябе.

Ніхто зараз дакладна не ведае, ці на ўсіх людзей, якіх вывезлі такім чынам, былі заведзены крымінальныя справы, ці проста Артур Гайко пужаў імі. Але ў яго атрымалася зрабіць выгляд, што ён дае каштоўную інфармацыю і дапамагае людзям пазбегнуць турмы.

Напрыклад, калі адбыўся ператрус і пагром у кватэры маці Яніны Сазановіч, Артур Гайко паведаміў, што супраць Яніны ўзбуджана крымінальная справа. Але што гэта інфармацыя дае? Па-першае, факт ператрусу і так пацвярджае, што справа ўзбуджана. Па-другое, Яніна і мама былі ўжо ў бяспецы і ім нічога не пагражае.

У Артура Гайко быў доступ да ўсіх чат-ботаў ЧКБ і чатаў «Інфапоінта». У інтэрв’ю выданню «Зеркало» дырэктарка «Інфапоінта» Саша Раманава сказала, што «праблема ў тым, што мы, дзеючыя супрацоўнікі Infopoint Media Network, разумеем пад «Інфапоінтам» не тое, што ўсе астатнія…Мае калегі з восені 2020 года да мая 2021 года не лічылі ЧКБ часткай «Інфапоінта», не фінансавалі і не развівалі іх праект». Якой бачылі структуру «Інфапоінта» Вы?

У той час, калі асоба Артура Гайко была раскрытая, быў запланаваны вялікі ретрыт усяго «Інфапоінта». На яго быў запрошаны і губазікавец Гайко. Не разумею, чаму Саша Раманава дагэтуль працягвае даваць хлуслівыя каментары.

Артур Гайко ведаў месца правядзення ретрыта ў Гданьску. І ў першы дзень мерапрыемства да будынку, дзе ўсе сабраліся, прыехала машына, людзі з якой нас усіх фатаграфавалі. Не думаю, што гэта было нейкае супадзенне.

Што тычыцца фінансавання, гэта таксама не зусім адпавядае рэчаіснасці, бо прыватнае фінансаванне ЧКБ было значна меншым, чым сцвярджае Раманава. «Інфапоінт» не фінансаваў ЧКБ наўпрост, але прымаў непасрэдны ўдзел у пошуку донараў для праекта. Можа на паперах структура выглядае інакш, але ўвесь час нам казалі, што мы «Інфапоінт» і будуем медыяімперыю.

Якая роля ў Медыяімперыі «Інфапоінт» у Франака Вячоркі?

Дакладную колькасць медыя і каналаў, якія ўваходзяць у структуру «Інфапоінт» Яніна не ведае. Але агульны чат «Інфапоінт» налічвае 30-40 чалавек.

Франак Вячорка ладзіў агульныя сазвоны «Інфапоінта», на якіх распавядаў інфармацыйны парадак дня: дзе плануюцца якія мерапрыемствы з удзелам Святланы Ціханоўскай, пра што пажадана напісаць. Таксама ён з’яўляецца адміністратарам усіх тэлеграм-каналаў, якія ўваходзяць у «Інфапоінт». Мелі месца сітуацыі, калі Вячорка выдаляў пасты.

Колькасць пацярпелых праз дзейнасць Гайко і нядбайства супрацоўніка ЧКБ дакладна невядома.

Яніна лічыць, калі б нават пацярпеў адзін чалавек, гэта ўжо страта. Калі 20 ці 30 – гэта жах. І, на вялікі жаль, затрыманні працягваюцца, а з гэтым нічога не робіцца. Нядаўна быў затрыманы чарговы супрацоўнік аператара мабільнай сувязі.

Калі Яніна заяўляла пра свае падазрэнні, яе не слухалі. У дзень, перад тым як Гайко паказаў свой твар, Яніна з іншымі супрацоўнікамі і проста актывістамі былі ў гасцях у Данііла Багдановіча. Дзяўчына намагалася даказаць, што Гайко – не той, за каго сябе выдае. Ёй не верылі, з яе смяяліся.

Яніна лічыць, што ўкараненне «губазікаўца» не было наўмыснай правакацыяй з боку супрацоўнікаў ЧКБ. Але вось што было зроблена наўмысна, дык гэта працяг стасункаў Багдановіча і Гайко пасля таго, як стала вядома праўда.

Таму вінаватых дзяўчына патрабуе не проста адхіліць ад працы, а звольніць і не дапускаць ні да якой працы, звязанай з апацізыяй. Чалавек цалкам замазаны ў стасунках з ГУБАЗіКам. Артур Гайко нават свайго нованароджанага сына назваў імем Данііл.

Прыцягнуць да адказнасці Яніна патрабуе і Франака Вячорку, які сцвярджае, што да гэтай гісторыі і дзейнасці «Інфапоінта» дачынення не мае. Паказальна, што ад моманту абнародавання інфармацыі да адхілення Данііла Багдановіча ад працы прайшло чатыры месяцы. І адхілі яго толькі пасля таго, як СМІ пачалі асвятляць гэты выпадак. Гэта дае падставы думаць, што іншыя факапы проста замоўчваюцца.

Comments are closed.