Loading

У Малдове апазіцыйныя партыі – Сацыялістычная партыя і Партыя «Шор» – адназначна прарасійскія, супраць іх лідараў ідуць крымінальныя справы альбо ўжо вынесены прысуды. Ужо некалькі тыдняў партыя «Шор» ладзіць акцыі пратэсту ў цэнтры Кішынёва. У сталіцу Малдовы прывозяць праплачаных людзей, а антыкарупцыйныя службы краіны злавілі на гарачым сябра партыі з мільёнамі малдаўскіх лей, выдзеленых пратэстоўцам. У гэтай сітуацыі Марыяна Васілачэ на румынскім партале «Veridica» зрабіла маніторынг, як расійскія СМІ расказваюць пра палітычную сітуацыю ў Малдове. Яна знайшла наступныя прыклады ўмяшання Расіі ў справы Малдовы.

Крыніца: newsmaker.md

Былы прэзідэнт Малдовы і адначасова экс-лідар Сацыялістычнай партыі Ігар Дадон знаходзіцца пад хатнім арыштам (абвінавачваецца, у тым ліку, у дзяржаўнай здрадзе, карупцыі і незаконным фінансаванні сваёй партыі), што не перашкаджае яму раздаваць інтэрв’ю і рабіць крытычныя заявы наконт празаходняй палітыкі Малдовы, а таксама распаўсюджваюць дэзінфармацыю аб НАТА і меркаваным удзеле Малдовы ў вайне. Варта дадаць, што сябры Сацыялістычнай партыі і партыі «Шор» наведвалі Маскву і праводзілі сустрэчы з дэпутатамі Дзяржаўнай Думы.

Тым часам расійскія СМІ атрымліваюць інструкцыі, як пісаць пра вайну ва Украіне і ўсё, што з ёй звязана, у тым ліку і пра суседнюю Малдову. Малдова і яе прэзідэнт Мая Санду ў наратывах Крамля зʼяўляюцца негатыўным прыкладам для постсавецкіх краін.

Афіцыйныя расійскія каналы пастаянна крытыкуюць малдаўскія ўлады і сімпатызуюць расіянам і прарасійскім сілам у Малдове. Чаго вартыя адны толькі загалоўкі ў такіх СМІ як «Sputnik», ТАСС або РИА «Новости»: «Былы прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон не верыць у поспех еўраінтэграцыі рэспублікі», «Дадон: злачынныя гульні Захаду могуць прывесці да вайны ў Прыднястроўі», «Дадон лічыць, што NATO зацікаўлена ў пачатку канфлікту ў Прыднястроўі». РИА «Новости» апублікавала інтэрвʼю з Іланам Шорам, дзе ён пазіцыянуе сябе як ахвяру рэпрэсій малдаўскіх улад (пры гэтым не згадвае, што быў асуджаны за крадзеж грошай).

Тыгран Кеасаян (муж Маргарыты Сіманьян) у эфіры радыё Sputnik ахарактарызаваў Маю Санду як «румынку, якая атрымала ўладу і прывядзе Малдову да расколу». Там ён таксама задаў пытанне: «Чаму ў Малдове так выраслі цэны на энерганосьбіты, ніхто не заключыў доўгатэрміновых кантрактаў і як людзі будуць ацяпляць жыллё напярэдадні зімы?».

Загаловак ТАСС гучыць наступным чынам: «Дадон сцвярджае, што Мая Санду ператварае Малдову ў паліцэйскую дзяржаву». У сваю чаргу радыё Sputnik працытавала Дадона: «Палітыка Маі Санду можа прывесці да канфлікту ў Прыднястроўі, які перарасце ў новы ачаг вайны. Гэта, у сваю чаргу, апраўдала б «сяброўскі» уваход НАТА ў Румынію».

Расійскае агенцтва EurAsia Daily апублікавала наступныя артыкулы: «Пратэст ля амбасады ЗША ў Кішынёве: спыніць монстра Санду», «У Малдове апазыцыя абвінавачвае ЗША і НАТО ў з’яўленні монстраў». Дадамо з той жа крыніцы: «Санду рыхтуецца абвясціць ваеннае становішча і папраўкі да канстытуцыі».

Новы фаварыт расійскіх СМІ – беглы алігарх Ілан Шор. Пратэсты ў Кішынёве падаюцца як рэакцыя на сацыяльныя праблемы, насамрэч яны ствараюцца і падтрымліваюцца СМІ з Масквы. РИА «Новости называе сваю размову «Еўропа нам не патрэбна». Яшчэ адна цытата: «У Малдове будзе створаны Камітэт нацыянальнага ратавання, краіна пагружаецца ў сацыяльна-эканамічную катастрофу».

Заявы Шора падхопліваюць і пашыраюць расійскія медыя, каб прадэманстраваць: той, хто робіць стаўку на Расію, будзе мець прывілеі з яе боку. Так было з заявай Шора аб пастаўках газу на льготных умовах у Аргееў [рум. Архей] ці пра экспарт у Расію садавіны і агародніны з гэтага горада. Федэральная служба санітарнага нагляду Расіі пасля візіту двух дэпутатаў ад партыі «Шор» заявіла, што можа выдаць ліцэнзію на такі імпарт з Аргеева.

Такім чынам традыцыйныя расійскія СМІ змагаюцца з празаходнімі сіламі ў Малдове і піяраць «сваіх прыкарытнікаў».

Альберт Іваньскі

Comments are closed.