Loading

Святлана Ціханоўская знаходзіцца ў Швецыі. У першы дзень паездкі лідарка дэмакратычных сіл Беларусі правяла шэраг сустрэч са шведскімі палітыкамі і чыноўнікамі, а ўвечары сустрэлася з прадстаўнікамі беларускай дыяспары. Сябра дыяспары беларусаў Швецыі і народнай амбасады Зміцер Васэрман распавёў нам падрабязнасці сустрэчы.

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай.

Гэта ўжо трэцяя сустрэча беларусаў Швецыі са Святланай Ціханоўскай. У папярэднія разы яна таксама прыязджала напрыканцы восені – пачатку снежня. Сустрэча прайшла ў цёплай атмасферы. Удзельнікам спадабалася, што Святлана Георгіеўна размаўляла на беларускай мове. Разам з беларусамі былі таксама і прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары.

Абмяркоўвалі праблемы, з якімі нашы эмігранты сутыкаюцца ў краіне. Напрыклад, пытанні легалізацыі і атрымання палітычнага прытулку і абароны. Высветлілася, што шведскі Дэпартамент па міграцыі працуе са справаздачамі адносна стану ў Беларусі за 2019 год. А падзеі 20-21 і цяперашняя сітуацыя службай ніяк не ўлічваюцца. Нібыта не было і няма ніякіх рэпрэсій і небяспекі ўнутры краіны. Таму толькі 3% беларусаў, якія падаваліся на палітычную абарону, яе атрымалі.

Асаблівасць шведскай Канстытуцыі ў тым, што кіраўнік міністэрства не можа загадваць свайму ведамству як працаваць. З аднаго боку гэта добра, бо пазбаўляе падстаў для карупцыі і тэлефоннага права. З другога боку, міністр, якая ведае аб праблеме не можа яе хутка вырашыць.Таксама абмяркоўвалі дапамогу ўкраінцам у барацьбе з агульным акупантам – Расіяй.

Дыяспара беларусаў Швецыі да 2020 года была малаколькаснай. Арганізацыя прафесійна займалася досыць важнымі пытаннямі накшталт афіцыйнага ўвядзення ў Швецыі назвы Belarus (Беларусь) замест Weiss Rusland (Белая Расія). Пасля 2020 года колькасць і актыўнасць дыяспары павялічылася. Беларусы аб’ядналіся незалежна ад таго, як доўга яны знаходзяцца ў краіне.

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай.

Зміцер кажа, што ў Швецыі беларусы адчуваюць сябе ў бяспецы. Але ўлічваюць рызыкі і тое, што КДБ сочыць, а абсалютнай бяспекі не існуе ўвогуле. Аднак у параўнанні з беларусамі, што застаюцца ў РБ гэтыя рызыкі непараўнальна малыя.

Таму Зміцер Васэрман заклікае не баяцца і дзейнічаць. Бо вораг і бяда ў нас агульныя – гэта расійская і беларуская дыктатуры.

Поўную размову слухайце ў плэеры ніжэй.

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.