Loading

Беласток – польскі горад, дзе і раней жыло адносна шмат беларусаў, прычым, нават не эмігрантаў, а этнічных беларусаў, якія жылі там спрадвеку, а ў апошнія гады сваёй блізкасцю да Радзімы ён прыцягнуў да сябе многіх вымушаных з’ехаць з Беларусі нашых суграмадзян, якія шукалі паратунку ад палітычных рэпрэсіяў, разгорнутых рэжымам Лукашэнкі ў Беларусі. І ў час Калядных святаў усім, вядома ж, хочацца адцягнуць свае думкі ад цяжкой выгнанніцкай долі і проста святкаваць Божае нараджэнне. Прычым, святкаваць яго так, як традыцыйна святкавалі нашыя продкі ў Беларусі. Цэлы калядны марафон зладзілі некаторыя прадстаўніцы беларускай дыяспары ў Беластоку цягам апошніх тыдняў. Пра беларускае святкаванне Калядаў у Беластоку мы паразмаўлялі з беларускай культурніцкай актывісткай Марыяй Грыц.

Мы пачалі калядаваць з 25 снежня з Раства каталіцкага. Сабраліся, нас было шасцёра, з Казой, з Мядзведзем, зорку зрабілі такую незвычайную. І ў мясцовых чаціках запыталі, хто хоча нас прымаць. Атрымалася, што 10 адрасоў мы ўзялі, бо больш ужо не цягнулі.

І гэта была вельмі прыгожая прыгода. У кожнай хаце нас сустракалі, вельмі радаваліся. Некаторыя людзі даўно пераехалі і там вось была адна сям’я, дзе дзеткі ўжо не разумелі беларускую, і мама ім перакладала на польскую, што мы кажам. То бок, магчыма, у іх была першая сустрэча з беларускай мовай, і, спадзяюся, што вельмі добрая сустрэча. Былі людзі, якія нядаўна пераехалі, і ім быў такі перапынак ад цяжкіх думак. Таму што пераезд – гэта балюча, эміграцыя – гэта складана. І вось яны хаця б на паўгадзіны адцягнуліся ад сваіх цяжкіх думак і радаваліся разам з намі – спявалі, танцавалі, частавалі казу.

Потым у нас яшчэ на Мове Нанова была тэма «Каляды» і мы звычкі, традыцыі, спевы вывучалі. Наступная ў нас была вечарына традыцыйнай культуры Беларусі – была батлейка, таксама калядоўшчыкі прыйшлі і яшчэ быў майстар-клас па пляценню павука.

Крыніца: facebook.com/marigrits

І скончылі мы гэты марафон ужо 7 студзеня, калі мы яшчэ раз калядавалі – такім жа складам хадзілі па хатах і таксама нас вельмі радасна сустракалі. З такіх цікавых гісторый мяне вельмі кранула, як мы прыйшлі ў сям’ю і там быў хлопчык гадоў трох. Ён так уразіўся, што Каза ўпала, і ён яе падымаў печывам. Ён не разабраўся, дзе ў Казы рот і піхаў печыва ў дзіркі ў масцы для вачэй. То там у Казы ўжо не было шанцаў не ўстаць.

Крыніца: facebook.com/marigrits

А ці гэта ў вас там утвораны нейкі такі гурток, ці людзі проста пад нейкія святы збіраюцца такой кампаніяй?

У нас выпадкова сабралася кампанія калядоўшчыкаў. Кагосьці я ведала раней, з кімсьці пазнаёмілася ў Беластоку, хтосьці далучыўся незнаёмы. Але так добра супала, што мы адзін раз пахадзілі па хатах, другі, і яшчэ дзяўчаты ўзялі ўдзел у вечарыне гэтай культурнай. Я не магу сказаць, што гэта такі прафесійны гурток для калядавання, але так склалася, што мы супалі ў інтарэсах.

А ці вы неяк рыхтаваліся – развучвалі нейкія песні, абрады, ці гэта ўсё неяк так стыхійна, спантанна было?

Звычайна для мяне калядаванне – гэта стыхійная гісторыя. То бок, непасрэдна ў дзень калядавання я збірала людзей, мы сяк-так прабягаліся па песнях, крышачку абмяркоўвалі сцэнар і потым ужо хто як мог, той так і выступаў. Але гэтым разам мае каляжанкі аказаліся вельмі адказнымі. Мы тры разы сустракаліся, вучылі песні, быў сцэнар адмысловы, мы развучвалі рэплікі – хто за кім што гаворыць. І нават з першай хаты выступ быў такі добры!

Вы хадзілі толькі па беларусах, ці вас сустракалі і віталі і палякі?

Мы хадзілі па хатах беларусаў, якія захацелі нас прымаць. Але, калі нас бачылі палякі на вуліцы, яны нам казалі «Вясёлых свят» і проста ўсміхаліся, глядзелі на нас такімі вялікімі вачыма. А яшчэ аднойчы мы ехалі ў аўтобусе, і падлеткі польскія настолькі ўразіліся, што ўжо яны потым выйшлі і даганялі аўтобус і пацалункі нам паветраныя дасылалі і паказвалі сардэчкі. То бок, трошкі такое пранікненне ў польскую культуру было.

А дзе адбываліся вось тыя культурніцкія імпрэзы, пра якія ты казала, і хто ўдзельнічаў?

Яны праходзілі ў «Новай зямлі» і ўдзельнічала ўся тая ж каманда, якая і калядавала, проста ў іншых ролях. Калі мы рабілі батлейку, гэта была неймаверная супольная праца: я вадзіла лялькі, а Вольга Івашына пагадзілася чытаць тэкст і гэта было вельмі душэўна, з такім жывым гукам. І ў нас былі нават свае такія ўмоўныя знакі, якую ляльку выводзіць. І, падаецца, мы справіліся добра. Я там адзін раз заблыталася, але Вольга мяне выратавала.

І потым а нас прыйшлі калядоўшчыкі і танцавалі разам з дзеткамі, з Мішкам карагоды вадзілі. Гэта было проста шчасце для маленькіх патанцаваць, паўдзельнічаць. Загадкавы бусел загадваў загадкі, і гэта таксама было вельмі цікава і для малых і для дарослых. Бо не кожны дарослы яшчэ мог даць рады тым загадкам.

Крыніца: facebook.com/marigrits

І потым мы плялі павука. Мы спачатку думалі, што гэта будуць кактэйльныя палачкі, бо мы толькі зімой прыдумалі рабіць гэты майстар клас, думалі зімой нідзе саломы не знойдзеш. Аказалася, што можна па інтэрнэту ў Польшчы набыць без праблем. І вось у нас саламяныя павукі. Дзеці стараліся рабіць іх і панеслі іх дамоў. Яны можа і троху крывенькія, але ж першыя павукі ў беларускіх дзетак з’явіліся. Рабілі з такой любоўю і такім інтарэсам, што магчыма, нават калі няма нейкай мастацкай каштоўнасці ў гэтых павукоў, то ёсць такая каштоўнасць ручной працы дзіцячай.

Што вы накалядавалі? Ці гэта сакрэт?

Не сакрэт! Я пахвалюся. Мы накалядавалі два кавалкі сала, нармальнага, такога як дома. Адзін кавалак быў нават з кменам, то бок, напэўна, нехта сам саліў, бо ў краме я не бачыла, каб тут прадавалася. Таму гэта былі такія самыя каштоўныя падарункі калядоўшчыкам. Алкаголь нам давалі і печыва, цукерак у нас цэлы воз. Вось такі наш здабытак.

Якія планы надалей?

Планы ўсе – гэта вярнуцца дадому як мага хутчэй. На бліжэйшы час маем на думцы зрабіць імпрэзу на Вадохрышча. Калі будзе ласка лёсу і прыедзе да нас пані, якая ведае, як варажыць, то будзе такая містычная імпрэза. І яшчэ думаем адмысловы майстар клас зрабіць па пляценні павука, таму што гэта трэба больш часу, трэба больш распавесці, што гэта за павукі, нашто яны, што гэта за традыцыя. Шчыра запрашаю сачыць за падзеямі ў хабе «Новая зямля». Усё, што мы прыдумаем, мы будзем ладзіць там, будзе цікава, карысна, і, магчыма, будуць нейкія новыя адкрыцці.

Крыніца: facebook.com/marigrits

Поўную размову слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.