Loading

Майстар-клас даследчыка рэпрэсій на Беларусі Ігара Станкевіча «Радавод: як і дзе шукаць звесткі пра продкаў» прайшоў у Варшаве ў Музеі Вольнай Беларусі. А ў хуткім часам пачнецца адпаведная серыя лекцый. У аснове – уласны досвед даследчыка, які здолеў аднавіць трагічную гісторыю сваіх рэпрэсаваных продкаў. Па словах спадара Ігара, менавіта зараз, у тых умовах, у якіх апынуліся беларусы, асабліва важна ведаць гісторыю сваёй сям’і.

«У бліжэйшы час у нас распачынаецца чарговая хваля курса па радаводзе. Як яго нам складаць, дзе шукаць звесткі. Гэты курс я распрацаваў на платформе «Нацыя лідараў» і, па сутнасці, гэта была такая ідэя прэзентацыі таго, што будзе на гэтым курсе. Таму мы запрасілі сюды людзей, і спадзяемся, што большасць з іх далучыцца. Таму што ведаць свае карані, асабліва ў наш час, калі нам намагаюцца перапісаць гісторыю, гэта вельмі карысна».

Пры гэтым даследчык адзначае, што зараз знайсці інфармацыю можа быць цяжка. Па-першае, з-за мяжы доступ больш складаны. А па-другое, калі продкі былі рэпрэсаваны, то можна сутыкнуцца з супрацьдзеяннем з боку беларускіх уладаў. У некаторых выпадках, гаворка ідзе, хутчэй за ўсё пра салідарнасць сучасных беларускіх сілавікоў з катамі савецкага перыяду.

«У Беларусі ёсць некаторыя архівы, дзяржаўныя, напрыклад гістарычны архіў, Нацыянальны архіў, яны адчыненыя. Зачынены архіў КДБ. Даследчыкі не маюць доступу да матэрыялаў спраў рэпрэсаваных. І нават сваякі, у іх доступ вельмі абмежаваны. Таму што, па-першае, трэба пацвердзіць сваяцтва. Так патрабуе КДБ, а не ва ўсіх захаваліся дакументы. А па-другое, не ўсе дакументы яны даюць. А калі нават і даюць, то яны хаваюць прозвішчы катаў. Я не ведаю чаму, але ў іх такая палітыка. Напрыклад архіў у Гомелі проста адмаўляе па фармальных прычынах, нібыта ў справах захоўваюцца звесткі пра трэція асобы».

У іншых выпадках, гаворка ідзе аб супрацьдзеянні не на ўзроўні аднаго ведамства, а на ўзроўні дзяржавы.

«Што тычыцца той базы рэпрэсаваных, пра якую я казаў, гэта база неабгрунтавана рэпрэсаваных жыхароў БССР. Яна стваралася па загадзе Вярхоўнага Савета на пачатку дзевяностых гадоў, каб ушанаваць памяць неабгрунтавана рэпрэсаваных. Архіў з таго часу, больш за 30 год збіраў гэтыя звесткі. І гэтая база, першапачаткова, мусіла быць дасяжная ўсім, хто толькі пажадае. І так было да 2018 года. Зараз сітуацыя змянілася. І гэта высветлілася пасля таго, як я спачатку атрымаў даведкі на прадзеда з прабабкай, а потым вырашыў на іншых сваякоў. І раптам адчуў, што яны пачынаюць мне хлусіць, вадзіць за нос, нейкія тэрміны выкарыстоўваць… пакуль я не пайшоў судзіцца. Гэта ўжо 2020 год быў перад кампаніяй (выбарчай). Архіў схаваў гэтую базу, зрабіў яе для службовага карыстання, да яе маюць доступ некалькі чалавек. Нават распрацавалі адмысловую паперку і прынеслі яе ў суд. І ў неафіцыйных размовах у калідорах яны тлумачылі, што людзі звяртаюцца па звесткі ў гэтую базу, каб атрымаць інфармацыю, што іх рэпрэсаваныя продкі былі палякамі. Каб потым атрымаць карту паляка».

Курс «Радавод» аўтарства Ігара Станкевіча пачнецца 12 чэрвеня. Ён бескаштоўны і адбудзецца ў фармаце анлайн. Зарэгістравацца можна на партале «Нацыя лідараў».

Comments are closed.