Loading

За апошнія тыдні Расію вызналі краінай-спонсарам тэрарызму амаль усе галоўныя палітычныя пляцоўкі Еўропы і Генеральная асамблея НАТА. 30 краін-удзельніц пагадзіліся і з прапановамі ўкраінскай дэлегацыі. Сярод іх – павелічэнне паставак Украіне зброі, распрацоўка канкрэтных крокаў для ўступлення Украіны ў НАТА, а таксама стварэнне механізмаў спагнання з Расіі рэпарацый.

У эфіры радыё Ўнэт старшыня пастаяннай дэлегацыі Украіны ў ПА НАТА, дэпутат ад фракцыі «Слуга Народу» Ягор Чэрнеў пракаментаваў гэтую гістарычную падзею.

Напярэдадні прыняцця рэзалюцыі было праведзена некалькі сустрэч з партнёрамі, але пераконваць нікога не было патрэбы. Усе разумеюць, што Расія – краіна тэрарыст. Асабліва пасля апошніх абстрэлаў, у якіх гінуць мірныя ўкраінцы і знішчаецца цывільная інфраструктура. Мы таксама рабілі акцэнт на тым, каб вызнаць гэта генацыдам украінскага народу, але пакуль гэтая тэма адкладзена.

У Парламенцкай асамблеі НАТА ва ўсіх абсалютна праўкраінская пазіцыя, таму мы дасягнулі сваёй мэты і Расію вызналі краінай-тэрарыстам.

Пакуль гэта рэзалюцыя больш палітычная заява і крок краінаў-чальцоў НАТА. А таксама аргументацыя для іх, каб яны прымалі адпаведныя рашэнні ў сваіх нацыянальных парламентах. І тады юрыдычныя наступствы для РФ будуць адчувальнымі.

Пакуль што ў нацыянальным заканадаўстве ЗША дэтальна вызначана, што іх краіна робіць у выпадку вызнання іншай краіны спонсарам тэрарызму. Тут я бы, нават, удакладніў, што ў выпадку з Расіяй – крыніцы тэрарызму. Да такіх краін зараз адносяцца Паўночная Карэя, Сірыя, Іран. А ў дачыненні да іх дзейнічае жорсткая ізаляцыянісцкая палітыка. З такой краінай разрываюць дыпламатычныя, эканамічныя, культурныя і іншыя сувязі.

Чаму Украіна зараз патрабуе такога вызнання? Таму што мы разумеем, што застаюцца краіны, якія маюць з Расіяй эканамічныя стасункі. То бок, фактычна за іх кош Расія працягвае забіваць украінцаў. Я спадзяюся, што пасля прыняцця такога рашэння ПА НАТА і ПА Рады Еўропы, падобныя рашэнні будуць прымаць нацыянальныя парламенты і ўрады. На іх падставе будуць распрацоўваць механізма ізаляцыі Расіі. І рана ці позна РФ ператварыцца ў Паўночную Карэю-2.

Страху перад Расіяй больш няма, а яе палітыка шантажу правалілася

Мы бачым дакладную пазіцыю нашых заходніх партнёраў, якія не баяцца Расійскай Федэрацыі і не будуць падыгрываць ёй у яе шантажу. Насамрэч такая дакладная і паслядоўная пазіцыя заходняга свету была бачна яшчэ напрыканцы мінулага году, калі Расія атрымала канкрэтную адмову на патрабаванне вярнуць межы НАТА да ўзроўню 1997 году. І дагэтуль гэтая паслядоўная палітыка непрыняцця расійскага шантажу існуе і ўзмацняецца.

Усе добра памятаюць шантаж атамнымі электрастанцыямі, затым фактычны тэрор энэргаструктуры, і перыядычныя пагрозы ўжывання ядзернай зброі. На ўсе гэта НАТА і іншыя партнёры рэагуюць стрымана, бо разумеюць, што праз гэта Расія намагаецца вытаргаваць сабе кампрамісныя варыянты выхаду з гэтай вайны. То бок, пакінуць у сваім складзе Данбас і Крым, а можа і яшчэ якую частку ўкраінскай тэрыторыі і скончыць вайну.

Але мы такога ім не дазволім. Мы не гандлюем уласнымі тэрыторыямі і людзьмі! Таму мы не пагодзімся ні праз які шантаж адмовіцца ад нашых тэрыторый. У тым ліку Крыму і Данбасу, якія ёсць часткай Украіны. Захад нічога не баіцца, рыхтуецца да любога развіцця падзей і ўзмацняецца.

Што чакае Лукашэнку

Што да рэжыму ў Беларусі, то няма ніякага сумневу, што Лукашэнка з’яўляецца стаўленікам Пуціна ў Беларусі. Мы яго лічым таксама «крывавым рэжымам», які павінен несці адказнасць, бо з’яўляецца пагрозай для Украіны. Я думаю, што санкцыі супраць яго ўзмоцняцца. І гэтую пазіцыю нашыя заходнія партнёры з намі падзяляюць.

Мы таксама выступаем за тое, каб усе апазіцыйныя сілы Беларусі аб’ядналіся. І Кабінет на чале з Ціханоўскай і полк Каліноўскага, які за нас ваюе. І каб яны выпрацавалі канкрэтны план барацьбы з рэжымам.

Відавочна, што калі Украіна пераможа, то і рэжым Лукашэнкі не ўтрымаецца. І тады дэмакратычныя сілы знойдуць магчымасці прыйсці да ўлады і правесці ў вольнай Беларусі дэмакратычныя выбары. І мы з задавальненнем будзем дапамагаць нашым беларускім сябрам. Бо лукашэнкаўскі рэжым для нас – пагроза.

Comments are closed.