Loading

12 лістапада. Гэты дзень ужо ўвайшоў у найноўшую гісторыю Беларусі як дзень жалобы і смутку. У гэты дзень два гады таму ў двары па адрасе вуліца Чарвякова 25, карнікамі рэжыму Лукашэнкі быў забіты актывіст, патрыёт і проста беларус, які хацеў жыць у свабоднай краіне, Раман Бандарэнка. Гэтая падзея стала яшчэ адным доказам таго, што як бы ні хацеў гэтага рэжым, але ніякую старонку перавярнуць ужо не атрымаецца. Гэта адлюстравана і ў вельмі сімвалічнай назве, пад якой у Беларусі і за яе межамі стаў вядомы гэты ціхі двор – «Плошча Перамен». Перамен, якія ўжо не спыніць.

Неўзабаве, пасля страшнай навіны аб смерці Рамана, у сетцы з’явіліся некалькі запісаў «злітых» тэлефонных размоваў. Галасы на запісах і змест размоваў дазволілі выказаць здагадку, што, хутчэй за ўсё, у тыя ночы па дварах Мінска ездзіла сапраўдная банда, якая складалася з асабліва набліжаных да Лукашэнкі людзей. Гэта Прэс-сакратар дыктатара Наталля Эйсмант, які на той момант займаў пасаду кіраўніка федэрацыі хакея, Дзмітрый Баскаў, цяпер член савета Рэспублікі, былы баксёр Дзмітрый Шакута, які непасрэдна падазраецца ў забойстве Рамана, а таксама некаторая колькасць сілавікоў.

Літаральна на наступны дзень, калі стала вядома, што Раман памёр у шпіталі, на плошчу сталі сцякацца людзі, там жа ўтварыўся мемарыял, які ўжо праз 3 дні будзе знішчаны. У той жа дзень, у тым самым месцы будуць затрыманыя журналісткі Белсата Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева. Крыху менш, чым праз два гады, Дарʼю выпусцяць і яна пакіне краіну. Кацярыне Андрэевай прысудзяць да 8 гадоў і трох месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яна знаходзіцца ў зняволенні да гэтага часу. Яшчэ праз некалькі дзён затрымаюць журналістку TUT.BY Кацярыну Барысевіч і лекара, Арцёма Сарокіна, нібыта за разгалошванне медыцынскай таямніцы. Па версіі сілавікоў, Раман на час затрымання быў пʼяны. Інфармацыя ад доктара, апублікаваная журналісткай, гэтую версію абвяргае. Мурал на «Плошчы перамен» знішчаць, а сам двор возьмуць пад узмоцненую ахову.

Калі нехта думае, што падобным вандалізмам займаюцца толькі беларускія сілавікі, то памыляецца. Тым самым займаюцца і так званыя «дыпламаты» рэжыму. Мурал у гонар усіх забітых рэжымам беларусаў неаднаразова ствараўся дыяспарай насупраць беларускай амбасады ў Варшаве і неаднаразова знішчаўся супрацоўнікамі гэтай амбасады. На другую гадавіну смерці Рамана Бандарэнкі, беларусы Варшавы зноў сабраліся перад дыпламатычнай місіяй, каб ушанаваць хвілінай маўчання Рамана і ўсіх ахвяр рэжыму Лукашэнкі, а таксама аднавіць стыхійны мемарыял. Адна з арганізатараў акцыі, спадарыня Алена, спадзяецца, што гэты мемарыял не будзе знішчаны.

«Гэты мурал быў зроблены яшчэ год таму, але яго трэба было аднавіць. Таму ў гэты дзень мы сабраліся тут. Прынеслі фотаздымкі, бо, на жаль, колькасць ахвяраў павялічваецца. Цяпер тут з’явяцца і фотаздымкі загінулых «каліноўцаў». Нават калі яны (прадстаўнікі амбасады), спрабуюць нешта тут знішчыць, у іх нічога не атрымоўваецца. Я вельмі спадзяюся, што гэтага не адбудзецца».

Аддаць даніну памяці сапраўднаму герою ў Музей свабоднай Беларусі прыйшло больш за сотню чалавек. У Варшаве, у вечары памяці прыняла ўдзел і маці Рамана Бандарэнкі, Алена. Сястра Рамана, Вольга, адзначае, што ўшанаваць памяць аб Рамане ў Беларусі, сямʼя належным чынам не можа.

«Мы палічылі, што сёлета не атрымаецца арганізаваць мерапрыемства ў тым фармаце, у якім мы хацелі б. Сабраць блізкіх, зʼездзіць на могілкі. Мяркуючы па тым, што адбывалася летась: мы замовілі паніхіду, але ў далейшым адзін са святароў, які пагадзіўся нам дапамагчы, вымушаны быў эміграваць, другога пасадзілі… Не хацелася б кагосьці падстаўляць такім чынам, ахвяраваць бяспекай людзей».

Незадоўга да сваёй сваёй трагічнай гібелі, Раман звольніўся з працы і, як гавораць члены яго сям’і, хацеў пачаць новае жыццё. На «плошчы Перамен» ён пачаў весці майстар-класы па маляванні з дзецьмі. Усе адзначалі, што ў Рамана вельмі добра атрымлівалася з імі ладзіць і, магчыма, гэта і было яго лёсам. Тут жа ў Музеі Вольнай Беларусі, у памяць аб Рамане і яго працы з дзецьмі, праходзіў майстар-клас для дзяцей па маляванні.

Акцыя памяці Рамана Бандарэнкі прайшла і ў Вільні. Беларусы сабраліся ля беларускай амбасады, каля агароджы якой вось ужо два гады існуе своеасаблівая алея памяці ахвяр рэжыма. 12 лістапада ўздоўж алеі былі запалены знічы. Запалены не толькі побач з фотаздымкам Рамана, але і іншых загінуўшых ад рук сілавікоў Лукашэнкі.

Поўны рэпартаж слухайце па спасылцы.

Comments are closed.