Пастаноўку паводле славутай паэмы Адама Міцкевіча паказалі на сцэне гарадскога цэнтра культуры ў першыя выхадныя вясны. Тры тэатральныя вечары, тры спектаклі, і традыцыйны солд-аўт: як потым высветлілася, беларусы ехалі на «Дзядоў» з самых розных гарадоў Польшчы, Літвы і нават Латвіі. Сумесны праект свабодных Купалаўцаў і польскага рэжысёра Паўла Пасіні ў чарговы раз прайшоў з вялікім поспехам.
«Гэты твор з’явіўся роўненька год таму, – распавёў пасля паказаў Аляксандр Гарцуеў. – І вось мы ізноў у Любліне. І нават не ведаю, як можа выглядаць наш спектакль на іншых пляцоўках. Бо тут яна абсалютна спецыфічная. «Перакулены» зал, глядач сядзіць на сцэне, адмысловая прастора».
«Дзяды» вярнуліся ў Люблін роўна праз год пасля прэм’еры – на тую самую сцэну і ў тыя ж самыя дэкарацыі. Паказам папярэднічаў даволі сціслы рэпетыцыйны графік. «Усё здароўе паклалі тут», – натхнёна распавядае народная артыстка Беларусі Зоя Белахвосцік. У «Дзядах» яна сыграла галоўную ролю.
– Мы адчувалі роднасць з гледачом. Разумелі: тое, што мы рабілі на «Дзядах» – гэта патрэбна, гэта неабходна. Хацелася б паказаць гэты спектакль у розных гарадах, каб яго паглядзела як мага больш беларусаў. Каб спектакль жыў, яго трэба іграць. А так ён затухае, вельмі цяжка яго аднаўляць. Да таго, як прыехаць у Люблін да Паўла Пасіні, мы самастойна рыхтаваліся. Памеры тэксту неверагодна вялікія ў кожнага. Таму былі тры дні вельмі насычаных рэпетыцый. Спадзяемся, што цяпер, пасля аднаўлення, мы зможам часцей паказваць гэты спектакль. Было б дзе.
– Адам Міцкевіч належаў да тых людзей, для якіх эміграцыя была адзнакай, а нават драмай усяго жыцця. Ці дапускаеце Вы, што таксама можаце не вярнуцца ў Беларусь?
– На жаль, мы пра гэта размаўляем. У нас ёсць розныя версіі. Я ўпэўненая, што мы вернемся. Але калі складзецца лёс, што нам давядзецца тут затрымацца – дык што рабіць? Будзем ствараць беларускае. Значыць такі лёс, так трэба.
Сваю славутую паэму «Дзяды», названую паводле беларускага абраду памінання продкаў, Адам Міцкевіч пісаў амаль усё жыццё. Надзвычай аб’ёмная – больш за 300 старонак – яна створана на аснове сялянскіх песень і формулы народных заклінанняў, пра што казаў сам Міцкевіч. Аднак «Дзяды» – гэта не толькі містычна-філасофскае, а і жыццёва-драматычнае палатно. У адной з частак паэт апісвае зняволенне філаматаў і філарэтаў у царскай турме. Паралелі з сучаснасцю шукаем разам з акцёрам Алегам Гарбузам. У спектаклі ён сыграў Сенатара і Злога пана, якія па задуме рэжысёра з’ядналіся ў адзін суцэльны вобраз.
– Што было 200 гадоў таму, тое ёсць і сёння. Ціск з расейскага боку яшчэ больш узмацніўся. Але я думаю, што ў гэтым стагоддзі імперыя скончыцца. Яна яшчэ ніколі не была такой слабой. Асабіста я маю надзею, што хоць краем вока, але пабачу тое, дзеля чаго мы многім ахвяравалі.
Містычную частку паэмы «Дзяды» Купалаўцы сумясцілі з эпізодамі ў турме. Спектакль стаў максімальна сугучным рэальнасці, а лёс зняволенага ў святаянскіх мурах Густава да болі нагадвае ўсё, што адбываецца сёння ў Беларусі з палітвязнямі. «Мы знайшлі ў Міцевіча так шмат паралеляў! Нічога не трэба змяняць», – пагаджаецца з калегамі актрыса Валянціна Гарцуева.
– У спектаклі я іграю Дзяўчыну. Для мяне гэта збіральны вобраз. Магчыма, нейкая моладзь Беларусі, якая з’яўляецца ў абсалютна розных сцэнах. Мая гераіня шукае адказу ў гледача, шукае яго вачэй, будуе з ім сувязь.
– Гледачы сядзяць фактычна на сцэне, бо іх месцы сталі часткай дэкарацый. Як Вы адчуваеце сябе на такой мінімальнай ад публікі дыстанцыі?
– Мне вельмі ўтульна. У нас увогуле вельмі мала такіх спектакляў, дзе гледачы сядзяць проста на сцэне. Гэта як быццам яднае нас. Я перастаю хвалявацца, мяне гэта вельмі разнявольвае.
За час, праведзены ў эміграцыі, Купалаўцы маюць на сваім рахунку ўжо некалькі вялікіх пастановак. Гэта «Гусі-людзі-лебедзі» па адной з частак антыўтопіі «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча, «Сфагнум» паводле рамана Віктара Марціновіча. «Дзяды» сталі трэцім спектаклем у выгнанні. На яго чарговы паказ беларусы прыязджалі з самых розных гарадоў замежжа. Вікторыя, напрыклад, дабіралася ў Люблін з Варшавы.
– Гэта ўнікальная магчымасць убачыць Купалаўцаў. Спектакль зараз вельмі актуальны для тых момантаў і часоў, якія перажываюць беларусы. Ты ведаеш, што ў вязніцах сядзяць людзі. Ведаеш, што затрымліваюць дзяцей, сыноў. Што адчуваюць іх маці? Гэтыя яскравыя паралелі настолькі ўражваюць… Асабліва калі са сцэны пра іх кажуць такія майстры.
Яшчэ адзін глядач прыехаў на паказ з Таліна.
– Я даўно жыву ў Эстоніі, але ніколі не губляў сувязі з Беларуссю. Трэба падтрымаць Купалаўцаў, якія з’ехалі. Таму калі ёсць нагода, варта прыехаць. Мне вельмі спадабалася.
А наўздагон настойлівае і такое частае сёння: што і дзе пакажуць Купалаўцы наступным разам? Пакуль што адказам замінаюць і тэхнічныя, і фінансавыя, а часам і банальныя бюракратычныя пытанні: у чаканні відаў на жыхарства многія акцёры папросту не могуць выязджаць у іншыя краіны. Зрэшты, убачыць пастаноўкі Купалаўцаў можна на юцюб-канале @kupalaucy. Частка спектакляў ёсць у свабодным доступе, а за некаторыя можна заплаціць невялікую суму і такім чынам падтрымаць незалежную трупу.
Comments are closed.