Loading

Ваенны медык Мар’яна Мамонава падчас цяжарнасці трапіла ў акружэнне ў Марыўпалі, а пасля ў расійскі палон. У канцы верасня разам з больш чым 200 украінскімі вайскоўцамі яе абмянялі на Віктара Медвядчука і расійскіх вайскоўцаў. Мар’яна нарадзіла дачку ва Украіне праз 3 дні пасля вызвалення. У інтэрвʼю Radio Wnet жанчына расказала, чаму ёй не ўдалося пазбегнуць палону, як ёй пагражалі забраць дзіця і чаму яна дагэтуль хавае ежу пад падушкай.

Фота: асабісты архіў гераіні.

Першае і самае галоўнае пытанне, спадарыня Мар’яна, пасля таго, як Вы ўсе гэта перажылі, як Вы сябе адчуваеце і як адчувае сябе Ваша дачка?

Вы ведаеце, я сябе адчуваю выдатна, бо разумею, што дома. Я нарадзіла ва Украіне, таму што вельмі гэтага хацела. Маё найвялікшае жаданне было нарадзіць дзіця ва Украіне.

Давайце тады Вы раскажыце сваю гісторыю вайны ад пачатку. Як так сталася, што вы апынуліся ў Марыўпалі цяжарнай?

Я працавала ў адным з батальёнаў, у баявым батальёне марской пяхоты. Гэта быў 501-ы батальён. У пачатку снежня батальён увайшоў у зону баявых дзеянняў. Гэта было сяло Шырокіна Данецкай вобласці. Трэба сказаць, што вайна ў гэтай зоне пачалася значна раней, а з 18 лютага пачалося ўжо абвастрэнне, вельмі інтэнсіўнае. Быў аддадзены загад адступаць і батальён адступіў на Марыўпаль, але не на Азоўсталь, а на завод Ільіча. І да 3 сакавіка мы былі на гэтым заводзе.

Вы на той момант не ведалі пра сваю цяжарнасць? Як Вы даведаліся?

Пра сваю цяжарнасць я даведалася, калі ўжо была ў бункеры. Гэта была ўжо палова сакавіка. У мяне не было відавочных прыкмет цяжарнасці, таму што мы ўсё яшчэ былі ў стрэсе, недасыпалі, недаядалі. Жаночы арганізм па-свойму рэагуе на стрэс, таму я не звярнула на гэта ўвагі, пакуль аднойчы мне не стала блага. У мяне застаўся адзін тэст на цяжарнасць, і ён паказаў мне дзве такія выразныя чырвоныя палоскі і нібыта сказаў мне «Прывітанне, мама!» Шчыра кажучы, гэта быў шок. Я пачала плакаць, бо не ведала, што рабіць. Марыўпаль на той момант быў ужо акружаны, выйсця не было, зялёныя калідоры былі пад абстрэлам. Нават калі выйду на якім-небудзь блокпосце, фільтрацыйным, яны ўсе роўна забяруць мяне, таму што я ваенная. Я прыняла рашэнне застацца са сваімі хлопцамі да канца, рабіць сваю справу.

Вы каму-небудзь расказалі, адразу?

Не, я нікому пра гэта не расказвала. Адзін з кіроўцаў, ведаеце такі мужчына з жыццёвым вопытам, мае дзвюх дачок і ўжо трох-чатырох унукаў, сказаў мне: «Мар’яна Уладзіміраўна, вы думаеце, што я не пазнаю цяжарную жанчыну? Вы ж бялейшая за сцяну. Я ведаю, што Вы цяжарная».

Вы не сказалі нават свайму мужу і родным? Чаму?

Я нікому не расказвала, таму што не была ўпэўнена, што я выйду. Я ўяўляла сябе на месцы мужа. І адна справа, калі ён даведаецца, што загінула жонка, а калі даведаецца, што жонка была ў палажэнні, то гэта будзе вялізны ўдар для яго. Аднойчы я напісала смс, у якім я развіталася з мужам, паставіла смайлік сям’і, але прама не сказала. Хоць пазней ён сказаў мне, што здагадаўся, што я цяжарная.

Што Вы рабілі, калі знаходзіліся ў Марыупалі, на заводзе, у бункеры?

Мы аказвалі медыцынскую дапамогу. Мы забіралі хлопцаў з першай лініі, у бункеры мы апрацоўвалі раны, мянялі павязкі кожны дзень. Умовы, вядома, былі антысанітарнымі, таму што гэта бункер, дзе няма патоку свежага паветра. У той час было шмат параненых, толькі ў батальёне лёгка параненых было 130 чалавек. Уявіце сабе, 50-60 чалавек прыходзілі да мяне кожны дзень, і з раніцы да вечара я рабіла перавязкі.

Зразумела, што хлопцы гінулі, у тым ліку і з вашай часці. Як Вы ўспрымалі смерці, будучы цяжарнай?

Спачатку гэта было вельмі складана. Я не скажу, што ў канцы было прасцей. Проста пазней вы пачынаеце разумець, што ёсць выпадкі, калі проста нічога нельга зрабіць. Ёсць сітуацыі, калі вы проста не можаце, таму што вядзецца артылерыйскі агонь і немагчыма выехаць. Людзі, якія там ратуюць параненых, робяць усё, што ў іх сілах. Я разумела, што гэта чыесьці дзеці, чыесьці бацькі. Я працавала ў гэтым батальёне чатыры гады і ведала ўсіх. Людзі, якія загінулі, ужо прайшлі ўсе ратацыі, і гэта былі сапраўдныя байцы, якія добра ведалі сваю працу. Сорак два чалавекі загінулі, і з сарака двух я ведала ўсіх. Самаму малодшаму быў 21 год.

Калі вы знаходзіліся ў бункеры, на што Вы спадзяваліся? Як Вы бачылі выйсце з гэтай сітуацыі?

Нас запэўнівалі, што будзе падмога. З кожным днём рабілася ўсё цяжэй. Завод, на якім мы знаходзіліся, зраўнялі з зямлёй. Авіяцыя не спынялася, артылерыя таксама. Калі пачаліся праблемы са зброяй, мы зразумелі, што шанцаў для кожнага з нас з кожным днём становіцца ўсе менш. Мы прачыналіся ад таго, што на будынак, у падвале якога мы знаходзіліся, скідвалі авіябомбы. Гэты быў пяціпавярховы будынак, пасля ад яго засталося толькі паўтара паверха. Па праўдзе кажучы, я вельмі баялася патрапіць у палон. У мяне нават быў план, што зрабіць з сабой, калі мяне схопяць. Але ўсе планы праваліліся, бо ў нас забралі ўсе асабістыя рэчы.

А як Вы ўвогуле даведаліся і праз колькі часу, што Вас чакае палон? І як Вы адрэагавалі?

Нам сказалі, што мы едзем на ўзмацненне адной з рот, якая ў той час панесла вялікія санітарныя страты. То бок мы павінны былі ўзяць з сабой бронекамізэльку, каску, асабістыя рэчы і выехаць. У дзве гадзіны ночы мы пагрузіліся ў машыну і рушылі. У нейкі момант нас спыняюць, падымаецца тэнт машыны і мы пачулі: «Здравия желаем, товарищи. С этой минуты вы являетесь военнопленными РФ і ДНР». Яны адразу нас пачынаюць здымаць на камеры, упышкі святла, усе стаяць з аўтаматамі, з сабакамі. Гэтыя сабакі пастаянна брэшуць. Дзесьці вядзецца абстрэл.

Я вось расказваю, а ў мяне стыне кроў, калі я ўспамінаю гэтыя эмоцыі. Са мной ехаў мой санітарны інструктар і афіцэр штаба. І я бяру іх так за рукі і гавару: «Толькі не кажыце, што гэта палон». Яны мяне спрабуюць супакоіць, а ў мяне істэрыка. Яны глядзяць на мяне: «Уладзіміраўна, як бы гэта ні гучала, але гэта сапраўды палон». Я спадзявалася, што нас расстраляюць і прапанавала ўцякаць.

А што было далей? Куды Вас прывезлі? Ці былі там знаёмыя?

Я ведала ўсіх, хто быў са мной. Нас даставілі ў Сартану, там былі склады, бетонныя ўкрыцці і тры дні мы спалі на падлозе. Пасля нас паэтапна пачалі забіраць у Аленіўку. Калі пачалі выходзіць хлопцы, іх пачалі біць. Былі сабакі – нямецкія аўчаркі – і тры ахоўнікі з палкамі, якія збівалі хлопцаў. І нас прымусілі глядзець на тое, як «выхоўваюць» нашых хлопцаў. Пазней прыйшоў адзін з ахоўнікаў калоніі і забраў нас у турму.

А як расійскі персанал даведаўся, што Вы цяжарная? Вы самі расказалі?

Не, калі прыехалі да Аленіўкі, калі мяне заводзілі, яны спыталі: «Хто цяжарны? Таму што мы ведаем, што ў гэтай машыне ёсць цяжарная жанчына. Хутчэй за ўсё, камандзір вайсковага падраздзяленне сказаў, што ёсць цяжарная жанчына, каб яны не білі. Потым прыйшоў «кадыравец», які паабяцаў нашаму камандзіру, што ніхто не будзе біць жанчын.

І сапраўды не білі жанчын?

Наколькі я ведаю, фізічны гвалт не выкарыстоўваўся да дзяўчат, якія былі са мной у Аленіўцы. Што тычыцца дзяўчат, якіх даставілі па этапе ў Растоў, то так, там выкарыстоўвалі гвалт над жанчынамі.

А ці рабілі Вам якія-небудзь паблажкі канваріры, зважаючы на тое, што Вы чакаеце дзіця? Можа якія-небудзь бытавыя ўмовы?

Не, я знаходзілася на агульных умовах, да сёмага месяца цяжарнасці. Я харчавалася як усе і на вуліцу мяне выводзілі разам з усімі. Да сёмага месяца цяжарнасці, пакуль у мяне не пачаліся ацёкі, тады адзін з афіцэраў калоніі паведаміў свайму кіраўніцтву, што цяжарнай жанчыне патрэбна абследаванне. Прыехалі дактары, агледзелі мяне прама ў камеры, пасля забралі ў Данецк, зрабілі мне УЗІ, сказалі, што з дзіцём усё добра, паказанняў для шпіталізацыі няма, але трэба быць больш на свежым паветры.

А якія ўвогуле былі ўмовы ў Аленіўцы?

Страшныя. З самага пачатку, калі нас толькі прывезлі, мы былі там першыя жанчыны. Пасля канваіры прыносілі мне ежу, таму што ім было чыста па-чалавечы мяне шкада. Прыносілі хто яблыка, хто садавіну. Але гэта ўжо было пазней. Але спачатку, першыя паўтара месяцы было вельмі цяжка. Уявіце сябе калонію, якая працавала 8 гадоў і была закрыта. Гэта сырыя халодныя памяшканні, якія не ацяпляюцца. Праблемы з вадой. Мы прабылі там тры тыдні і толькі пасля нам далі мажлівасць памыцца. Вада выдзяляецца выключна для прыбіральні, а калі 40 дзяўчат адначасова знаходзяцца ў камеры, то вады хапае, каб толькі змыць за сабой. Ведаеце, калі хтосьці адзін заходзіў у прыбіральню, усе астатнія шлі за ім. Матрасаў не было, мы спалі на падлозе. Нам далі тры маленькія падушачкі і коўдру. Спалі мы ў сваіх зімовых куртках. Мы прабылі там тры тыдні і нас першы раз выпусцілі на вуліцу на 10 хвілін. Нас завялі ў клетку, мы выйшлі пастаялі, паглядзелі на неба, «на вафелькі» як мы гаварылі. І ўсё.

Калі я патрапіла ў палон, мне гаварылі: не хвалюйся, ты там доўга не будзеш, ты цяжарная, ніхто цяжарных у палоне не трымае. Але атрымался па-іншаму.

У Вас была магчымасць звязацца з роднымі? Вы маглі патэлефанаваць?

Так, дазвалялі мне тэлефанаваць. Усе званкі фіксаваліся на відэа, пра што вы гаворыце і рэакцыя родных. Я ведала толькі адзін нумар тэлефона і гэта быў нумар майго мужа. І таму я званіла толькі да яго, калі была такая мажлівасць.

Раскажыце пра допыты: што там адбывала на тых допытах і ў чым Вас абвінавачвалі?

Мяне абвінавачвалі ў забойстве марыўпальскіх дзяцей.

Гэта стандартнае абвінавачванне?

Усіх у чымсьці абвінавачвалі. Мяне вазілі ў Данецк, у Следчы камітэт, дзе мяне дапытвалі пра ўсё. Я ім кажу: «Паглядзіце на мяне. Я – медык. Я нікога не забівала». –«Але ў цябе ж была зброя». –«Была». –«Значыць забівала».

А яны агулам абвінавачвалі, ці былі факты, што недзе загінула дзіця і Вас абвінавачваюць менавіта ў гэтым забойстве?

Не, проста агулам. У той час у Марыўпалі было шмат забітых жанчын і дзяцей. Абвінавачвалі ў гэтым Узброеныя сілы Украіны і «Азоў».

А на допытах Вам пагражалі?

Так, мне пагражалі, што ў мяне забяруць дзіця, а мяне накіруюць у калонію, дзе я буду працаваць, а маё дзіця аддадуць у адзін з расійскіх прытулкаў і пастаянна будуць перавозіць, каб я не змагла яго знайсці. Нават, калі я патраплю на абмен, то я паеду туды адна, таму што нідзе не будзе зафіксавана, што я была цяжарная, таму што ва Украіне я не стаяла ні на якім уліку. І паколькі я чалавек ваенны, то ўезд на тэрыторыю Расіі мне забароны, і таму я ніколі не знайду сваё дзіця.

Як Вы гэта вытрымалі?

Вы ведаеце, у мяне ўнутры ўсе пераварочвалася. Хацелася проста пераскочыць праз той стол і выдзерці вочы той асобе, якая мне гэта казала, вырваць язык. У мяне былі такія думкі. Але я разумела, што адзін лішні рух – і я застануся на гэтым крэсле назаўсёды. Таму сядзела і захоўвала спакой.

Вы верылі ў той момант, што вы выйдзеце на волю, што Вы вернецеся ва Украіну?

Я заўсёды верыла. Маё вяртанне ва Украіну было пытаннем часу. Самы дзіўны для мне быў дзевяты месяц цяжарнасці. Я зразумела, што няма абмену ваенналоннымі, што магу нарадзіць у турме. Думала, што будзе з маім дзіцём. Гэтыя мыслі проста не выходзілі з маёй галавы, бо я не ведала, што будзе далей. Заставалася толькі маленькая іскрынка ўнутры, якая казала: «Мы паедзем дадому». Я нават дзетке казала: «Ты павінна нарадзіцца, калі мы вернемся дадому. Зараз нельга нараджацца».

Як Вы дазналіся, што трапілі пад абмен?

Канваіру, які мяне ахоўваў у шпіталі ў Данецку, затэлефанаваў адзін з галоўнакамандуючых, каб ён пагаварыў з маім урачом і спытаў, ці я траспартабельная. Яна адказала станоўча. І тады нас з Аленіўкі павезлі да Таганрогу, там пасадзілі ў самалёт і сказалі: «Ты едзеш дадому». Я не верыла. Усе казалі, калі сярод нас будзе цяжарная жанчына, значыць нас вяртаюць дадому. Калі няма, то значыць будуць перавозіць у іншую калонію. Адзін хлопец запытаў, куды нас вязуць, яму адказалі, што сярод нас цяжарная, гэта значыць дадому. Ён сядзеў і плакаў.

Як Вас сустракала сям’я?

Оооо, слязьмі, адбымкамі. Я скажу, што і Украіна нас вельмі добра сустрэла. Нас забралі, пасадзілі ў камфартабельны аўтобус, пакармілі. Далі пакет з прадуктамі, адзенне. А ў суботу прыехала хуткая дапамога і забралі мяне ў Луцк. У нядзелю а другой палове ночы ў мяне пачаліся схваткі і а чацвёртай – я нарадзіла. Памятаю мне сказалі: «А ў Вас дзяўчынка». Пытаюся, як дзяўчынка, а думала будзе хлопчык.

А ці было цяжка прыстасавацца да жыцця пасля паўгода ў палоне?

Так, да ўсяго. У Данецку праблема з вадою, і я спачатку ваду адкрывала патроху, каб яна не скончылася. Ці святло. Яно ў калоніі пастаянна гарэла, а мне хацелася цемры. Мне муж кажа, давай святло запалім, а я ўжо насядзелася са святлом. Муж мне прынёс яблык і банан, а я іх схавала пад падушку. Цяжка было прывыкнуць да тэлефона. Мне муж робіць заўвагі, што ён тэлефануе, а я не бяру трубку, таму што я не магу прывыкнуць, што ў мяне ёсць тэлефон.

А як Вы бачыце сваю будучыню? Ці пасля дэкрэта Вы вернецеся да працы?

Так, я любіла сваю працу, люблю сваю прафесію. Магчыма гэта будзе не ваенная часць, а шпіталь. Але як паказвае практыка, шпіталь таксама можа патрапіць у палон. Я вярнуся да гэтай справы, бо люблю яе.

Аўдыёверсію размовы слухайце ў плэеры ніжэй.

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.