Loading

5 кастрычніка ў Музеі вольнай Беларусі адкрыецца мультымедыйная фотавыстава «Я хачу дадому». Экспазіцыя работ мінскіх фатографаў, якія пасля 2020 года вымушана з’ехалі з Беларусі, мусіць падтрымаць псіхалагічны стан беларусаў, якія цяпер не могуць вярнуцца дадому.

Фота: асабісты архіў Аны Мацкевіч.

Арганізатарка выставы Ана Мацкевіч кажа, што імпрэза ў пэўнай ступені ёсць вынікам эвалюцыі думкі, што дадому мы цяпер вернемся няхутка. Асабіста да яе гэтае разуменне прыйшло прыблізна ў сакавіку 2021 года: гэта марафон, а не спрынт, трэба набрацца сіл і зразумець, як жыць цяпер. Так скончыўся першы перыяд яе творчасці пасля беларускіх выбараў 2020 года пра гвалт і пачаўся наступны — пра дом.

«Калі пачалася вайна, я згубіла сябе як творчая адзінка. Я не ведала, як пратэставаць, што рабіць. Адзінае, што адчувала ўвесь гэты час — дапамагчы можа толькі дом, трэба дадому, там карані. Я ўспрымаю людзей як дрэвы: у кагосьці карані паветраныя, але ў мяне карані ў зямлі, у Менску, у горадзе, які зрабіў мяне той, хто я ёсць. Таму я спрабую пашукаць такі бяспечны шлях дадому tu i teraz, у цяперашніх умовах».

На выставе будуць прадстаўленыя фотаздымкі, зробленыя пераважна да 2020 года. Ана Мацкевіч адзначае, што яна вырашыла зрабіць імпрэзу псіхалагічна бяспечнай і ўтульнай, бо падзеі 2020 моцна траўмавалі беларусаў. Актывістка хацела б даць магчымасць ментальна падлекавацца людзям, якія мусілі бегчы з роднага горада.

Фота: Уладзімір Маляўка.

«Усе фатографы бачаць Менск так па-рознаму, зусім іншымі вачыма, напрыклад, чым я. У кагосьці горад містычны, начны. У кагосьці — «лампавы» вечаровы. Для адных горад — гэта найперш архітэктура, а для другіх — людзі, якія ў ім жывуць. Хтосьці робіць здымкі з метаіроніяй, а хтосьці з цеплынёй, і гэта выдатна, бо такі самы ёсць і Менск: разнастайны і жывы».

Апроч уласна фотаздымкаў на выставе пакажуць невялікі дакументальны фільм. Ана Мацкевіч зрабіла яго з думкай пра беларусаў, якія не могуць вярнуцца дадому. Героям стужкі яна задавала тры аднолькавыя пытанні. Якія менавіта – мастачка абяцае раскрыць на самой выставе. Да гэтай гісторыі можна будзе далучыцца, даслаўшы ўласныя адказы: Ана і яе каманда плануюць працягнуць працу над стужкай. Яшчэ амаль па ўсёй прасторы выставы будуць гучаць звычайныя гукі штодзённага Мінска, розных яго куткоў — шум праспекта, галасы птушак, метро. Акрамя таго, у асобным пакоі можна будзе пасядзець у цішыні ці патэлефанаваць блізкім, і ніхто не будзе вас турбаваць.

Выстава будзе працаваць цягам двух тыдняў, у планах арганізатараў прывезці яе таксама і ў Вільню. Зараз каманда  праекта просіць падтрымаць іх задуму: сродкі патрэбныя на друк і афармленне прац, арэнду абсталявання і многае іншае. 

«Мая мэта — каб свет даведаўся, што ёсць Беларусь, у ёй ёсць сучасная культура. Так, пакуль яна ў эміграцыі, але яна вельмі моцная, самастойная. У нас ёсць шмат маладых людзей, якія выкарыстоўваюць у сваёй працы новую этыку, і мы ніякага дачынення не маем да таго, што нам паказвалі па дзяржаўным тэлебачанні колькі год таму: нібыта беларусы не могуць лепш. А беларусы аказаліся самымі лепшымі. Гэта людзі будучыні». 

Comments are closed.