84 total views

Што пачытаць, куды схадзіць, дзе адпачыць і да каго прыслухацца: кожную сераду ў нашым Топ-5 мы збіраем для вас пяцёрку самага-самага. 


Атуліўшыся восеньскім настроем, гэтым разам вырашылі пагартаць для вас паэтычныя старонкі і развітацца з летам пад вершы Алеся Камоцкага. Вядомы беларускі паэт і бард чытае на радыё Ўнэт творы са сваёй кнігі «Забірай маё лета»

«Кніжка павінна была мець зусім іншую назву, – прыгадвае Алесь Камоцкі. – Але фатограф Вадзім Грудзько, адгукнуўшыся на маю просьбу даць здымкі для чарговай кніжачкі, даслаў мне са свайго любімага Богінскага возера фотаздымкі ільду. Я падумаў – раз яны такія халодныя, то трэба мяняць назву. Акурат так атрымалася, што вершы пісаліся круглы год, а выдаваліся ўзімку. Ну я псіхануў і сказаў: „Забірай маё лета”». 

 

Зімовы вечар апускае мне на плечы 

Сівы туман раптоўнай сьнежаньскай адлігі, 

А незваротны час зьнікае непрыкметна 

І не зважае на пачуцьці і ўздыхі. 

 

Гады лятуць, пакуль гадзін ніхто ня лічыць, 

І, без увагі пакідаючы хвіліны, 

Каму заўгодна я мінулае пазычу, 

Каб толькі вырвацца з палону ўспамінаў. 

 

Я буду заўтра забываць сваё ўчора, 

Таму, што сёньня дзень заняты іншай справай. 

Сьлядамі часу запаўняецца прастора – 

Ня будзе крокам болей шляху неўзабаве. 

 

Зімовы вечар апускае мне на плечы 

Сівы туман раптоўнай лютаўскай адлігі… 

 

 

Лагодным ліпеньскім дажджом 

Вясёлку з неба змыла лета.

Жыцьцё маё ішло дагэтуль 

Не пакідаючы сьлядоў. 

 

Ішло жыцьцё маё пакуль

Не разьбіраючы дарогі, 

Ішло таму, што несьлі ногі 

Не да таго, хто крокі чуў. 

 

Лагодным ліпеньскім дажджом

 Вясёлку з неба змыла лета, 

Мне паказаў напрамак вецер, 

А я дарогу не знайшоў. 

 

 

На вуліцы быў панядзелак, 

Душа ж вымагала суботы, 

А дні мітусьні не хацелі, 

Марудна ішлі, неахвотна. 

 

Было у жыцьці няутульна 

Ад вечара, ночы і лета, 

Пад раніцу думкі заснулі, 

Аўторак прыйшоў непрыкметна. 

 

Жыцьцё не па-роўнаму дзеліць — 

То густа, то пуста, то сьмешна. 

І што ў ім рабіў панядзелак?

Напэўна, усё перамешваў.

 

 

Хацелася слову парушыць маўчаньне, 

Хацелася небу сачыць за узьлётам, 

Хацелася скончыцца ўрэшце чаканьню. 

Хацелася ведаць, адкуль ты і хто ты. 

 

Вясна перастала здавацца вясною, 

І зьдзіўлены позірк блукаў паміж снамі, 

А заўтра было недзе там, за табою, 

А сёньня было недзе тут, перад намі. 

 

Твой дзень, панядзелак, спыніўся у часе, 

Што так не бывае, ніхто не заўважыў. 

Каб неяк пазьбегнуць памылак уласных, 

Пытаньні зьнікаюць у нетрах адказаў. 

 

Але панядзелак былыя надзеі 

На «ёсьць» і «няма» беззваротна падзеліць, 

Хоць кожны па-свойму, але разумеем — 

Заўсёды бывае ня так, як хацелі. 

 

Хацелася слову паслухаць маўчаньне, 

Хацелася небу пасьпець за узьлётам, 

Хацелася крочыць за межы чаканьня. 

Хацелася ведаць, ці будзе субота. 

 

 

Я казаў табе тысячу слоў 

Самых розных, вясёлых і сумных. 

Час разгублена ўперад ішоў, 

Дні зьнікалі бяз лішняга шуму. 

Скіраваўшы свой позірк назад, 

Я міжволі ўпадаю у скруху, 

Бо ні разу табе не сказаў 

Аднаго — што люблю цябе слухаць. 

 

Алесь Камоцкі – класік беларускай бардаўскай песні, філосаф і паэт, аўтар паэтычных зборнікаў. Вершы Алеся Камоцкага друкаваліся ў часопісах «Полымя» і «Маладосць», газетах «Культура», «Літаратура і мастацтва», рэгулярна з’яўляюцца на старонках літаратурнага часопіса «Дзеяслоў». У сваіх творах аўтар уздымаецца над шэраговсцю будзённай мітусні і запрашае чытача ва ўяўны свет філасофска-лірычных назіранняў. 

Comments are closed.