Loading

Абвяшчэнне вынікаў Нобелеўскай прэміі міра ў гэтым годзе выклікала шмат спрэчак і ўскрыла праблемы, значна глыбейшыя за рэакцыю на вайну. Працэсы, што адбываюцца ва ўкраінскім грамадстве, і перспектывы стасункаў Украіны і Беларусі пракаментаваў беларускі філосаф Павел Баркоўскі.

— Галоўнае не абагульняць і не думаць, што зараз усе ўкраінцы будуць ненавідзець беларусаў і рускіх ці ўсе беларусы будуць мець прэтэнзіі да ўкраінцаў. Тэндэнцыя з’явілася даўно — украінцы не першы год наракаюць на любыя захады міжнародных арганізацый, якія спрабуюць з’яднаць на адной пляцоўцы ці ў нейкім сімвалічным вымярэнні ўкраінскія ініцыятывы з беларускімі ці рускімі. Зразумець гэта можна, бо ўкраінцам зараз вельмі цяжка ўспрымаць прадстаўнікоў суседніх нацый інакш як агрэсараў. Акрамя таго, ёсць даволі эмацыйныя рэакцыі пэўных палітыкаў і актывістаў, якія падмацоўваюць простыя, папулісцкія рашэнні.

Нобелеўскі камітэт, між тым, не зрабіў нічога нечаканага. Калі паглядзець на трэнды, звычайна ўзнагароджваюцца асобныя праваабаронцы ці праваабарончыя арганізацыі, альбо ініцыятывы, якія непасрэдна дапамагаюць усталяванню міра, напрыклад, кампаніі па забароне зброі масавага знішчэння, харчовыя праграмы. У побытавым уяўленні ёсць толькі дыхатамія «мір-вайна», але справа ўсталявання міра тычыцца не толькі спынення баявых дзеянняў. Гэта яшчэ змяншэнне ці ліквідацыя перадумоў для канфліктаў, грамадзянскіх і міжнародных. І менавіта праваабаронцы дбаюць пра тое, каб не парушаліся правы чалавека ў асобных рэгіёнах і гэта не прывяло да таго, каб гвалт і парушэнні выйшлі на міжнародны ўзровень.

— Праз гэтыя спрэчкі ў беларускім асяроддзі пашыраецца думка, што Украіна стала таксама паводзіць сябе нібыта з пазіцыі старэйшага брата ў дачыненні да Беларусі. Ці магчыма, што перамога ў вайне дасць украінцам нагоду, каб паверыць у выключнасць сваёй нацыі?

— Такая рызыка ёсць. Калі  даваць розглас і падтрымку выключна ідэям накшталт месіянства ўкраінскага народа, які перамагае ў вайне і з гэтай нагоды мае права вырашаць, хто фашыст, а хто не, то такое цалкам можа здарыцца.

Асноўным трыгерам для масавай негатыўнай рэакцыі ўкраінскага грамадства стала заява Міхаіла Падаляка. Трэба памятаць, што Падаляк хоць і з’яўляецца дарадцам Зяленскага, але найперш гэта паліттэхнолаг і піяршчык, які мае доўгую гісторыю стасункаў з Беларуссю. І гэтыя стасункі часта былі не на карысць ягонаму іміджу ў нашай краіне, заявы Падаляка наконт беларускіх палітыкаў, грамадскай супольнасці і краіны агулам часта маюць на мэце такую эскалацыю. Я не выключаю, што менавіта ён адказны за адсутнасць кантактаў офіса Прэзідэнта Украіны з офісам Святланы Ціханоўскай.

Дагэтуль няма афіцыйнага віншавання ад офіса Зяленскага нават для ўзнагароджаных з украінскага боку. Гэта знак, які счытваецца таксама і на міжнародным узроўні. Такія дэмаршы могуць прывесці да таго, што падтрымка Украіны з боку пэўных арганізацый ці краін можа паменшыцца.

Нам жа трэба разумець, што ва ўкраінскім грамадстве ёсць вялікая колькасць людзей, хто будзе выступаць супраць Беларусі, у тым ліку супраць нашай грамадзянскай супольнасці. З гэтымі людзьмі прыйдзецца шукаць кантакт і дамаўляцца. Украінскія ўлады ўжо добра разумеюць недагавораздольнасць Лукашэнкі, зараз іх задача — збудаваць новыя стасункі з новай Беларуссю, якая прыйдзе на змену яго рэжыму. На гэты момант такой стратэгіі ў іх відавочна няма, адсюль і занадта эмацыйныя заявы, і непаслядоўнасць выказвання сваіх стасункаў да Беларусі. Застаецца толькі спадзявацца, што ў кіраўніцтве Украіны возьмуць верх больш рацыянальныя аргументы, і ўлады неяк збалансуюць сваю палітыку ў дачыненні да Беларусі. 

Comments are closed.