Loading

8 верасня памерла каралева Вялікабрытаніі Альжбета II, якая ўзначальвала краіну апошнія 70 год. У краіне абвешчана жалоба, многія забаўляльныя мерапрыемствы адменены. Як гэта выглядае знутры і як уплывае на жыццё звычайных брытанцаў, нам распавяла беларуска Каця Андрушкевіч, якая жыве ў Лондане.


Беларуску вельмі ўразіла сінхроннасць, з якой дзяржаўныя і прыватныя арганізацыі выказваюць спачуванні народу Вялікабрытаніі з нагоды смерці каралевы. Сярод іх адзначыліся дзяржаўныя тэлеканалы, кіраўніцтва транспарту, буйныя сеткавыя крамы і нават школа, дзе навучаецца сын Кацярыны. Таксама і футбольная ліга, да якой належыць хлопец, прыпыніла правядзенне сяброўскіх матчаў на час жалобы.

Абмінуць жалобныя банэры, калі выйсці з кватэры, проста немагчыма, але гэтая жалоба не надта ўплывае на настрой людзей, мяркуе Каця. Хаця павага да каралевы тут вялікая і журба англічан, на меркаванне беларускі, ёсць шчырым пачуццём, але за мяжой знаходзяцца людзі, якія абураюцца з брытанскай манархіі ўвогуле. Напрыклад, прадстаўнікі краін, што раней знаходзіліся пад брытанскім пратэктаратам, прыгадваюць падзеі больш чым стогадовай даўніны, тым самым нібыта абгрунтоўваючы, што не варта ўшаноўваць памяць каралевы Альжбеты.

Што датычыцца новага караля Чарлза III, англічане не вельмі яго любяць, лічыць Кацярына: грамадства дагэтуль памятае гісторыю яго стасункаў з прынцэсай Дыянай. Але нацыянальны лідар у Вялікабрытаніі — гэта фігура зусім іншай постаці, чым, напрыклад, у Беларусі. Брытанскі манарх па сутнасці не мае палітычнай вагі і не прымае нейкія рашэнні, але выказваецца наконт усіх палітычных з’яў. Такі лідар увасабляе прыклад ідэальнага жыхара і грамадзяніна сваёй краіны, паказваючы проста сваімі паводзінамі і выказваннямі, як варта жыць і рэагаваць на розныя падзеі. Гэта сапраўды гуманістычны падыход, кажа Каця Андрушкевіч.

Урачыстае пахаванне каралевы Альжбеты II адбудзецца 19 верасня ў Вэстмінстэрскім абацтве. На цырымонію запрошаны кіраўнікі дзяржаў са ўсяго свету. Гэты дзень будзе выходным па ўсёй Вялікабрытаніі.

Comments are closed.