Loading

На кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта адбылася творчая сустрэча з перакладчыцай Кацярынай Маціеўскай. Адна з апошніх яе ўзнагарод – імя Карласа Шэрмана, за пераклад зборніка апавяданняў Анджэя Сапкоўскага «Апошняе жаданне». У шырокім ужытку кніжка вядомая пад назвай «Вязьмар», а паводле яе сюжэта распрацаваная аднайменная папулярная камп’ютарная гульня. Знакамітае фэнтэзі Маціеўская пераклала за месяц.

Кацярына Маціеўская

На сустрэчы аўтарка падрабязна адказвала на пытанні студэнтаў і шчыра распавядала сакрэты сваёй перакладчыкай творчасці.

«Вельмі цяжка часам проста злавіць інтанацыю. Яе трэба слухаць і пакінуць свае амбіцыі ў іншым месцы. Гэта не твой твор. Аўтары арыгіналу непагрэшныя, хаця вельмі хочацца заўсёды нешта паправіць».

На мерапрыемстве прысутнічалі студэнты і выкладчыкі Кафедры беларусістыкі. Арганізавала ж сустрэчу кандыдат філалагічных навук, аўтар курса тэорыі і практыкі перакладу Вольга Траццяк.

«На такіх сустрэчах з прафесіяналамі мы перакладаем зярняткі ведаў нашым студэнтам, якія пасля пераймаюць гэты досвед. Можа, кагосьці натхніць праца перакладчыка ў будучыні».

Вольга Траццяк

Падчас сустрэчы, якая доўжылася амаль дзве гадзіны, Кацярына Маціеўская дала слухачам таксама практычныя парады, якія дапамогуць зрабіць якасны пераклад: не саромецца звяртацца з пытаннямі да калег і імкнуцца найперш перадаць мелодыку, “інструментоўку” першакрыніцы.

Свой шлях яна, дарэчы, пачала ў БДУ, дзе скончыла беларускую філалогію. Рабіць пераклады пачала пасля магістратуры.

«Усё пачалося з «Перакладчыцкай майстэрні» Андрэя Хадановіча. Ці не ўсе мае калегі прайшлі праз яе. Увогуле, я перакладала з 14 моў свету, але праз 15 гадоў працы прыйшла да польскай. Больш за ўсё мне б хацелася, каб маё імя асацыявалі з перакладамі твораў Баляслава Лесьмяна».

Студэнты ж у сваю чаргу дзяліліся ўражаннямі ад творчага знаёмства з Кацярынай Маціеўскай:

«Вельмі спадабалася, што прафесіянал, які шмат чаго дасягнуў у сваёй сферы, так адкрыта і шчыра падзяліўся сваімі ведамі». 

За далейшымі анонсамі творчых сустрэч Кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта сачыце тут

Поўны рэпартаж слухайце ў плэеры ніжэй.

 

Comments are closed.