Loading

На Дзяды беларусы пройдуць шэсцем па Варшаве. Акцыя пачынаецца 1 лістапада а 14 гадзіне на плошчы Пілсудскага, удзельнікі шэсця накіруюцца да Замкавай плошчы, дзе адбудуцца выступленні палітыкаў і канцэрт. Сёлетнія Дзяды прымеркаваны адразу да некалькіх гістарычных дат, расказаў радыё Ўнэт старшыня Руху Салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык. У тым ліку спаўняецца 35 гадоў з моманту правядзення першых публічных Дзядоў у Беларусі.

Я запрашаю прыйсці ўсіх а 14 гадзіне на пляц Пілсудскага, да крыжа св. Яна Паўла ІІ, дзе пачнецца шэсце «варшаўскіх» Дзядоў. Гэтае мерапрыемства праводзіць вялікая колькасць беларускіх ініцыятыў, якія ёсць у Варшаве. Галоўная ідэя – нагадаць беларусам пра традыцыйнае шэсце на Курапаты ў Менску, якое сёлета ў той сітуацыі трагічнай, у якой апынуўся беларускі народ, у Беларусі адбыцца не можа.

Сёлета своеасаблівы юбілей – 35 гадоў першым публічным Дзядам. Напрыканцы існавання Савецкага Саюза менавіта беларускія традыцыі, у тым ліку абсалютна традыцыйныя для нас Дзяды дапамагалі беларусам у змаганні за Беларусь, за незалежнасць і за дэмакратыю. І ў наш трагічны час гэта яшчэ раз падкрэслівае, што беларусам трэба змагацца за свае.

На «варшаўскіх» Дзядах чакаецца вялікая праграма. Мы будзем узгадваць 35-годдзе правядзення першай акцыі ў Мінску. 15 гадоў сёлета спаўняецца з моманту першага правядзення Дня памяці ахвяр палітычных рэпрэсій – гэтая грамадская ініцыятыва была запачаткавана ў 2007 годзе. І будзе пяць гадоў, як пачалася ініцыятыва «Ноч расстраляных паэтаў».

Мы будзем узгадваць і нашых сучаснікаў. Я ведаю, што людзі ў Варшаве збіраюцца прыйсці з партрэтамі тых, хто загінуў на расійска-украінскай вайне.

Заўсёды такія акцыі адбывалі з бласлаўлення святароў, таму святары розных беларускіх канфесій будуць прымаць удзел у шэсці.

Будзе невялікі прыпынак каля помніка геніяльнаму Адаму Міцкевічу, таму што мы не мусім забывацца пра яго паэму «Дзяды». Завершыцца наша шэсце на пляцы Замковым.

Comments are closed.