Loading

24 лістапада 1996-га ў Беларусі адбыўся рэфэрэндум, які ініцыяваў Аляксандр Лукашэнка. Гэтую падзею некаторыя даследчыкі называюць дзяржаўным пераваротам, які кардынальна змяніў гісторыю сучаснай Беларусі. Галасаванне праходзіла на фоне абвастрэння адносін паміж прэзідэнтам і парламентам. У выніку рэферэндуму Лукашэнка атрымаў надзвычайна шырокія паўнамоцтвы.

Пра тое, як праходзіла галасаванне і ці сапраўды падзеі 96-га сталі пераломным момантам у нашай гісторыі, Раман Ждановіч пагаварыў з палітыкам, лідарам руху салідарнасці «Разам» Вячаславам Сіўчыкам.

Сцісла ў размове:

  • Рэферэндум 24 лістапада не адбыўся, бо больш за мільён бюлетэняў былі ўкінуты і пасля гэтага Ярмошына абвясціла «элегантную перамогу». Чаго толькі не адбывалася ў гэты дзень. Самая экстрэмальная сітуацыя была ў Берасці. Там на ўчастку назіральнікі знайшлі некалькі тысячаў сфабрыкаваных бюлетэняў, улады прыгналі людзей з аўтаматамі. Аднаму назіральніку з Украіны ўдалося збегчы, яго знайшлі толькі праз суткі на вакзале і дэпартавалі. Беларускіх назіральнікаў жорстка збілі і адзін з іх проста перайшоў па мосце ў Польшчу і папрасіў палітычнага прытулку.
  • «Гэбешная» прапаганда навязвае, што людзі прыйшлі на рэферэндум і прагаласавалі. Насамрэч, колькі людзей прыйшло на ўчасткі і як яны прагаласавалі, да гэтага часу невядома. Мы выставілі назіральнікаў больш чым на пяці тысячах участкаў. Але рэжым нахабна парушыў заканадаўства. Ярмошына тады сама распісалася пад выніковым пратаколам, абсалютна без нашага кантролю.
  • Дзякуючы «маскоўскаму» дэсанту Лукашэнка быў уратаваны ад імпічмента. Чаму імпічмент не давялі да канца? Галасоў насамрэч хапала. Праблема была ў старшыні Канстытуцыйнага Суда Валерыю Ціхіні, якога «зламалі» на кампрамаце. Спікер Вярхоўнага Савета Сямен Шарэцкі таксама не чакаў такіх падзей, ён хацеў правесці ўсё ціха і спакойна.
  • 24 лістапада 1996 года Лукашэнка атрымаў уладу ў форме «султанату». Мы, на вялікі жаль, не змаглі ў той момант спыніць дыктатуру. Шанец быў, бо жаданне Лукашэнкі ўсталяваць дыктатуру, яго хамства, не падтрымаў нават яго «чырвона-зялены» Вярхоўны Савет.
  • Беларускія палітыкі і тады і зараз не разумеюць адной простай рэчы: расійскі імперыялізм – гэта адвечны вораг беларускага народа. І дзіўна назіраць, як наступаюць на адны і тыя ж граблі і шукаюць падтрымкі ў Масквы. Трэба разумець, што ў Крамлі даўно пастаўлена мэта па знішчэнні беларускай нацыі і Беларусі. Незалежна ад таго, хто пры ўладзе. І лукашэнкаўская дыктатура таксама накіравана супраць усяго беларускага.

Comments are closed.