Loading

Беларусы асабліва пасля падзей 2020 года аказаліся раскіданымі па свеце. І раней, і зараз беларусам бракуе ўмення ганарыцца сабой. А між тым, ганарыцца ёсць кім і чым. У падкасце «Свае людзі» мы распавядаем гісторыі суайчыннікаў, якія жывуць у розных краінах і робяць шмат карыснага, цікавага, а часам і ўнікальнага.

Сёння наш госць – галоўны дырыжор Адэскага тэатра оперы і балета Вячаслаў Чарнуха-Воліч, беларус, які застаецца служыць ва ўкраінскім тэатры падчас вайны. Спадар Вячаслаў распавёў, як і чым жыве Адэская опера і яе галоўны дырыжор у перапынках паміж сірэнамі і каменданцкімі гадзінамі. Як змяніла жыццё вайна і як змяняе вайну прага да жыцця, любоў да мастацтва і Украіны.

Першыя месяцы вайны

Вайна змяніла жыццё ўсей краіны і ўсяго свету. Для нас вайна пачалася 24 лютага, калі мы прачнуліся ад шалёных выбухаў, якія даносіліся з боку адэскага аэрапорта. Адразу зразумелі, што гэта не звычайныя салюты. Адэса – курортны горад, шумны і святочны, у якім да салютаў і шуму прызвычаіліся. Але гэта былі не выбухі свята. Мы адразу ж узялі мабільнікі і даведаліся, што гэта вайна і нашае будучае жыццё.

Далей быў самы складаны месяц – сакавік. Спынілася праца, людзі выязджалі з краіны. Таксама і супрацоўнікі нашага тэатра. Каля 30% творчага і тэхнічнага складу пакінулі краіну. Кіраўніцтва было з усімі на тэлефоннай сувязі, бо на працу прыходзіць было забаронена.

Імгненна ўвесь цэнтр Адэсы ператварыўся ў крэпасць з процітанкавымі вожыкамі і мяшкамі з пяском, паўсюль былі барыкады. Зачыняліся крамы, з паліц знікалі ўсе тавары. Прыкладна паўтары месяцы мы былі на дыстанцыйнай сувязі. І нашая дырэктарка Надзея Бабіч змагла так арганізаваць працу, што ўвесь час у тэатры было святло, вада, працавала ўся інфраструктура. То бок, усё было ў такім стане, каб можна было пачаць працу як толькі будзе на яе дазвол.

У гэты час шмат нашых артыстаў і супрацоўнікаў паказалі сябе сапраўднымі патрыётамі. Яны дапамагалі фармаваць і грузіць мяшкі з пяском, валанцёрылі, дзе толькі маглі. Паўнавартаснай творчай працы не было, але былі лакальныя творчыя акцыі артыстаў і аркестра. Калі яны выконвалі ўкраінскую музыку, натхнялі людзей. Маленькім творчымі групамі ездзілі па шпіталях і вайсковых часцях. Натуральна, пра такое нідзе не казалі і не пісалі з мэтаў бяспекі, каб не прыцягваць увагу ворагу.

Гэта быў сапраўдны ўзлёт патрыятызму. Ніколі не думаў, што пабачу такое на ўласныя вочы, асабліва ў Адэсе, горадзе, пра які ўвесь час казалі, што там шмат «ваты», бо Адэса рускамоўная. А я пабачыў, што адэсіты свой горад ніякаму захопніку не саступяць, што яны гатовыя бараніць яго да апошняга. Мне і раней і зараз вельмі непрыемна слухаць, калі дрэнна кажуць пра Адэсу. Жыхары горада паказалі сябе вельмі патрыятычнымі і мужнымі. І я вельмі ганаруся, што быў і застаюся з гэтымі людзьмі ў такі складаны час.

Пасля першых месяцаў нявызначанасці напрыканцы вясны горад ажыў. Зноў пачалі адчыняцца крамы, нягледзячы на пастаянныя сірэны, жыццё аднавілася. Але нашыя трывожныя валізкі заўжды побач. У нашым калідоры стаяць нашыя з жонкай заплечнікі з усім неабходным на першы час.

Я працаваў у Малдове і Азербайджане, але заўсёды вяртаўся ў Адэсу

Мае калегі з Малдовы неяк запрасілі мяне, каб я там паставіў спектакль «Сялянскі гонар» П’етра Масканьі. Таму некаторы час мы знаходзіліся ў Кішынёве. Так прыемна было назіраць, як Малдова дапамагае ўкраінцам. Як падтрымлівае не проста словам, але і справамі. Я бачыў намётавы лагер, створаны для ўцекачоў. Туды прыязджалі звычайныя людзі на ўласных аўтамабілях і развозілі ўкраінцаў, каму куды патрэбна. Гэта была бясплатная, валанцёрская дапамога ад звычайных людзей. Мы ўсе ведаем, што Малдова не багатая краіна, але людзі дзяліліся апошнім. І я хачу выказаць падзяку за тое малдаўскаму народу, які дагэтуль падтрымлівае Украіну з адкрытым сэрцам.

Пасля працы ў Малдове я атрымаў запрашэнне ад сяброў з Азербайджана. Там я таксама працаваў на спектаклях у Баку. Але потым зноў вяртаўся ў Адэсу.

Я не бачу сябе інакш, як з маім тэатрам, якому я служу. Я – галоўны дырыжор і павінен быць там, дзе мой тэатр. Калі кіраўніцтва прыме рашэнне аб эвакуацыі ці рэлакацыі, я паеду з імі. Але пакуль мы працуем у Адэсе. Мы патрэбныя людзям, мы гэта адчуваем.

Тэатр падпарадкоўваецца каменданцкай гадзіне

На новы год калегі з Адэскай філармоніі пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора Уладзіміра Сярэнкі, ладзілі канцэрт, які праходзіў у поўнай цемры. Толькі ў музыкаў была падсветка на пюпітрах. Заля была ў цемры. Апошні твор, які выконвалі, была аркестраваная ўкраінская калядка. Такая кранальная і вельмі яскравая. І вось яна заканчваецца і раптоўна ўключаецца святло ў залі. Я спачатку падумаў, што яны генератар уласны ўключылі, каб узмацніць фінал, такі спецэфект. А потым высветлілася, што гэта сапраўднае супадзенне – на апошніх акордах у горадзе далі святло.

У нашым тэатры не было святла толькі аднойчы. І мы хадзілі туды, каб сагрэць вады для гарбаты і зарадзіць тэхніку. На сёння мы ўжо да ўсяго прызвычаіліся і працуем на 200% ад тых магчымасцяў, што ў нас ёсць. Бо вайсковы час накладае шмат абмежаванняў. Першае – перад тым, як аднавіць працу, мы павінны былі абсталяваць два памяшканні – сховішчы. Адно для супрацоўнікаў, другое – для гледачоў. Там павінна быць цыркуляцыя паветра, вада і нават WiFi.

Другое – каменданцкія гадзіны. Праз іх мы змянілі дні і час паказаў, каб людзі мелі магчымасць да пачатку каменданцкай гадзіны вярнуцца дадому.

Прэм’ера падчас вайны

Зараз у нас пастаянна ідуць спектаклі для дарослых і дзяцей. Апроч таго, мы падрыхтавалі і правялі прэм’еру «Кацярыны» Тараса Шаўчэнкі на музыку ўкраінскага кампазітара Аляксандра Родзіна. Першапачаткова мы рыхтавалі яе да Дня Тэатра на сакавік. Але вайна зрушыла планы і прэм’ера адбылася ў верасні. Падрыхтоўка выпуску была неверагодна цяжкай. Ніколі ў маім жыцці не было настолькі цяжкіх умоў. Бо давялося перапрацоўваць літаральна ўсё, паколькі трупа засталася без пэўнай колькасці выканаўцаў. Таму хор, балет, сцэнаграфію, усё прыйшлося перарабіць і вывучыць артыстам нанова.

А ва ўмовах вайны і сэнс спектаклю атрымаўся іншым. Па сюжэце ўкраінская дзяўчына Кацярына пакахала рускага салдата, які зрабіў ёй дзіця і кінуў. І вось Кацярына – гэта ўжо вобраз усёй Украіны, якую гвалтуе і рабуе рускі салдат. Сцэнаграфію і касцюмы рабіў таксама беларус, які працуе галоўным мастаком тэатра, Ігар Анісенка. Фінальная сцэна атрымалася не лірычнай, а эпічнай. Гэтым рускім салдатам, якія там ішлі, не хапала толькі ўнітазаў ды пральных машынаў у руках, як гэта было ў Бучы і іншых месцах.

Вельмі моцны атрымаўся спектакль, з новымі глабальнымі сэнсамі. Гэта была першая опера, пастаўленая падчас вайны. Артысты, музыкі, тэхнічны персанал, усе зрабілі максімум, што маглі. Таму тэатр атрымаў заслужаную еўрапейскую ўзнагароду International Opera Awards. Два ўкраінскія тэатры – наш і Львоўская Опера, атрымалі ў сярэдзіне снежня, у Мадрыдзе гэтыя ўзнагароды за мужнасць, стойкасць і за працу падчас вайны.

Крыніца: operahouse.od.ua

Поўны выпуск падкаста «Свае людзі» слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.