Loading

Што думаюць пра сітуацыю ў Беларусі вакол яе звычайныя ўкраінцы? Мы спыталі гэта ў жыхароў ўкраінскіх гарадоў, каб даведацца меркаванне не палітыкаў ды аналітыкаў, а простых украінцаў.

Акцыя беларусаў у Кіеве, верасень 2020 год. Фота: радыё Ўнэт.

Па-першае, украінцы даволі някепска абазнаныя ў беларускіх падзеях як вядомага на ўвесь свет 2020-га, так і апошніх. Хаця, у большасці усё круціцца вакол суўдзелу афіцыйнага Менску ў агрэсіі на баку Расіі. 

Васыль лічыць беларускую сітуацыю складанай, але і пра нашае змаганне ведае.

«Ведаю, што сітуацыя ў Беларусі вельмі складаная. Рэжым Лукашэнкі цісне на народ усімі сваімі спосабамі і магчымасцямі. Людзі ў Беларусі хаць і супраціўляюцца, але ім гэта не зусім удаецца. А наконт дэмакратычных урадаў альтэрнатыўных, ну хіба толькі Ціханоўская, якая выйграла ў 20-м, здаецца, годзе выбары. Толькі хіба яна выйграла. Але яна знаходзіцца не на тэрыторыі Беларусі, а дзесьці або ў Літве, або ў якойсьці краіне Еўропы. Калі чытаць інтэрнэт, то ў нас пішуць, што беларускія партызаны ці то там якуюсьці чыгунку пашкодзілі, ці то перадаюць дадзеныя, што ў такім і такім месцы рыхтуецца такое і такое – падзеі, ці там пра перасоўванне расійскіх войскаў паведамляецца нашым украінскім Узброеным сілам, каб нашыя арыентаваліся. Чулі, ёсць такі цэлы батальён, напэўна, Батальён Каліноўскага, мне здаецца, ён завецца». 

Што ж да стаўлення да беларусаў, то яно ў Васыля цалкам пазітыўнае.

«Калі браць пад увагу простых людзей, я іх ў аніякім разе не ацэньваю ворагамі, а калі браць кіраўніцтва Беларусі сучаснае, якое зараз сядзіць у Мінску, вядома ж, гэта ворагі Украіны». 

Мыхайло – з моладзі, але таксама някепска знаёмы з сітуацыяй у нашай краіне.

«Увогуле, што адбываецца ў Беларусі, то наколькі я ведаю, там жа была рэвалюцыя супраць лукашэнкаўскага рэжыма. Але, наколькіі я ведаю, там гэтая ўлада цяперашняя лукашэнкаўская, гэты рэжым, настолькі праніклы, што людзям там як быцца бы не даюць права голаса, яны там вельмі запужаныя, наколькі я ведаю. Таму што, калі ў нас ва Украіне была падобная рэвалюцыя, у нас не быў такі рэжым і нам было прасцей зрабіць рэвалюцыю, скінуць Януковіча ды ісці ў Еўропу. А ў іхняй сітуацыі, я разумею, што ім складаней нашмат, бо ў іх гэтая ўлада дужа ўкаранілася, так бы мовіць. То я гэтых людзей – беларусаў, разумею ў гэтм плане. А наконт Украіны, тое, што зараз робіцца, што там Лукашэнка дазваляе страляць ракетамі з боку Беларусі на Украіну, гэта, канешне, дужа скрушна. І тым, што народ Беларусі не можа ніяк паўздзейнічаць. Хацелася б, канешне, каб яны больш там выходзілі, пратэставалі супраць гэтага, але іх таксама можна зразумець, што яны баяцца, таму што іх сапраўды нам могуць за гэта пасадзіць і пакараць. Таму да людзей, за самога народа я стаўлюся з разуменнем. Яны зусім іншыя, яны вельмі адрозніваюцца ад расійскіх людзей, яны больш падобныя да нашых людзей, да ўкраінцаў».

Ведае ён і пра нашае змаганне за свабоду, як унутры дэмакратычных колаў, так і пра ўдзел беларусаў у вайне супраць Расіі.

«Я такое чуў, гэта кшталту як партызанскі рух там называецца, што яны рабілі супраціў, людзі там. Гэта, канешне, добра, гэта прыемна, што яны так рабілі. Але гэта, я так разумею, не масава. Яно адчулася, канешне, але хацелася б, каб больш масована беларусы дзейнічалі. Я разумею, што яны супраць гэтай вайны. Гэта бачна, гэта адчувальна, яны іншыя паводле ментальнасці ад расійцаў, яны больш падобныя да нас, яны за Еўропу ў большасці. Але там шмат людзей такога ўжо старэйшага пакалення, я так разумею, яны прызвычаіўшыся да гэтага рэжыму і яны баяцца нешта змяняць. Але зараз факт ёсць факт, што ёсць тое ёсць, напрыклад, тое, што робіцца з боку Беларусі. Лукашэнка, кажуць, якуюсьці там збірае “ціхую” мабілізацыю. Ён проста баіцца, бо, калі ён у адкрытую будзе гэта рабіць, то сапраўды людзі пачнуць супраціўляцца. Пра Ціханоўскую, вядома ж, чуў. Я гэта знаю, што ёсць там вялікая маса людзей, якія падтрымліваюць Ціханоўскую, яе народ, усё ж-такі, абраў. Гэта зразумела, што народ абраў яе. І некаторыя адкрыта яе падтрымліваюць, а некаторыя таемна, вядзе нейкія партызанскія [дзеянні], дапамагае таемна Украіне. Я чуў у пачатку вайны, зараз я не ведаю, але тады ў навінах паказвалі, што ёсць падраздзяленні, якія ад Беларусі ваююць за Украіну. Я не ведаю, наколькі шмат, але так, я чуў гэта». 

А вось наконт выказванняў украінскіх палітыкаў Мыхайло не дужа ў тэме апошніх спрэчак.

«Наколькі я ведаю, то нават палітыкі, нават сам прэзідэнт, ён казаў, што ён да самога народу ставіцца нармальна, пазітыўна і проста кажа, каб не ішлі ваяваць. Калі вас будуць прымушаць і калі будзеце ісцы, дык каб здаваліся масава у палон. А самі палітыкі, яны разумеюць людзей, але часам, канешне, намякаюць пра тое, што, калі Беларусі, дапусцім, нападзе на Украіну за Расію, то, вядома ж, у гэтым будзе, хочаш не хочаш, народ Беларусі таксама замешаны. Калі яны не будуць рабіць супраціў, то іх гэта кранецца. Таму што гэта іхні прэзідэнт, гэта іхняя ўлада». 

Прадстаўнік больш сталага пакалення Андрый падыходзіць да ацэнак беларускай сітуацыі і асабліва беларускай дэмакратычнай апазіцыі больш стрымана і ўзважана. Хаця, пра дзеянні беларусаў на баку Украіны таксама ведае.

«Вядома, што Лукашэнка – гэта таталітарны, нават, не лідар, а, які сябе ў выніку шматлікіх выбараў прызначыў прэзідэнтам. Вядома ж, ён уплывае на большасць сам, якія яго любяць і ўспрымаюць. Вядома ж, што ў Беларусі ёсць шмат свядомых, палітычна актыўных, грамадска адукаваных людзей, якія не падтрымліваюць Лукашэнку. Агульнавядомы факт, што гэтыя ўсе пратэсты, якія былі два гады таму, то яны проста сілавымі метадамі былі прыдушаныя. І ведаю, што шмат апазіцыянераў выехалі з Беларусі менавіта праз рэпрэсіўныя метады. Шкада, што Беларусь страчвае розумы, працоўную сілу. Здзіўленне выклікае апазіцыйны ўрад Ціханоўскай. З аднаго боку яны ў апазіцыі да Лукашэнкі, з іншага мяне здзіўяле недакладная, нявызначаная пазіцыя датычна Пуціна, зайграванне з масамі беларускімі, якія ёсць у большасці прарасійскімі. І менавіта гэтая нявызначаная пазіцыя датычна Расіі, Пуціна выклікае ў шматлікіх украінцаў [пытанне] наколькі ён апазіцыйны гэты ўрад Ціханоўскай у выгнанні, наколькі яны дружныя да Украіны. Калі ўрадавая пазіцыя нявызначаная да Расіі, то, адпаведна, яна нявызначаная і да Украіны. Ведаю, што свядомыя беларусы на боку Украіны перайшлі і ваююць у дабраахвотніцкім батальёне беларусаў… як ён назваецца? Каліноўскага!» 

Ды і стаўленне Андрыя да беларусаў фармуецца праз яго асабісты досвед, бо мае ў Беларусі родзічаў, сітуацыя ў сям’і якіх, на погляд Андрыя, дужа яскрава ілюструе сітуацыю ў беларускім народзе.

«У кожным народзе ёсць розныя людзі. Вельмі люблю, вельмі паважаю грамадска свядомых, палітычна актыўных беларусаў, якія або вымушаныя былі выехаць, або сталі на бок Беларусі. На жаль, вялікая частка беларусаў ёсць спажыўцамі, яны галасуюць за магазін, за радыё, да тэлевізар – усё тое, што ім паказваюць. Маю сям’ю ўкраінцаў у Беларусі. Маё пакаленне і старэйшае пакаленне – яны палітычна пасіўныя. Яны нават не зусім пра ўкраінцаў, хоць яны ўкраінцы з паходжання. Тады як маладое пакаленне, народжанае ўжо ў Беларусі, палітычна свядомыя. Там нават у сям’і ёсць такі раскол, што дзеці на хочуць ехаць да бацькоў з-за палітычнай пазіцыі. Таму што дзеці былі апазіцыянерамі, выступалі тады на тых пратэстных рухах у Беларусі і ў сувязі з такімі рознаскіраванымі палітычнымі пазіцыямі розных пакаленняў нават такія сямейныя супярэчнасці ёсць у нашай сям’і ў Беларусі». 

Найбольш абазнанаю ў беларускай тэматыцы з апытаных намі выявілася выкладчыца Ала Брамірская. Пра Беларусь яна не проста чула, як кажа, але і добра ведае, што ў нас адбываецца.

«Вядома ж, чула, чаму ж не чула. Мы назіраем і заўзеем за Беларусь яшчэ пачынаючы з 2020 году. Хаця да тае пары мы ведалі пра нашых суседзяў і ведалі нашу сумесную гісторыю. Беларусь, я ведаю, гэта частка Вялікага Княства Літоўскага, якое цягам усяго свайго існавання ваявала з нашым агульным ворагам – Маскоўскім царствам. Ну і ёсць таксама часткаю Вялікага Княства Літоўскага, таму што я жыву ў той мясцовасці, што была сапраўды таею часткаю. У нас агульная гісторыя, у нас мовы дужа падобныя. За саму Беларусь мы вельмі спачувалі апазіцыі, таму што апазіцыя падчас выбараў прэзідэнта ў 2020 годзе зазнала дужа вялікія рэпрэсіі – мы ж бачылі, як саджалі ў турмы, як збівалі. Мы захапляліся мужнасцю тых людзей, якія выходзілі, не баяліся. Мыразумелі, што гэта таталітарная дзяржава – Беларусь, таму што Лукашэнка зрабіў настолькі для сваіх жыхароў жахлівым гэтае жыццё, у тым сэнсе, што вось гэтае вольнае волевыяўленне апынулася пад забаронай. 

Зараз Україна падчас вайны з Расіяй. Шмат хто з нашых суайчыннікаў трошкі і звінавачваюць беларусаў у тым, што яны займаюць пасіўную пазіцыю, што дазваляюць са сваёй тэрыторыі абстрэльваць нашую зямлю. Але разам з тым і разумеюць, што ў такіх умовах беларусы і так робяць неімавернае. Мы ўдзячныя ўсім тым партызанам беларускім, якія падрывалі каляіны, якія здзяйснялі дыверсіі на пачатку вайны. Гэта дужа вялікая адвага. І мы ведаем, што смяротнае пакаранне за гэта прыдумаў вось той… з дазволу сказаць, самаабвешчаны прэзідэнт. Ну і мы ведаем добра тых беларусаў, якія ваююць на нашым баку. Гэта Полк Кастуся Каліноўскага. Але ёсць сярод беларусаў, таксама як і сярод украінцаў, здраднікі, якія працуюць і чыняць на баку ворага нашага агульнага – Расіі. У нас таксама ёсць шмат здраднікаў, якія здаюць пазіцыі, якія фатаграфуюць, якія перадаюць звесткі расійцам і тыя расійцы б’яць менавіта па тых аб’ектах. 

Ціханоўскую мы ведаем. Вядома ж, тады, калі былі выбары, мы… ну я, напрыклад, за сябе кажу і за тых, хто мяне атачае – мае аднадумцы, мае сябры, мае знаёмыя, то за Ціханоўскую мы таксама былі. Таму што трэба мяняць вашу тую ўладу. Таму што тая ваша ўлада ўжо настолькі Беларусь гнабіла. Нават у тым сэнсе, што беларуская мова стала для вас – для беларусаў, экзатычнаю, можна так сказаць. Я працую ў сферы адукацыі і мае калегі былі ў Беларусі па абнене досведам, прыехалі і мне распавядалі, што яны пабачылі, што іх уразіла. Што ў беларускіх школах выкладанне вядзецца ў асноўным на расійскай мове. Нават такія прадметы, як фізіка, хімія, матэматыка. І нават у журналах запісваюць расійскай мовай. Гэта для мяне дзіўна. Дужа жахлівая такая сітуацыя. Таму што мова – гэта адна з найгалоўнейшых рысаў народу. Абрасійваць Беларусь, так як зрабіў Лукашэнка – гэта недапушчальна. Бо Беларусь – гэта самадастатковая еўрапейская краіна, яна не мусіць быць кланіяльнаю нейкай іншай дзяржавы. Таму мы за Ціханоўскую. Адзінае, што мне было незразумела. Гэта тое, што было такое жаданне Звярнуцца да Пуціна для таго, каб ён падтрымаў і дапамог апазіцыі перамагчы Лукашэнку. Цяпер я бачу, што яе погляды змяняліся, таму што чалавек, які пераглядае свае погляды, гэта сведчыць пра тое, што чалавек думае, аналізуе. І, калі яна здольная змяняцца, гэта азначае, што яна годная! Ведаю, што яна зараз падтрымлівае Украіну і гэта яшчэ двойчы мае сімпатыі да яе павялічвае». 

Ведае спадарыня Ала і пра апошнія выказванні ўкраінскіх палітычных дзеячоў пра Беларусь. І тут у яе сваё меркаванне.

«Бачыла, ведаю, але не заўжды мы можам пагоджвацца з тым, што нашыя чыноўнікі гавораць. У нас, разумееце, зараз такая сітуацыя – вайна ідзе і, здавалася б, мы мусім быць згуртаваныя вакол свайго кіраўніцтва. Але часам яны дазваляюць сабе рабіць такія заявы, якія стасуюцца выключна толькі іхняга бачання, а не бачання ўсяго народу. Таму, я бы хацела, каб пасля вайны вось гэтыя ўсе эмоцыі, якія перапаўняюць пэўных нашых урадоўцаў, сцішыліся, але верх узяў здаровы глузд. Зразумела, што усё ж, патрэбна нам падтрымліваць апазіцыю ў Беларусі і налаштоўваць добрыя стасункі, таму што будучыня Беларусі мусіць абавязкова змяніцца і ў гэтым мы таксама мусім дапамагчы». 

Што ж да стаўлення да беларусаў, дык Ала Брамірская нават не дапускае такое думкі, каб бачыць у беларусах ворагаў.

«Вораг у нас адзін – Расія. І вораг у нас – Лукашэнка. Таму што Лукашэнка – гэта не Беларусь. Лукашэнка – гэта звычайны самаабвешчаны прэзідэнт. Ён не менш зла робіць свайму народу, якога зла робіць і ўкраінцам. Таму я не лічу беларусаў сваімі ворагамі. Наадварот – лічу беларусаў нашымі сябрамі. А тое, што з боку Беларусі на нас ляцяць ракеты і самалёты – гэта справа не ў беларусах, а ў тых, хто зараз таталітарна кіруе гэтай краінай». 

Comments are closed.