Loading

Каардынацыйная Рада Беларусі аднавіла сваю актыўную дзейнасць і зараз праводзіць рэструктурызацыю. Да сярэдзіны лістапада павінен вызначыцца асноўны склад Рады. Абмяркоўваюцца механізмы супрацоўніцтва з Аб’яднаным Пераходным Кабінетам, тут асноўная задача – не быць канкурэнтамі, а працаваць у рамках адной сістэмы.

Падрабязней аб працэсах унутры КР у эфіры «Світанку Свабоды» пагаварылі з сябрам Прэзідыума КР Вольгай Кавальковай.

Каардынацыйная Рада была створана ў 2020 годзе як адказ на выклікі грамадска-палітычнай сітуацыі. Актыўная фаза дзейнасці кааліцыі з розных прадстаўнікоў грамадства працягнулася да пачатку 2022 года.

Першы год існавання КР працавала на ўнутраную беларускую прастору і не займалася міжнароднай дзейнасцю. Бо тады яшчэ існаваў спадзеў на змену рэжыму. У 2021 годзе Рада перажыла рэарганізацыю і пашырыла дзейнасць да міжнароднага ўзроўню, бо існавала неабходнасць трымаць беларускую тэму ў цэнтры ўвагі на міжнародных пляцоўках.

Апошняя актыўнасць КР – гэта рэферэндум у Беларусі, які адбыўся на пачатку гэтага года. З пачаткам вайны ва Украіне ў складзе Рады адбыўся ўнутраны крызіс, бо шмат чальцоў разышліся па розных праектах дапамогі Украіне і не было зразумела, як КР можа зараз дапамагаць беларусам і ўкраінцам.

Пасля пэўнай унутранай дыскусіі на пачатку жніўня было прынята рашэнне працягваць працу і развіваць гарызантальную мадэль стасункаў паміж рознымі людзьмі.

У кастрычніку ў сеціве з’явіліся абвесткі, што Каардынацыйная Рада набірае жадаючых у новы асноўны склад (плануецца набраць 115 чалавек). Гэтыя людзі будуць падзелены па камітэтах і накірунках, у залежнасці ад сваіх інтарэсаў і кампетэнтнасці.

Таксама пашыраюцца і паўнамоцтвы КР. Перш за ўсё, гэта праца над праграмнымі і стратэгічнымі дакументамі дэмакратычнай супольнасці. Гэта таксама выпрацоўка кансэнсусу паміж рознымі групамі па важных палітычных і грамадскіх пытаннях.

Такім чынам будзе выпрацоўвацца мадэль, у якой будзе плюралізм меркаванняў і дыскусія. Без гэтага беларусы не змогуць хутка перайсці да парламентарызму, бо беларусы былі пазбаўленыя магчымасці напрацоўваць такую палітычную культуру.

Культуры дыскусіі, лічыць Вольга Кавалькова, у беларусаў не хапае.

Запланаваныя змены павінны забяспечыць прысутнасць у КР прадстаўнікоў розных груп. Пра каго ідзе размова?

Папярэдні этап пашырэння новага складу будзе пачынацца з дэлегавання ў склад прадстаўнікоў грамадскіх і палітычных ініцыятыў, актывістаў. Другая крыніца – гэта выбітныя людзі, якія могуць самавылучыцца для ўдзелу ў працы КР.

Хацелася б такім чынам дайсці да той кропкі, калі беларусы самі змогуць выбіраць сабе лідараў, напрыклад, праз платформу Digital Belarus.

Механізмы супрацы з Аб’яднаным Пераходным Кабінетам пакуль на стадыі распрацоўкі, але важна, што існуе зацікаўленасць і жаданне абодвух бакоў. Галоўная задача – зрабіць так, каб гэта была не канкурэнцыя, а супраца ў рамках адной сістэмы.

Для жадаючых стаць сябрамі КР зараз праводзяцца кансультацыйныя сустрэчы. Да сярэдзіны лістапада ўжо павінен вызначыцца асноўны склад КР.

 

Comments are closed.