Loading

У панядзелак у Кіеў нечакана прыехаў прэзідэнт Злучаных штатаў Амерыкі Джо Байдэн. Гэты візіт не анансаваўся і яго не было ў афіцыйным раскладзе амерыканскага лідара. Таму з’яўленне Байдэна ў Кіеве выклікала шмат абмеркаванняў. Апошні раз амерыканскі прэзідэнт быў ва Украіне амаль 15 гадоў таму. У 2008 годзе Кіеў наведваў Джорж Буш-малодшы. Але візіт Байдэна – асаблівы, бо адбываецца ў краіну, якая вядзе вайну і падвяргаецца масавым ракетным абстрэлам. Нават па Кіеву Джо Байдэн хадзіў пад гукі паветранай трывогі. Што азначае гэты візіт для Украіны, Расіі і сусветнай супольнасці?

Яўген Магда, украінскі палітолаг, дырэктар Інстытута сусветнай палітыкі.

Па-першае, Байдэн прадэманстраваў, што ён насамрэч добра праінфармаваны пра сітуацыю ва Украіне і трымае руку на пульсе падзеяў. Прэзідэнта Злучаных Штатаў ва Украіне не было каля 15 гадоў, і гэты візіт – добры сігнал усім, хто змагаецца за Украіну, найперш, на фронце.

Другое, гэта тое, што Байдэн, на маю думку, правёў сваю асабістую работу над памылкамі. Таму што ён прыляцеў у Кіеў у гадавіну расстрэлаў на Інстытуцкай. І, як мы ведаем, у той жа дзень расіяне, так званыя «зялёныя чалавечкі», пачалі захопліваць Крым. То бок, гэта сведчанне таго, што ў амерыканскім істэблішменце ўзрастае ўсведамленне таго, што ўварванне Расіі ва Украіну пачалося яшчэ ў 14-м годзе, а не 24 лютага 22-га года.

Ну і трэцяе – гэта тое, што Байдэн прымусіў Пуціна перапісваць сваё прэзідэнцкае пасланне. Я лічу, тут няма ніякіх сумневаў, таму што ягоны візіт аказаўся сапраўды і неспадзяваным, і, я думаю, вельмі эфектыўным.

Чацьвёртае – гэта тое, што прысутнасць Байдэна ва Украіне ў кантэксце таго, што далей Байдэн паляцеў у Варшаву, дзе мае сустрэчу з лідарамі краін Бухарэсцкай дзявяткі, сведчыць, што Украіна ёсць важнай для Балта-Чарнаморскага рэгіёну. І гэта таксама для нас вялікая адказнасць.

Ці сказаў Байдэн нешта новае, датычна дапамогі Амерыкі Украіне?

Байдэн абвясціў пра новы пакет дапамогі на 500 мільёнаў даляраў. У медыя пайшла інфармацыя пра 700 танкаў, але ў дадзеным выпадку Байдэн меў на ўвазе агульную колькасць, якая ўжо была анансаваная, якая была дамоўленая раней. І тут не 700 новых танкаў, якія Украіна атрымае найбліжэйшым часам. Мы проста бачым, як тыя самыя «Леапарды» збіраюць па адным – па два.

Адпаведна, Байдэн паказаў, што Злучаныя Штаты Украіну сам-насам з Расіяй не пакінуць. Але нам трэба яшчэ шмат працаваць над тым, каб фраза «Украіна не прайграе» у амерыканскім успрыманні прасоўвалася да фразы «Украіна пераможа».

Як гэта паўплывае на расійскую палітычную сферу? Там ужо зараз гучаць каментары з Дзярждумы, што гэта правакацыя, што гэта эскалацыя.

Калі візіт прэзідэнта Злучаных Штатаў у незалежную дзяржаву – гэта эскалацыя, а забіваць украінскіх дзяцей і руйнаваць украінскім гарады – гэта нармальна, то ў мяне асабіста ўзнікае пытанне пра разумовыя здольнасці людзей, якія пра гэта гавораць.

Ці будзе гэты візіт уплываць на дзеянні іншых гульцоў антыпуцінскай кааліцыі – Нямеччыну, Францыю, якія недзе вагаюцца, недзе недастаткова рашучасці маюць, каб тыя ж самыя, Леапарды, напрыклад, надаваць?

Злучаныя Штаты таксама часта больш на словах падтрымліваюць Украіну, напрыклад, у пытанні пастаўкі самалётаў F-16. І пастаўкі Абрамсаў таксама маюць больш сімвалічны характар, чым характар прадметны. Але гэта ўсё патрэбна, таму што без гэтых дзеянняў Украіна проста будзе даўжэй дасягаць сваёй мэты. Мэты, якая ёсць відавочнай – поўнае вызваленне тэрыторыі Украіны ад расійскіх захопнікаў. І толькі пасля гэтага можна казаць пра нейкія палітычныя моманты. То бок, і ЗША і Заходняму свету давядзецца яшчэ прайсці пэўную эвалюцыю. Скажам, каб наблізіцца да пазіцыі Украіны. Польшчы, краінаў Балтыі ў гэтым пытанні.

Ілля Панамароў, расійскі апазіцыйны палітык.

Па-першае – гэта сігнал, што не такі ўжо Байдэн баязлівы, як многія казалі. Я быў упэўнены, што ён прыедзе ва Украіну на гадавіну, але нават я думаў, што ён даедзе да Львова і пасля вернецца назад. Паездка ў Кіеў – гэта моцны сігнал, што Злучаныя Штаты паступова адыходзяць ад страхаў, што трэба быць больш асцярожнымі. Гэта значыць, што наступным крокам, будзе прамы ўдзел ЗША ў палітычных зменах у Расіі.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.