Loading

Падчас анлайн-трансляцыі пасяджэння Міністэрства абароны Расіі ад міністра Сяргея Шайгу прагучаў загад адвесці расійскія войскі з Херсона. Таксама ў сераду стала вядома, што ў аўтамабільнай аварыі загінуў намеснік кіраўніка акупацыйнай улады Херсонскай вобласці Кірыл Стрэмаусаў. Мы папрасілі ўкраінскага палітолага Віталя Портнікава пракаментаваць гэтыя падзеі.

Фота: Олена Чернінька, espreso.tv

Пакуль яшчэ няма ніякага пераходу Херсона пад кантроль Узброеных Сіл Украіны і няма ніякай здачы Херсона. Усё, што вядома, так гэта тое, што падчас нарады Міністэрства абароны Расіі, якую паказвалі па тэлебачанні, міністр абароны Сяргей Шайгу аддаў загад адводзіць войскі за Херсон. І камандуючы расійскім акупацыйным кантынгентам Сяргей Суравікін сказаў, што такі манеўр будзе здзейснены ў бліжэйшы час.

Ніякія рэальныя даныя пакуль не пацвярджаюць вывад расійскіх войсках з тэрыторыі правага берагу. Таму трэба прыслухацца да ўкраінскага кіраўніцтва, якое раіць пачакаць канкрэтнай інфармацыі.

Гэта дае падставы думаць, нібыта рускія рыхтуюць нейкую пастку?

Я цяжка ўяўляю, як у той сітуацыі, у якой зараз знаходзяцца расійскія войскі, яны могуць рыхтаваць нейкае акружэнне ці іншы манеўр. Яны могуць не выходзіць з Херсона, гэта праўда. Ці рабіць усё магчымае, каб утрымаць пазіцыі, але гэта ўсё, на што яны здольныя зараз. У іх няма пазіцыйных магчымасцей, напрыклад, для стварэння атачэння. Таму варыянтаў у іх два – выходзіць ці не выходзіць.

Магчымы варыянт падрыву Кахоўскай электрастанцыі. Да таго ж, не варта думаць, што яны там такія ідыёты, што самі не падумалі, што іх западозраць у спробе стварыць пастку.

Што для Расіі будзе азначаць страта Херсона ў іміджавым плане і ў сітуацыі на фронце?

Па-першае, трэба дачакацца рэальнага вываду расійскій войскаў з Херсона, каб зразумець, што рэальна адбылося. З пункту гледжання іміджу, для ўнутрыпалітычнага жыцця расіян гэта нічога азначаць не будзе. Таму што расійскаму грамадству ўсё роўна, ёсць у іх Херсон ці не. Гэта рашэнне падтрымалі ўсе ўдзельнікі гэтай прапагандысцкай гульні, такія як Прыгожын ці Кадыраў, якія зусім нядаўна крытыкавалі падобны крок. Значыць ім сказалі яго падтрымліваць. Магчыма зараз Расія паспрабуе ўтрымаць тыя тэрыторыі, на якіх ёй будзе лягчэй абараняць свае пазіцыі. Гэта іншы бераг Дняпра ў Херсонскай вобласці, а таксама Данецкую і Луганскую вобласці. Утрымліваць гэтыя пазіцыі і намагацца з іх дамовіцца з Захадам на прыпыненне баявых дзеянняў. Гэта прадказанні, якія грунтуюцца на здаровым сэнсе. Але я не ўпэўнены, што расійскае кіраўніцтва кіруецца здаровым сэнсам.

Заява аб намеры вывесці войскі з Херсона дзіўным чынам супалі з гібеллю Кірыла Стрэмаусава. Як гэта расцэньваць?

Гэта не мае ніякага значэння, бо Кірыл Стрэмаусаў – ніхто. Ён быў вядомы толькі прапагандысцкімі заявамі, а ніякай рэальнай вагі не меў. Таму з пункту гледжання палітычнай сітуацыі нічога не зменіцца. Што б гэта ні было – разборкі ўнутры акупацыйных сіл, рэальная аўтакатастрофа ці пакаранне, у любым выпадку гэта ні пра што не сведчыць. Яго заменіць новая гаворачая галава на тэлебачанні.

Ці варта расцэньваць гэтыя падзеі сур’ёзна?

Калі расійскія войскі пакінуць Херсонскі бераг, гэта будзе важная падзея. Гэта зменіць усю канфігурацыю вайны. Гэта паставіць кропку на спробах захопу Мікалаева і Адэсы і ўсяго напрамку. Але для гэтага трэба, каб сапраўды расійскія войскі вышлі з Херсона, а ўкраінскія – туды зайшлі. Пакуль мы каментуем тэлевізійную заяву. А не ўсё, пра што кажуць па расійскім тэлебачанні, ператвараецца ў канкрэтныя дзеянні.

Comments are closed.