З перспектывы амаль году, аналізуючы наратыў расійскага прапагандысцкага і дэзынфармацыйнага апарату перад і на пачатковай стадыі ўварвання, можна зрабіць выснову, што гэты наратыў не ўтрымліваў ніводнай рэчы, якая магла б здзівіць, але ў той жа час ён паслядоўны, а гэта ў доўгатэрміновай перспектыве можа прынесці пэўныя вынікі.
Напярэдадні ўварвання
Калі на мяжы 2021/22 гадоў супрацьстаянне Расія-Захад і Расія-Украіна абвастрылася, дэзінфармацыйная і прапагандысцкая дзейнасць Расіі актывізавалася. Яе асноўнай мэтай была Украіна. У расійскім наратыве краіна была прадстаўлена як патэнцыйны агрэсар – менавіта з украінскай тэрыторыі павінна была адбыцца атака на «рэспублікі» Данбасу. Украіна здзейсніла б такую агрэсію пад ціскам Захаду, і перш за ўсё ЗША, яны павінны былі de facto дыктаваць Украіне, што рабіць і якую якую палітыку праводзіць. Абвінавачванні ў распальванні і правакаванні канфлікту таксама гучалі на адрас NATO, якая нібыта разгарнула наступальныя сілы на тэрыторыі Украіны і сцягнула войскі ў краіны ўсходняга флангу. Цікава, гэты наратыў таксама ўключаў і магчымасці ўкраінскіх і заходніх правакацый супраць Беларусі – што, натуральна, апраўдала бы «братэрскую дапамогу», якую Расія магла аказаць Беларусі.
Расійская дзейнасць у інфармацыйнай сферы была адрасавана і ўкраінцам: яна павінна была пераканаць іх, што сённяшняя Украіна – слабая дзяржава, якой кіруюць знешнія сілы (Захад, асабліва ЗША). Кібератака на ўкраінскія ўстановы ў сярэдзіне студзеня была часткай гэтай тактыкі. Таксама былі спробы па дыскрэдытацыі NATO і ўсяго Захаду ў вачах украінцаў, у сацыяльных сетках распаўсюджваліся меркаванні кшталту «амерыканцы будуць змагацца з Расіяй да апошняга ўкраінца».
Традыцыйна прапагандысцкі пасыл быў і застаецца адрасаваным расійскаму грамадству. І асноўная задача тут – стварыць пачуццё пагрозы, якое павінна забяспечыць уладам сацыяльную легітымнасць іх дзеянняў. Апраўданнем канцэнтрацыі расійскіх узброеных сіл (у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі) стаў «традыцыйны» наратыў пра тое, што Расія «у атачэнні варожых сіл», якія падштурхоўваюць да канфрантацыі і, магчыма, да вайны. Расія ж, як заўсёды, вымушаная толькі адстойваць уласныя інтарэсы і бяспеку. Як падкрэсліў Уладзімір Пуцін на штогадовай канферэнцыі 23 снежня 2021 года, «мы гэтага (вайны) не хочам». Шмат гадоў паўтаралася аргументацыя, згодна з якой:
- НАТА падманула Расію, «пашырылася» на ўсход і наблізілася да межаў Расіі;
- Расія павінна абараняцца ад заходняга імперыялізму і «фашызму» украінскіх улад;
- Злучаныя Штаты павінны прымусіць Украіну (як яе сапраўдны патрон і суверэн) выканаць Мінскія пагадненні, бо менавіта Украіна блакуе магчымасць вырашэння канфлікту на Данбасе, адмовіўшыся ад гэтых пагадненняў.
Гэтыя наратывы паўплывалі на расійскае грамадства, асабліва з улікам фактычнай ліквідацыі ў Расіі рэальных апазіцыйных сіл і незалежных СМІ. Паводле даследавання «Левада-цэнтру», праведзенага ў снежні 2021 года, палова расіян лічыла, што ў эскалацыі сітуацыі вінаватыя ЗША і NATO, 16% лічылі, што вінавата Украіна, і толькі 4% – што Расія.
Расійскі наратыў паўтараўся і ў беларускай інфармацыйнай прасторы, як у афіцыйных беларускіх СМІ, так і з боку беларускіх улад. У абедзвюх краінах, Расіі і Беларусі, гучалі таксама тэмы датычныя Польшчы, у асноўным размова ішла пра тое, што ў Польшчы і краінах Балтыі сканцэнтраваны сілы НАТА, якія рыхтуюць правакацыі супраць Беларусі. У Польшчы назіралася павышаная актыўнасць прарасійскіх колаў і СМІ, мэтай якіх было ў чарговы раз пагоршыць польска-ўкраінскія адносіны. Зноў гучалі аргументы, што Украіна – антыпольская і «бандэраўская», распаўсюджваліся паведамленні пра мільёны бежанцаў з Украіны, якія прыбудуць у Польшчу, а сярод іх будуць узброеныя «банды УПА». Гэтыя чуткі суправаджаліся меркаваннямі, што лёс Украіны не павінен нас датычыць і не трэба ёй дапамагаць, а на польска-ўкраінскай мяжы трэба будаваць умацаванні, аналагічныя ўзведзеным на мяжы з Беларуссю.
Ужо тады можна было дапусціць, што, незалежна ад развіцця падзей, такія дзеянні і рыторыка па падагрэве антыўкраінскіх настрояў у Польшчы, будуць працягвацца, і нельга было выключаць правакацый, накіраваных на ўзмацненне напружанасці ў польска-ўкраінскіх стасунках. Далейшыя падзеі, у тым ліку і расійскае ўварванне, пацвердзілі гэтыя здагадкі, а таксама іншыя, якія тычыліся выключна дзеянняў супраць Польшчы, накіраваных на дыскрэдытацыю краіны і прадстаўленне яе як:
- дзяржаву, канфліктуючую з Захадам, якая не адыгрывае ніякай ролі ў заходніх структурах;
- ксенафобскую і нацыяналістычную дзяржаву, а таксама ўнутрана нестабільную;
- «русафобскую» дзяржаву, улады і грамадства якой таксама маюць пачуццё перавагі над народамі, што калісьці жылі на тэрыторыі агульнай Рэчы Паспалітай.
З часам, калі ваенная сітуацыя ў Расіі паступова пагаршалася, з’явіліся новыя абвінавачанні: Польшча імкнецца развязаць сусветную вайну і ўцягнуць у яе НАТА; Польшча зацікаўлена перадусім у тым, каб заваяваць частку Заходняй Украіны, якую гістарычна лічыць сваёй тэрыторыяй, і што, такім чынам, польская дапамога Украіне мае выключна асабістыя інтарэсы і выгоды.
Пасля ўварвання
У Польшчы ў перыяд напярэдадні расійскага ўварвання ў інфасферы (як на «інфармацыйных» парталах, так і ў сацыяльных сетках) узрасла актыўнасць суб’ектаў, што распаўсюджваюць прарасійскія наратывы. Гэта былі як ранейшыя антыўкраінскія тэмы (Валынь і г.д.), так і новыя, да прыкладу запалохванне палякаў узмацненнем наплыву ўкраінцаў і тэрорам створаных імі ў Польшчы «ўзброеных атрадаў» (часта згадвалася УПА).
Актыўна працавалі людзі і асяродкі, вядомыя сваёй прарасійскай, антыўкраінскай і антызаходняй дзейнасцю – часам былі дзіўныя тэксты пра «рэпаланізацыю крэсаў» пасля хуткай «дэнацыфікацыі» Украіны, якую правядзе Расіяй. Адразу пасля нападзення прарасійскія колы крыху зменшылі сваю актыўнасць, што, хутчэй за ўсе, было выклікана нечаканасцю (прынамсі для некаторых) развіцця падзей. Папярэджвалі пра «спэцслужбы», якія будуць шукаць «расійскіх агентаў» і пераследаваць іх за «праўду». Аднак праз некалькі дзён хваля прарасійскіх дзеянняў зноў узрасла, працягваючы існуючыя наратывы і развіваючы новыя. Дзейнічаюць шматлікія каналы і групы ў сацыяльных сетках, актывізаваліся фальшывыя акаўнты, дагэтуль «нейтральныя». Важна падкрэсліць заканамернасць, якая назіраецца ва ўсёй Еўропе і ЗША: прарасійскі, антызаходні і антыўкраінскі наратыў распаўсюджваецца коламі, якія раней спрабавалі падзяліць грамадства тэмамі пандэміі і вакцынацыі (што пацвярджае тэзісы экспертаў, якія даўно казалі пра датычнасць Расіі да «каляпандэмічнай» тэмы, што дэстабілізуе заходнія дзяржавы і грамадства). Адкрыта прарасійскую дзейнасьць вядуць радыкальныя колы, як правыя, так і левыя (напрыклад, панславісты, антыглабалісты, НРЛ, так званыя прыхільнікі «крэсаў» і г.д.). Больш-менш пракрамлёўскую пазіцыю займаюць некаторыя палітыкі, журналісты і прадстаўнікі навуковых колаў.
У пракрамлёўскім наратыве, акрамя «традыцыйных» тэм (Валынь, абвінавачанні ў імперыялізме з боку Захаду, НАТА і ЗША і інш.), па ходзе развіцця падзей з’явіліся новыя:
- накіраваныя на негатыўнае стаўленне палякаў да дапамогі ўцекачам з Украіны: паведамленні аб учыненых імі злачынствах у памежных рэгіёнах; пра нібыта дыскрымінацыю палякаў за кошт украінцаў у дзяржаўных і лячэбных установах; пра нібыта нахабныя паводзіны ўкраінцаў, «перанясенні Украіны да Польшчы» і «бандэрызацыю Польшчы» і г. д. (з’яўляюцца таксама агрэсіўныя антысеміцкія наратывы);
- накіраваныя на дыскрэдытацыю міжнароднага іміджу Польшчы шляхам абвінавачанняў у расізме і гвалце ў дачыненні да людзей не еўрапейскага паходжання, якія жадаюць патрапіць у Польшчу з Украіны (гэта працяг заяў з восені 2022 г., перыяду крызісу на польска-беларускай мяжы) – у больш шырокай перспектыве гэта павінна размыць вобраз вайны і расійскай адказнасці за яе ў вачах міжнароднай грамадскай думкі (асабліва за межамі Еўропы);
- заявы аб адказнасці Захаду (пераважна Амерыкі) за падзеі ва Украіне і расказы пра Расію, якая «вымушана абараняцца»;
- паведамленні, якія з’явіліся яшчэ да расійскага ўварвання аб дзейнасці Украіны па атрыманні ядзернай зброі і аб сакрэтных лабараторыях ва Украіне, якія распрацоўваюць біялагічную зброю ад імя ЗША, атрымалі шырокае распаўсюджванне на пачатковым этапе вайны, што адпавядала афіцыйнай рыторыцы Расіі.
Ва ўмовах запаволення расійскіх ваенных дзеянняў ва Украіне і адсутнасці відавочных поспехаў на полі бою прарасійская дэзінфармацыя і прапаганда актывізаваліся, выкарыстоўваючы, сярод іншага:
- напружанне, рэальнае і ўяўнае, звязанае з сітуацыяй з бежанцамі ў Польшчы;
- дзейнасць, накіраваную на паглыбленне падзелу ў польскім грамадстве – выкарыстанне палітычных і сацыяльных спрэчак у Польшчы, асабліва ва ўмовах амбівалентнасці некаторых палітычных сілаў;
- антыамерыканскія і антызаходнія наратывы, якія сведчаць, што Польшча не павінна ўвязвацца ў «не нашу» вайну і што «Захад зноў здрадзіць Польшчы», а таксама што заходнія санкцыі будуць кароткачасовымі, а іх наступствы – у асноўным удараць па Польшчы і паляках;
- наратыў Крамля, паводле якога Расія толькі абараняецца, бо Украіна фактычна нясе адказнасць за канфлікт, які «справакаваў» Расію на «абарону», бо Украіна застаецца марыянеткай Захада, а расійская армія вядзе баявыя дзеянні толькі супраць ваенных аб’ектаў і не чапае мірнае насельніцтва;
- крытыка і высмейванне Польшчы як слабой, нядобранадзейнай і нефункцыянальнай дзяржавы.
Такая антыпольская дэзінфармацыйна-прапагандысцкая дзейнасць, якая праводзіцца як Расіяй, так і прарасейскімі коламі ў Польшчы, інтэнсіўна выкарыстоўвала існуючыя наратывы, паслядоўна і крэатыўна дапаўняючы іх новымі, якія ўзнікаюць у кантэксце цяперашняй сітуацыі. Пасыл павінен быў узмоцнены асабістым удзелам высокапастаўленых публічных асоб (Пяскоў, Лаўроў, Мядзведзеў, Захарава і інш.).
«Класічнай» доўгатэрміновай кампаніяй з’яўляецца падрыў міжнароднай пазіцыі Польшчы, мэта якой – стварэнне іміджу дзяржавы, ізаляванай на Захадзе і ў заходніх інстытутах. Эфектыўнасці такіх дзеянняў спрыяюць выказванні некаторых польскіх палітыкаў і прадстаўнікоў грамадскасці, напрыклад тых, хто абвінавачвае Захад і ЕС у развязванні вайны (што азначае, свядома ці не, распаўсюджванне расійскага наратыву).
Не новая таксама дыскрэдытацыя НАТА, якая пакіне Польшчу сам-насам з расійскай пагрозай (наратыў пра «здраду Захада» моцна ўкараніўся ў Польшчы). Антызаходні пасыл распаўсюджваецца і на антыамерыканскія настроі, прапагандуючы, напрыклад, што Польшча была акупаваная сіламі НАТА (а фактычна ЗША). Атрымалі працяг і антыўкраінскія тэмы, якія нагадваюць пра Валынскую разню, зараз яны дапаўняюцца (у адпаведнасці з расійскай рыторыкай) абвінавачваннямі «бандэраўцаў» у развязванні канфлікту – ад імя амерыканцаў.
Крытыка Польшчы не абмяжоўваецца абвінавачваннямі ў падпарадкаванні ЗША, і як вынік «правакаванні» Расіі і стымуляванні напружанасці паміж НАТА і Расіяй (ахвярай якой у першую чаргу стане Польшча). Усё часцей гучаць абвінавачванні ў пасіўнасці польскіх улад перад абліччам гуманітарнага крызісу, выкліканага вайной і знаходжаннем у Польшчы больш чым двух мільёнаў бежанцаў з Украіны.
Новыя тэмы, якіх не было да вайны, тычацца ў асноўным прысутнасці ўкраінцаў у Польшчы – множацца паведамленні, галоўным чынам у сацыяльных сетках, але таксама і ў некаторых СМІ, накіраваныя на тое, каб настроіць палякаў супраць дапамогі ўкраінцам. Транслюецца, што ўцекачы сталі прывілеяванай групай (з пункту гледжання доступу да дзяржаўных паслуг, сістэмы фінансавай дапамогі і г.д.), а палякі становяцца «грамадзянамі другога гатунку ў сваёй краіне». Па меры павелічэння праблем, звязаных са знаходжаннем у Польшчы вялікай колькасці ўкраінскіх бежанцаў (а такія праблемы, натуральна і непазбежна, будуць нарастаць), такі наратыў можа станавіцца ўсё больш папулярным. Гэта суправаджаецца заявамі, што дапамога Украіне і ўкраінцам не ў інтарэсах Польшчы і можа «уцягнуць нас у вайну» (у якой нам ніхто не дапаможа). У гэтым кантэксце варта падкрэсліць, што апошнім часам з боку расійскіх афіцыйных асоб і прарасійскіх колаў у Польшчы гучаць заявы аб «нацыфікацыі» Польшчы. Улічваючы, што гэта было адной з асноўных падстаў для ўварвання ва Украіну (сцвярджэнні аб яе «нацыфікацыі»), такія заявы варта трактаваць як заклікі абудзіць і паглыбіць страх і няўпэўненасць палякаў.
Адначасова ідзе дзейнасць, накіраваная і на ўкраінцаў, у тым ліку на тэрыторыі Польшчы. Іх пасылы-паведамленні, што палякі насамрэч пагарджаюць украінцамі, будуць выкарыстоўваць іх для напаўрабскай працы, а ўкраінскія жанчыны будуць абʼектам гандлю людзьмі і сутэнёрства. Таксама ўвесь час гучаць папярэджанні, што палякі маюць намер увесці свае войскі ў Заходнюю Украіну і Львоў, каб адарваць гэтую тэрыторыю ад Украіны і далучыць да Польшчы – былі нават падрабязныя бюлетэні для галасавання на рэферэндуме аб далучэнні Львова і Галіцыі да Польшчы.
Без асаблівай рызыкі можна казаць (і гэта пацвердзілі падзеі пасля трагедыі ў Пшэводове), што вайна будзе працягвацца, пакуль будуць працягвацца расійскія намаганні ў інфармацыйным вымярэнні, мэта якіх:
- стымуляванне панікі ў сувязі з магчымай атакай з боку Расіі і адсутнасцю рэакцыі на гэта з боку НАТА–так лягчэй выклікаць эмоцыі, даносіць канспіралагічныя тэорыі і г.д.;
- дэстабілізацыя сітуацыі ў Польшчы і негатыўнае стаўленне заходняй грамадскай думкі да Польшчы (напрыклад, шляхам «традыцыйных» абвінавачванняў Польшчы ў русафобіі, ксенафобіі і г.д.);
- адмова палякаў ад дапамогі ўкраінцам і пагаршэнне польска-ўкраінскіх стасункаў;
- распальванне антыамерыканскіх і, шырэй, антызаходніх настрояў;
- палярызацыя польскага грамадства.
Якуб Альхоўскі
Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm
Comments are closed.