Loading

Віленскія Могілкі Росы. Цяпер гэтае месца трывала звязана з імёнамі Кастуся Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага і яшчэ 18 удзельнікаў паўстання 1863-64 гадоў. Іх парэшткі былі знойдзены падчас апоўзня на гары Гедыміна ў 2017 годзе, а праз два гады ўрачыста перапахаваны на могілках Росы, у капліцы паўстанцаў.

І таму нядзіўна, што цэнтральным месцам урачыстасцей 160-ай гадавіны пачатку паўстання стала менавіта гэтая капліца. Прадстаўнікі чатырох краін, на тэрыторыі якіх адбываліся падзеі 1863 года – Літвы, Беларусі, Польшчы і Украіны – усклалі вянкі да мемарыяльных шыльдаў герояў. Літву на ўрачыстасцях прадстаўляў прэзідэнт Гітанас Наўседа, Польшчу і Украіну – амбасадары ў Літве, ад Беларусі ўдзел ва ўрачыстасцях прымала Святлана Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская:

«Паўстанне 1863 года аб’ядноўвае Літву, Польшчу, Украіну і Беларусь. Нашы народы адмовіліся жыць пад прыгнётам акупантаў і паўсталі за сваю зямлю і за сваю годнасць. Апошнія падзеі ва Украіне і Беларусі паказваюць, што мэты паўстанцаў трэба адстовайць без упынку. Імперыя зноў грукаецца ў наш дом. Імкнецца нас знішчыць ці падпарадкаваць. Сіла, якую знайшлі нашыя землякі, каб супрацьстаяць Расійскай імперыі нават коштам уласных жыццяў, гэта сіла, якую яны перадалі і нам праз паўтара стагоддзі».

На могілкі Росы прыйшлі беларусы Вільні. Наша народная дэлегацыя была самай прадстаўнічай: бел-чырвона-белыя сцягі, кветкі і вера ў перамогу.

«У 1863 годзе Каліноўскі пачаў паўстанне і да гэтага дня беларусы гэтае паўстанне працягваюць»

«Каб не пачаў Каліноўскі гэтую справу, то не было б і Беларусі».

«Гэты дзень, які літоўцы тут адзначаюць з такой пашанай, павінен быць дзяржаўным святам у Новай Беларусі».

«Гэта тое паўстанне, з якога пачалася Беларусь».

«Для Беларусі гэта важны момант, якія яшчэ не скончыўся. Польшча і Літва здабылі сваю перамогу, а беларусы ўсё яшчэ змагаюцца».

«Калі б усе ведалі гісторыю, то, напэўна, мы б не дапусцілі таго, што адбылося ў Беларусі ў 2020 годзе і раней, і, напэўна, не дапусцілі бы столькі расійскага ў Беларусі».

Працягнуліся ўрачыстыя мерапрыемствы ў Кафедральным саборы Вільні: тут адбылася імша, дзе не толькі ўзгадвалі паўстанцаў, але шмат казалі пра свабоду і прагу да яе ў кантэксце і гістарычных і сучасных падзей.

Урачыстасці з нагоды 160-ай гадавіны паўстання ў Вільні працягнуцца на гэтым тыдні. У аўторак адбудзецца адкрыццё выставы «Барацьба за свабоду», якую падрыхтаваў музей гісторыі Польшчы. У гэты ж дзень у Палацы Вялікіх князёў пройдуць дэбаты «Чатыры народы пра паўстанне: агульны супраціў, рэпрэсіі, высновы для XXI стагоддзя». У дыскусіі будуць удзельнічаць прадстаўнікі з Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны.

На высокім узроўні адзначаць гадавіну паўстання будуць у панядзелак у Польшчы: у Варшаву прыбудуць прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і лідарка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская.

А 16 гадзіне ў варшаўскай цытадэлі ля Brama Straceń чакаюць беларусаў Польшчы.

Падрабязней слухайце ніжэй.

Comments are closed.