Сёння Вільні 700 гадоў. Менавіта 25 студзеня 1323 г. у лісце вялікага князя літоўскага Гедыміна ўпершыню быў згаданы гэты горад.
Для беларусаў Вільня была заўсёды горадам родным, так склалася гістарычна. І найноўшая гісторыя зноў закінула сюды тысячы беларусаў – большая частка з іх, згодна з апошнімі сацыялагічнымі даследаваннямі, знайшла тут палітычны прытулак. Сёння ў літоўскай сталіцы жывуць журналісты і айцішнікі, настаўнікі і інжынеры, урачы і студэнты.
Беларусы пастаянна нагадваюць пра сябе: акцыі, шэсці, памятныя мерапрыемствы. І часта над Вільняй лунае бел-чырвона-белы сцяг.
Што такое для мяне Вільня сёння: спыталі ў беларусаў, якія жывуць у літоўскай сталіцы.
Вільня – гэта месца, дзе мае бацькі могуць спаць спакойна і не думаць, што да іх прыйдуць з вобшукам.
Вільня – гэта месца, дзе я схавалася і атрымала бяспеку. Калі б мне год 5-6 таму сказалі, што я буду жыць у Вільні, я б была вельмі радая, але тое, што мне давялося пераязджаць гвалтоўна, гэта вельмі цяжка.
Вільня – гэта горад мультыкультурны, дзе гучаць розныя мовы і мне здаецца, што я апынуўся на сто гадоў таму.
Вільня – гэта месца, якое дазволіла мне выжыць, захаваць сябе і нават адрадзіцца.
Вільня – гэта самае лепшае месца на Зямлі, лепшае, чым Парыж. Мне падабаецца атмасфера, архітэктура і гісторыя гэтага горада.
Глядзіце ніжэй фотаздымкі з розных мерапрыемстваў беларусаў Вільні.
Больш адказаў слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.