Loading

У сучасным свеце назіраецца няўхільны рост папулярнасці вегетарыянства. Колькасць вегетэрыянцаў на планеце перабольшвае 1 млрд чалавек. Але чаму людзі адмаўляюцца ад мяса?

Фатографка Ганна Марза, якая трымаецца вегетарыянскіх прынцыпаў апошнія 12 гадоў, распавядае, наколькі складана перайсці на расліннае харчаванне, як вылучэнне мяса з рацыёну адбіваецца на здароўі і чым ёсць вегетарыянства найперш — дыетай ці ідэалогіяй.

Фота: Радыё Ўнэт.

«Асабіста для мяне вырашэнне перайсці на вегетарыянства не было цяжкім: перад вачыма ў мяне быў прыклад сяброўкі, якая на той момант не ела мяса 8 гадоў як. Я тады вучылася ў медуніверсітэце, дзе нам казалі, што надоўга адмаўляцца ад мяса нельга, бо гэта небяспечна для здароўя і можа пагражаць развіццём недакровіц і розных хранічных захворванняў. Але ж з іншага боку ў мяне была мая сяброўка, якая была поўнай энергіі і адчувала сябе выдатна. Я нарэшце вырашыла паспрабаваць і паглядзець, што са мной адбудзецца праз некалькі дзён, але ўцягнулася і толькі праз некалькі месяцаў зразумела, што ўвесь гэты час я не ем мяса і ніякай шкоды з гэтага няма. Цягам часу я зразумела, што экалагічны бок пытання мне таксама важны. 

Мясная прамысловасць — напэўна, найбуйнейшы забруджвальнік атмасферы, і калі я хачу быць свядомай грамадзянкай і берагчы прыроду, то трэба мець гэта на ўвазе. Гэта той маленькі крок, які я магу зрабіць, каб зберагчы планету. Я трымаюся прынцыпа, што кожны мусіць пачынаць з сябе і рабіць тыя дробныя рэчы, што ад нас залежаць, і асабіста для мяне вегетарыянства — адна з такіх рэчаў.

Маё атачэнне да такіх зменаў аднеслася збольшага негатыўна. Бацькі спачатку думалі, што гэта нейкая дурасць, якая хутка пройдзе; зразумеўшы, што я не збіраюся вяртаць мяса ў рацыён, мае мама і бабуля сталі намагацца мяне пераканаць і нават спрабавалі непрыметна падкладваць мяса ў маю ежу. Ва ўніверсітэце маю ініцыятыву таксама сустрэлі халаднавата. Я бачыла, што прынятыя ў беларускай медычнай супольнасці погляды супярэчаць маім уласным, разумела, што заставацца ў гэтай сферы ў Беларусі мне будзе цяжкавата, і пасля 5 курсу кінула навучанне.

Усе сцвярджэнні, што вегетарыянства не ёсць паўнавартасным харчаваннем, гэта толькі стэрэатып. Ён шырока распаўсюджаны ў тым ліку з-за таго, што медыцына не падтрымлівае вегетарыянства афіцыйна — у свеце пакуль няма наконт яго адзінай пазіцыі, толькі асацыяцыя амерыканскіх дыетолагаў прызнала, што вегетарыянства станоўча ўплывае на здароўе.

Насамрэч няма вялікай розніцы, ужываць раслінныя ці жывёльныя бялкі — унутры арганізма яны аднолькавым чынам раскладаюцца на простыя амінакіслоты і потым зноў спалучаюцца ў патрэбныя целу мікраэлементы. Тыя амінакіслоты, якія лічацца незаменнымі і неабходнымі для чалавечага жыўлення, ёсць і ў жывёльных, і ў раслінных харчах. Яшчэ часта кажуць пра тое, што неабходнае нам жалеза немагчыма здабыць з раслін — гэта таксама міф. Так, арганізм чалавека лягчэй засвойвае бялкі і жалеза з жывёльных харчоў, але цалкам магчыма атрымліваць усе неабходныя для нашае жыццядзейнасці рэчывы, трымаючыся вегетарыянскай дыеты.

Тое, што вегетарыянства абыходзіцца даражэй за жывёльнае харчаванне, таксама міф. З майго досведу, раслінная дыета наадварот аказваецца больш эканамічнай пры ўмове, што ежу вы гатуеце дома.

Увогуле спажыванне мяса, як уласна і вегетарыянства — гэта харчовая звычка, якую можна мяняць. Калі чалавек не ўжывае мяса з маленства, то і жадання такога ў яго не будзе. Я лічу, што мяса нават не варта чымсьці адмыслова замяняць, і ўпэўнена, што ўсё жыццё цалкам можна пражыць, карыстаючыся вегетарыянскімі прынцыпамі, галоўнае — каб жыўленне было збалансаваным.

У Польшчы абыходзіцца без мяса значна прасцей у параўнанні з Беларуссю. Тут літаральна ў кожнай краме вегетарыянец можа знайсці дастаткова прадуктаў, каб збудаваць паўнавартасны рацыён. У Мінску я часам не магла знайсці неабходныя мне прадукты ў некаторых крамах, а пра асартымент у рэгіёнах я нават баюся штосьці казаць.

Я належу да тых вегетарыянцаў, якія не засуджваюць іншых і нікому не навязваюць свае погляды і харчовыя звычкі. Кожны мусіць шукаць свой шлях і ўласныя прычыны, каб далучыцца да вегетарыянства, і я магу толькі паспрабаваць дапамагчы, калі ў чалавека ёсць да гэтага шчырае імкненне.»

Comments are closed.