Loading

Пра кнігі, гісторыю, навуку і медытацыю. Сабралі для вас пяць беларускіх падкастаў на самыя розныя тэмы.

1. Natatnik

Шыкоўная серыя падкастаў, якія можна не толькі слухаць, а і глядзець. Абмяркоўваюць тут самыя розныя тэмы і сустракаюцца з самымі рознымі людзьмі. Ёсць выпуск, прысвечаны беларускаму Палессю і яго жыхарам. Самая свежая праграма – з Віктарам Сямашкам пра ягоныя 1000 (!) радыёперадач пра беларускую музыку. Нам яшчэ вельмі падабаецца падкаст з астраномам Віктарам Малышчыцам, які распавядае, дзе ў Беларусі шукаць зоркі і метэарыты. Спойлер: на балотах, якія – сапраўдны беларускі космас!

 2. Кніжная шафа

Падкаст называецца так, як і невялічкая кнігарня на мінскай Грушаўцы. Там працуюць вядучыя падкаста – дзве Насты. Яны распавядаюць разнастайныя кніжныя гісторыі, якія нараджаюцца наўпрост у іх кнігарні. У «Кніжнай шафе« дзяўчаты раяць кнігі, адказваюць на пытанні і прапануюць размовы на літаратурныя і калякніжныя тэмы.

3. Vandra

Агулам гэта падкаст пра турызм у Беларусі. Але нам больш за ўсё падабаюцца размовы пра спадчыну і людзей, якія маюць да яе дачыненне. Можна паслухаць пра старавераў Заходняга Падзвіння, Трышынскія могілкі ў Берасці або традыцыі лекавання шэптам. Тэмы выпускаў не банальныя, а госці цікавыя і дасведчаныя.

4. Тэхнавука

Падкаст пра тэхналогіі, навуку і космас на беларускай мове. Канал будзе карысны тым, хто цікавіцца сучаснасцю і будучым навукі і тэхналогій. Тут можна паслухаць пра заробкі SpaceX, няўдачы амерыканскай астранаўтыкі і нават пра тое, дзе правесці ядзерную зімоўку. Выпускаў няшмат, выходзяць яны хутчэй спарадычна, чым рэгулярна, але праект важны і цікавы. Робіць яго колішні журналіст, а цяпер праграміст Віталь Аляхновіч.

5. Лягчэй. Медытацыі па-беларуску

Падкаст беларускамоўных медытацый. Цудоўны спосаб вырвацца з замкнёнага кола напружанасці, «не заліпаючы» на трывожных думках, што забіраюць нашую энергію і радасць. Канчатковая мэта такіх практык – дабіцца поўнага спакою свядомасці і цела. І ўсё гэта па-беларуску. Дарэчы, існуе меркаванне, што медытацыя патрэбная абсалютна кожнаму. Прынамсі, калі не дапаможа, то не зашкодзіць!

А наш падкаст пра беларускія падкасты слухайце ніжэй.

Comments are closed.