Сям’я намесніка старшыні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Валерыя Кавалеўскага ў пачатку года апынулася ў цэнтры інфармацыйнай атакі. У сеціве з’явіліся фотаздымкі маці палітыка, Людмілы Кавалеўскай, у атачэнні беларускіх і расійскіх чыноўнікаў, і нават на білбордах партыі “Адзіная Расія”. Гучаць абвінавачванні пра чарговы “расійскі” след у дэмакратычных сілах і лабіраванне інтарэсаў рэжыму за мяжой. Валерый Кавалеўскі пракаментаваў нам гэтыя “злівы” і патлумачыў, з чым яны могуць быць звязаны.
Валерый, калі і як Вы заўважылі, што пачаліся атакі на вашую сям’ю, інфармацыйныя атакі, я маю на ўвазе?
Найперш скажу, што ўвага рэжыму да маёй маці прысутнічала і раней. Як толькі я далучыўся да каманды Ціханоўскай, былі спробы ўздзейнічаць на яе, выклікі на размовы і г.д. Калі была атака на людзей, якія займаюцца грамадска-палітычнай дзейнасцю ў Беларусі, напрыканцы мінулага года, то гэта, на жаль, не абмінула і маю маці—у яе былі вобшукі. Але гэтая інфармацыйная атака, яна пачалася ў новым годзе, мне падказалі, што ёсць такія паведамленні, якія звяртаюць увагу на прыватнае жыццё маёй маці.
А раней, калі вобшукі былі, нейкія асабістыя фотаздымкі, у паблік не ўсплывалі. А зараз можна пабачыць вал фотаздымкаў, нейкая асабістая інфармацыя і нават дакументы. З чым Вы гэта звязваеце і хто можа стаяць за гэтай атакай?
Найперш, я гэта звязваю са сваёй дзейнасцю, са сваім удзелам у дэмакратычным руху Беларусі. Гэта накіравана супраць Кабінета найперш, як галоўнай выканаўчай структуры дэмакратычнага руху, гэта спроба яго аслабіць і падарваць яго рэпутацыю. І мая ўласная дзейнасць у Кабінеце, па самых розных кірунках, якія на сённяшні дзень з’яўляюцца досыць заўважнымі: гэта і знешнепалітычная дзейнасць, мая праца са Злучанымі штатамі, Еўрапейскім Звязам, ёсць пэўныя дасягненні на гэтым накірунку, гэта дзейнасць па пашпартным праекце, поспех якога будзе вельмі моцным ударам па рэжыме Лукашэнкі. Ёсць дастаткова прычын, каб атакаваць. Такія спробы былі і раней, але гэтая атака больш сканцэнтраваная і бачна, што гэтыя людзі робяць гэта мэтанакіравана. Але я адзначу некалькі вельмі важных момантаў—інфармацыя, якая распаўсюджваецца пра маю маці, яна не адпавядае рэчаіснасці: яна не з’яўляецца грамадзянкай Расіі, яна даўно ўжо жыве ў Беларусі, адпаведна яна не належыць ні да якіх палітычных сіл, ні да якіх палітычных партый.
Была інфармацыя, што ў яе цесныя сувязі з Расіяй і беларускімі чыноўнікамі. Ці захоўваюцца гэтыя стасункі да сённяшняга часу?
Я не буду каментаваць падрабязнасці асабістага жыцця маёй маці, яна прымае самастойныя рашэнні. Тое, што магу сказаць: яна займаецца бізнесам, прасоўваннем беларускай прадукцыі. Гэта даўно адбываецца. Пакуль яна яшчэ жыла ў Расіі, яна гэтым займалася. Яна прымае свае рашэнні, як жыць, чым займацца і чым зарабляць на жыццё. Гэтак сама, як і я, прымаю свае ўласныя рашэнні, дзе мне жыць, дзе працаваць, да якіх далучацца рухаў. У гэтым сэнсе мы не спрабуем уплываць адно на аднаго, бо мы з’яўляемся самастойнымі людзьмі.
У Вашай сям’і няма канфлікту на палітычнай глебе?
Не, у нас няма такога канфлікту. Мая маці ведае, чым я займаюся. Мы адно аднаго разумеем, паважаем выбар адно аднаго. Я бачу, чым займаецца маці. У яе ёсць і ў мінулым былі свае дасягненні. Калі ёсць поспех, то я толькі рады гэтаму.
А як яна сама рэагуе на гэтыя атакі? Наколькі я разумею, яна чалавек непублічны.
Яна — непублічны чалавек і яе рэакцыі таксама павінны заставацца не публічнымі.
Але Вы з ёй сустракаецеся? Бо на фота было бачна, што яна прыязджае ў Вільню. Ці дапамагалі Вы ёй з візай?
Гэта не была літоўская віза, гэта дакладна. Так, яна прыязджае час ад часу, не так часта, як хацелася б. Але, калі ёсць магчымасць сустрэцца са мной і з маім сынам, то такія паездкі бываюць.
Па Вашым меркаванні, хто стаіць за цяперашняй атакай на Вашу сям’ю?
Калі казаць у цэлым, то гэта тыя людзі, якія хочуць аслабіць беларускі дэмакратычны рух, аслабіць Аб’яднаны пераходны кабінет. Не буду спекуляваць наконт таго, якія спецлужбы да гэтага маюць дачыненне, але мы разумеем, каму найбольш замінае дзейнасць беларускага дэмакратычнага руху. Трэба глядзець, каму выгадна, каб гэты рух быў аслаблены.
А ў калег па АПК ёсць да Вас пытанні ў сувязі з гэтай інфармацыйнай атакай? Яны прасілі штосьці патлумачыць?
Заўтра мы сустракаемся кабінетам. Тут (у Варшаве-рэд.) будзе знаходзіцца Святлана Ціханоўская. Будзе сустрэча ўсяго складу Кабінета і будзе магчымасць адказаць на іх пытанні. Я буду рады быць абсалютна зразумелым і празрыстым для іх.
А Вы не рабілі таямніцы з гэтай інфармацыі, чым займаецца Ваша маці?
Я не рабіў з гэтага сакрэту. Але гэтая інфармацыя не тычыцца маёй прафесійнай дзейнасці, майго асабістага жыцця. Гэта жыццё маёй маці.
А які будуць Вашыя крокі ў адказ на гэтую атаку? Тым больш, што апублікавана інфармацыя асабістага характару.
Насамрэч, тая інфармацыя, якая выкладзена, яна выкладзена, некарэктна. Там ёсць вельмі шмат маніпуляцый, спробаў сказіць гэтую інфармацыю. Напрыклад, кажуць, што яна жыве ў Расіі, прыналежыць да нейкіх палітычных сіл, што ў яе расійскае грамазянства. Гэта не адпавядае рэчаіснасці. Адказ на гэта—празрыстасць, зразумеласць. Я разумею, што ў беларускай грамадскасці гэтая інфармацыя можа выклікаць пэўныя пытанні,таму я гатовы на гэтыя пытанні адказваць.
Comments are closed.