Loading

Прадстаўнік Офісу Святланы Ціханоўскай і Аб’яднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі пра перспектывы працы на будучы год.

Калі ацэньваць вынікі 2022 года ў працы Аб’яднанага пераходнага кабінету і Офісу Святланы Ціханоўскай, то неабходна ўлічваць кантэкст, у якім гэтая праца адбывалася. Па-першае, гэта ўзмацненне рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці і простых беларусаў. Гэта сведчыць аб няўпэўненасці рэжыму ў тым, што ён аднавіў кантроль над сітуацыяй унутры Беларусі. Гэта ўскосна сведчыць, што пратэст працягваецца і людзі не згодныя з тым, каб Лукашэнка заставаўся ва ўладзе.

Другое – вайна супраць Украіны, у якую Лукашэнка ўцягнуў і Беларусь. Гэта кардынальна паўплывала на тое, як Беларусь успрымаецца ў міжнароднай супольнасці. Асабліва ў першыя тыдні вайны гэта адчувалася дужа востра.

Таксама гэта перадвызначыла і нашыя задачы. І моцна змяніла тое, над якімі пытаннямі мы працавалі. Нам трэба было даказаць, што Беларусь не тоесная з Лукашэнкам, беларусы не падтрымліваюць вайну супраць Украіны, а Беларусь не з’яўляецца эквівалентам Расіі. Мы пастаянна нагадвалі, што беларусы супраць вайны і супраць удзелу беларускіх войскаў у ёй.

Гэтая праца мае вельмі рэальныя матэрыяльныя наступствы. Напрыклад, у пытанні легалізацыі беларусаў у краінаў Еўрасаюзу ці візавай палітыкі ў дачыненні да беларусаў. Мы бачылі вельмі суровыя захады, якія зрабілі некаторыя краіны ў дачыненні да Расіі. І калі б не нашая праца, беларусы таксама падпалі б пад гэтыя абмежаванні.

Другое, што можна лічыць нашым дасягненнем гэта кансалідацыя дэмакратычных сіл і стварэнне Аб’яднанага пераходнага кабінету. Відавочна, што вырашыць праблему рэпрэсій і ўвогуле дыктатуры ў Беларусі за кароткі тэрмін не атрымаецца. Нам трэба рыхтавацца да больш грунтоўнай і сур’ёзнай барацьбы, якая можа заняць больш часу, чым нам усім хацелася б. Таму важна, што мы аб’ядноўваем рэсурсы і палітычныя сілы.

Гэта, канешне, не азначае, што сярод дэмакратычных сіл і асобных актараў няма разыходжанняў. Тым не менш, можна казаць, што аб’яднанне вельмі моцнае. Раней такога не было, каб цягам доўгага тэрміну пасля палітычнага крызісу, дэмакратычныя сілы заставаліся ў добрай аперацыйнай форме і аб’ядноўваліся.

Што яшчэ важна для нас было – працяг міжнароднай працы. У нас атрымалася развіць пастаянную прысутнасць у некаторых краінах. На сённяшні дзень у нас ёсць чатыры сталых прадстаўніцтвы ў Кіеве, Брусэлі, Таліне і Празе. Гэта дазваляе весці плённую працу з гэтымі дзяржавамі, асабліва з прыярытэтнымі накірункамі – Кіевам і Брусэлем. Гэта індыкатар таго, куды будзе рухацца дэмакратычная Беларусь. Як будуць строіцца адносіны з еўрапейскімі структурамі і тымі арганізацыямі, якія будуць нам дапамагаць выходзіць з эканамічнага і палітычнага крызісу. Такім чынам, мы вызначаем вектар развіцця, каб у нашай краіны была еўрапейская перспектыва.

Найбольш балючае пытанне – палітвязні.

Пытанне палітвязняў баліць нам усім. І крытыка, якая тут гучыць на наш адрас, мае свае падставы. Бо раней мы казалі, што пытанне будзе вырашана праз ціск на рэжым Лукашэнкі. Тады мы не ўлічвалі тое, што Лукашэнка не адзін супрацьстаіць нам. Яму дапамагае Пуцін фінансава, палітычна і ў сілавым плане. І падтрымка з боку Масквы значна перавышае тую падтрымку, што атрымліваюць дэмакратычныя сілы з боку Захаду. Гаворка ідзе пра мільярды даляраў падтрымкі. Тут трэба быць рэалістамі і разумець, што мы маем справу з моцным праціўнікам, які выбудоўваў сваю сістэму 28 гадоў, мае значны асабісты рэсурс і доступ да расійскіх рэсурсаў. Гэта падрывае нашыя намаганні аказваць такі ціск на Лукашэнку, які зменіць яго паводзіны.

Але гэта не азначае, што мы нічога не будзем рабіць. І за мінулы год было зроблена шмат таго, што частка застаецца па-за дужкамі. Напрыклад, тая дапамога, якую мы атрымліваем для грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя, уключае і блокі дапамогі палітычным зняволеным. Гэта і дапамога на юрыдычныя паслугі і іншыя мэты. У людзей, якія з’ехалі з краіны, таксама шмат праблемаў.

Таму, праблема палітычных зняволеных і пераследу ахоплівае вялікае кола людзей. Літаральна, соцень тысяч беларусаў. Мы хацелі б рабіць значна больш, таму рэсурс і ўвагу да гэтай праблемы трэба нарошчваць.

І ў гэтым кірунку ў нас адбылася вельмі важнае прызначэнне – на пасаду кіраўніцы па сацыяльных пытаннях прызначала Вольга Гарбунова. У яе адказнасці зараз працяг працы па пастраенні сістэмы падтрымкі палітычных зняволеных і арганізацый.

Нявырашаным засталося пытанне фінансавай справаздачы Офісу Святланы Ціханоўскай.

Я не магу дакладна адказаць на яго, бо не займаюся ім. Але, калі такое абяцанне было дадзена, яно абавязкова будзе выкананае. Я так разумею, пытанне зараз у тым, як арганізаваць такі аўдыт, і дзе знайсці на яго сродкі. Бо гэта каштуе грошаў, якіх на гэта пакуль выдзеліць няма магчымасці.

Наколькі дэмакратычныя сілы гатовыя скарыстацца вакном магчымасцяў для пераменаў, калі яно з’явіцца, напрыклад, па заканчэнні вайны?

Такіх сцэнароў нямала. Вайна можа скончыцца па-рознаму. Мы, канешне, усе чакаем таго, што гэта будзе рашучая перамога Украіны, Расія папросіць прабачэння і заплаціць кампенсацыю, але можа быць і не так. Па-першае, вайна можа працягнуцца досыць доўга. Гаворка можа ісці пра гады працяглага канфлікту. Мы бачым, як упарта змагаецца Украіна, але і Расія не збіраецца здавацца, губляць свой твар і адмаўляцца, напрыклад ад Крыму. А цяпер пытанне Крыму ўжо прынцыповае і Расія павінна вярнуць яго Украіне.

Калі казаць пра беларускія сцэнары, яны шмат залежаць ад сітуацыі ва Украіне, але існуюць таксама і пэўныя ўнутраныя фактары, на якія мы мусім звяртаць увагу. Таму гатоўнасць з нашага боку існуе, але мы разумеем, што жыццё расстаўляе свае акцэнты і падзеі могуць развівацца непрадказальна. 2022 год паказаў, што немагчымыя рэчы ўсё ж здараюцца. Таму нам зараз важна выпрацоўваць хуткую падрыхтаванасць да розных сцэнароў. Самае важнае для нас – захоўваць людзей, як унутры краіны, так і за межамі. Важна, каб людзі працягвалі рухацца ў адным кірунку, а не змагаліся адзін з адным. Бо, калі мы перамагаем, значна прасцей рухацца разам. Калі мы губляем, адразу пачынаецца пошук вінаватых. І зараз мы такім этапе, калі ў нас ёсць сур’ёзныя страты і менш яснасці наконт таго, як будзе вырашацца крызіс у Беларусі. І пэўныя сілы пачынаюць змагацца не з рэжымам, а паміж сабой. Гэта лагічна і натуральна, але на варта забывацца пра галоўную мэту нашай агульнай барацьбы. Нашыя галоўныя ворагі – рэжым Лукашэнкі і Расія.

Поўную размову з Валерам Кавалеўскім слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.