Loading

Мінула 100 дзён ад пачатку працы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета дэмакратычных сіл Беларусі. 17 лістапада Кабінет прадставіў першую справаздачу, дзе кожны з «міністраў» апісаў свае дасягненні на пасадзе. Прадстаўнік Кабінета па міжнародных пытаннях Валерый Кавалеўскі ў эфіры радыё Ўнэт пракаментаваў некаторыя пункты падрабязней.


Гэта былі няпростыя тры месяцы. Таму што гэта зусім іншая праца, чым тая, якую робіць, напрыклад, новы ўрад, калі прыходзіць на распрацаваныя месцы, калі ёсць працэдуры і каманды. Нам усё прыходзіцца ствараць практычна з нуля.

Таму пэўны прагрэс ёсць, але трэба зрабіць нашмат больш, каб гэта працавала напоўную. Аднак, зроблена нямала па розных накірунках. Што тычыцца міжнароднага кірунку, то ў нас тут чатыры задачы. Першая – гэта падтрыманне беларускага пытання на міжнародным парадку дня. Другая – структурныя рашэнні і змены, якія дазваляюць нам пашыраць сваю прысутнасць у свеце. Больш эфектыўна даводзіць інфармацыю аб цяперашняй сітуацыі ў Беларусі і аб тым, якія ў нас могуць быць супольныя праекты. Трэці прыярытэтны напрамак – Украіна. І чацвёрты – пытанні міграцыі і прыцягненне новай міжнароднай дапамогі для Беларусі.

Адзін з заяўленых у справаздачы напрамкаў для далейшай працы пазначаны як нарошчванне патэнцыялу сілавога блоку да ўзроўню неабходнага для выканання ключавых задач. За кошт чаго плануецца блок нарошчваць, хто яго будзе складаць і ўтрымліваць?

Я распавяду пра тую працу, якую асабіста вёў на гэтым кірунку. І тут перш за ўсё гаворка ідзе пра дапамогу нашым добраахвотнікам і прыцягненне дапамогі для іх. Мы гэтым займаемся даўно і зараз гэтая справа перайшла ўжо і да Кабінету. Па-другое, мы займаемся развіццём ваенна-палітычнага супрацоўніцтва з замежнымі дзяржавамі, абмену інфармацыяй і распрацоўкай планаў сумесных дзеянняў. Гэта новы кірунак для нас, таму шмат чаго трэба будзе зрабіць для яго развіцця. Але вельмі важна бачыць зацікаўленасць з боку іншых дзяржаваў весці з намі гэты дыялог.

У наступныя некалькі месяцаў у гэтым напрамку будзе зроблена значна больш, таму будзе што расказаць. А што да прыцягнення новых людзей у гэты блок, то з гэтым пытаннем лепш звярнуцца да спадароў Азарава і Сахашчыка, якія за гэта адказныя.

Як плануецца пашыраць санкцыйны ціск?

Гэта тэма была заўсёды складанай. Мы бачым, што гісторыя ўвядзення санкцый супраць рэжыму складалася такім чынам, што менш рэагавалі на рэпрэсіі, разгоны і катаванні ўнутры Беларусі, а больш рэагавалі на тыя выпадкі, калі закраналіся інтарэсы міжнароднай супольнасці. Сюды можна аднесці гісторыю з захопам самалёту Ryanair, міграцыйны крызіс і пачатак вайны.

І нават на сённяшнім этапе, калі відавочна, што рэжым Лукашэнкі ўяўляе пагрозу не толькі для беларусаў, а для міжнароднай бяспекі, усё роўна гэтыя санкцыі трэба выбіваць. Тут з аднаго боку ёсць гатоўнасць і разуменне неабходнасці ўвядзення новых санкцый, а з іншага – для іх увядзенне патрабуецца пагаршэнне сітуацыі. То бок нашыя партнёры не адмаўляюцца ад гэтага інструмента, але вельмі асцярожна да яго падыходзяць.

Другая праблема, якая тут застаецца, гэта наяўнасць пэўнай колькасці прабелаў у санкцыйным рэжыме. Гэта дазваляе Лукашэнку і зацікаўленым людзям тым ці іншым шляхам абыходзіць санкцыі. Не сказаць, што гэта проста ў іх атрымліваецца, але заходнія краіны маглі б зрабіць пэўныя крокі, каб абмежаваць гэтыя магчымасці.

Што для гэтага заходнім краінам не хапае?

Я думаю, што асноўным фактарам тут зараз з’яўляецца наяўнасць Расіі і неабходнасць барацьбы супраць яе. Гэты вымагае шмат працы для падрыхтоўкі санкцыйных спісаў і праверкі інфармацыі, таму беларускія санкцыйныя спісы пакуль на другім плане. Уся ўвага і рэсурсы зараз прыцягнуты да Расіі як да галоўнага агрэсара.

Яшчэ адзін пункт з заяўленых у справаздачы – прызначэнне прадстаўніка па фінансах і эканоміцы і прадстаўніка па сацыяльных пытаннях. Пасля дзіўнай гісторыі з прадстаўніцай па эканоміцы Таццянай Зарэцкай ці змяніўся падыход да пошуку кандыдатаў і ці ёсць яны зараз?

Зараз пошук вядзецца, а на пасаду адказнага па сацыяльных пытаннях кандыдат ёсць. Пакуль не буду агучваць імя.

Што да пратаколаў праверкі і працэдуры выбару чалавека, то прынцыповых змен тут не будзе. Канешне, будзем як і раней пільна падыходзіць да інфармацыі пра людзей і збору рэкамендацый. У той час, калі фармаваўся Кабінет і мы запрашалі Таццяну Зарэцкую, была пэўная тэрміновасць, якая ўплывала на хуткасць прыняцця рашэнняў.

Як праводзілася праверка і як потым развівалася сітуацыя з Таццянай Зарэцкай, гэта не абавязкова звязаныя рэчы. Яна прадпрымальніца і мае ўласныя інтарэсы. І гэта мы зараз будзем улічваць. Каб у чалавека былі больш вольныя рукі і больш часу на працу ў Кабінеце. І разам з тым, каб не было такіх інтарэсаў, якія ствараюць пэўную ўразлівасць для чалавека і якімі могуць скарыстацца людзі ад рэжыму.

Што азначае пункт аб пошуку ўстойлівых крыніц фінансавання для Кабінету? Яны зараз не ўстойлівыя? І што гэта за крыніцы?

Зараз мы карыстаемся тымі рэсурсамі, што кожная з арганізацый – удзельніц Кабінету прынесла з сабой. Таму працягваем пошук фінансавання для фарміравання самастойнага бюджэту, які дазволіць ствараць каманды, як запланавана раней. Падчас працы з Таццянай Зарэцкай мы паспелі вызначыцца з бюджэтамі па накірунках. З дапамогай Таццяны зроблена нямала і зараз гэта трэба рэалізаваць. І як толькі мы знойдзем чалавека, які зможа працягнуць гэтую працу, для нас гэта будзе значная дапамога.

Падрыхтоўка транзітнага перыяду пазначана ў шчыльнай працы з грамадскай супольнасцю. Хто маецца на ўвазе і на якой стадыі гэтыя стасункі?

Перш за ўсё ў прыярытэце прыцягненне інтэлектуальных рэсурсаў і стварэнне экспертных груп для падрыхтоўкі планаў і нават рэформ. І ў гэтым сэнсе вельмі важным з’яўляецца фарміраванне экспертнай групы пры Радзе Еўропы, куды ўвайшлі сем прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці з дзесяці чалавек. І тры чалавекі – прадстаўнікі палітычных структураў.

Гэта тое месца, дзе мы можам абмяркоўваць розныя праекты, якія нам дапамогуць падрыхтавацца да пабудовы новай Беларусі.

Ці дастаткова гэтых сямі чалавек, пра якіх нельга сказаць, што яны з’яўляюцца прадстаўнікамі шырокай масы беларускай грамадзянскай супольнасці? І наколькі іншая пасіянарная частка грамадзянскай супольнасці ідзе на кантакт з Кабінетам?

Важна адзначыць, што гэтыя сем чалавек прадстаўляюць цэлыя сектары грамадства. Іх не прызначала Святлана Ціханоўская, яны былі абраныя сваімі супольнасцямі. Таму я бы не прымяншаў іх значнасць. Другі такі орган, які зараз перараджаецца, гэта Каардынацыйная рада. Яна таксама будзем месцам збору актывістаў. Яны таксама будуць весці працу па выбару прыярытэтаў, распрацоўкі планаў і падыходаў як для транзітнага перыяду, так і да цяперашняй сітуацый і на будучыню.

Мы імкнемся да таго, каб грамадзянская супольнасць была больш актыўная і брала на сябе большую адказнасць. Кабінет павінен аб’ядноўваць розныя ініцыятывы. І гэта тое, да чаго мы хочам прыйсці, каб пры кожным прадстаўніку былі створаныя ініцыятыўныя групы для абмеркавання ідэй. Каб можна было ад спецыялістаў атрымаць і крытычны фідбэк.

Напрыклад, па накірунку знешняй палітыкі мы былі б рады стварэнню спецыяльнай групы, ад якой можна было пачуць і крытыку і ідэі. А таксама пачалі б збіраць чалавечыя рэсурсы, каб працаваць на прафесійнай аснове.

Comments are closed.