Loading

У інтэрв’ю выданню Politico Святлана Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзідэнт-электам. Раней лідарка дэмакратычнай Беларусі адмаўлялася называць сябе прэзідэнтам праз тое, што выбары 2020 былі сфальсіфікаваны.

У афіцыйным тэлеграм-канале Ціханоўскай размясцілі паведамленне, у якім патлумачылі, чаму менавіта зараз Ціханоўская вырашыла змяніць палітычны статус. Гэта тлумачаць тым, што Лукашэнка ўцягвае краіну ў вайну і рэпрэсуе беларусаў. У такіх умовах неабходна стварыць урад, які будзе прадстаўляць інтарэсы беларусаў. А Святлана Ціханоўская з’яўляецца адзінай прадстаўніцай з мандатам ад беларускага народу. Гэты статус у эфіры «Світанку свабоду» пракаментаваў палітолаг і журналіст Валер Карбалевіч.

Прэзідэнт-элект, гэта прэзідэнт, які не можа выконваць свае абавязкі ў сілу пэўных абставінаў. Наконт, наколькі гэты статус своечасова абвешчаны, сказаць цяжка. Таму што толькі час можа паказаць, што своечасова, а што не. Такія падзеі лепш ацэньваць з часовай адлегласці.

Ці можа Святлана Ціханоўская лічыцца прэзідэнт-электам з улікам таго, што выбары 2020 года былі сфальсіфікаваныя і іх вынікі не могуць лічыцца дакладнымі?

Менавіта гэты чыннік, адсутнасць вынікаў і дакладных юрыдычных працэдураў і перашкаджаў дагэтуль Святлане Ціханоўскай называць сябе прэзідэнтам. Але ёсць фактары юрыдычныя і ёсць палітычныя. І хутчэй за ўсё, палітычны фактар зараз перамог. Таму гэтая канстатацыя з’явілася, але яна пакуль няпоўная.

Пакуль Святлана Ціханоўская нідзе не падпісваецца як прэзідэнт, пакуль не было працэдуры інаўгурацыі. І не вядома, ці гэта будзе. Пакуль гэта выглядае як пробны крок. Магчыма Святлана Ціханоўская хоча пабачыць рэакцыю, каб прымаць далейшыя рашэнні.

А што калі пачне так падпісвацца і называць сябе? Ці надасць гэта ёй палітычнай вагі?

У Беларусі гэта падзея наўрад выкліча рэзананс і наогул будзе заўважана. Яе заўважыла палітызаваная публіка, медыя, назіральнікі. Звычайныя людзі, з тых, што ёй спачувалі, і без усякіх там юрыдычных акалічнасцяў лічылі, што яна перамагла на выбарах.

Палітычная вага Ціханоўскай залежыць ад выніковасці яе дзейнасці. А казаць аб поспехах тут пакуль не выпадае. А між тым менавіта выніковасць важней за такія заявы.

Не думаю, што гэта заява выклікае павышэнне вагі ў асяроддзі эміграцыі. Хутчэй за ўсё, выклікае крытыку, якая ўжо з’явілася ў сацсетках.

Іншае пытанне – міжнародны аспект. Але тут таксама пакуль не бачна нейкіх значных пераменаў. І гэта на шмат будзе залежыць ад наступных дзеянняў Святланы. Што будзе далей? Інаўгурацыя? Аб’яўленне пераходнага кабінету ўрадам у выгнанні і інш? Калі нічога з гэтага не будзе зроблена, ад адной заявы мала што памяняецца.

А што зменіцца, калі такое здарыцца?

А вось тады заходнія краіны як мінімум павінны будуць рэагаваць. Але заходнія палітычныя структуры будуць вельмі асцярожнымі ў гэтым плане. Усе помняць няўдалы нядаўні прыклад Гуайдо, які абвесціў сябе абраным прэзідэнтам у выгнанні. У Венесуэле гэта скончылася нічым.

Тыя крокі, што зараз робіць Аб’яднаны пераходны кабінет можна лічыць спробай стварэння ўраду ў выгнанні, але такія крокі можна рабіць доўга. Такі працэс можа быць бясконцым. Галоўнае пытанне – наколькі ўсе гэтыя крокі рэальна ўплываюць на ўнутрыпалітычныя працэсы ў Беларусі.

Тут з замежжа можна гуляць у будзь якія палітычныя гульні. І ўрад стварыць і парламент, нават, канстытуцыйны суд. Але галоўнае, як гэта ўплывае на рэальную сітуацыю ў Беларусі.

А ці існуюць зараз такія рашэнні ці інструменты, якія могуць паўплываць на сітуацыю ў Беларусі?

Мусіць, такія рычагі існуюць, але я не бачу, каб яны былі ў руках Святланы Ціханоўскай ці Кабінету. Ёсць аб’ектыўныя сітуацыі, якія змяніць зараз мала рэальна. Сітуацыя ў Беларусі зараз такая, што эмігранцкія цэнтры на яе могуць паўплываць мінімальна.

Таму зараз пытанне не ў тым, што ёсць што рабіць, а яны не робяць. Я пакуль не бачу такіх хадоў, якія б маглі сур’ёзна памяняць сітуацыю ўнутры Беларусі з замежжа.

Comments are closed.