Тое, навошта ў Менск прылятаў расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін разам з міністрамі абароны і замежных спраў і што азначаюць некаторыя заявы па выніках яго спаткання з Лукашэнкам, абмяркоўваем з палітолагам Валерам Карбалевічам.
У чаканні гэтай сустрэчы выказваліся розныя прагнозы, і пра тое, што Расія будзе прымушаць Беларусь да больш шчыльнай інтэграцыі, і пра ціск на Лукашэнку ў плане ўступу беларускай арміі ў вайну. Афіцыйна агучаныя вынікі – нібыта яны там збольшага абмяркоўвалі ўжо звыклыя эканамічныя пытанні, нейкага касманаўта ў космас адпраўлялі і гэтак далей. З ваеннай сферы на выніковай прэс-канферэнцыі закранулі толькі пастаўленыя комплексы С-400 і «Ісканэры», якія цяпер будуць стаяць у Беларусі, а таксама даволі цікавая заява наконт самалётаў са «спецыфічнай» зброяй. Пра гэтыя самалёты я б хацеў спытаць у наступным пытанні, а ўвогуле, ці можна верыць, што яны і сапраўды не абмяркоўвалі расійска-ўкраінскую вайну і магчымы ўдзел Беларусі?
Абмяркоўваць абмяркоўвалі, я думаю. Не выпадкова ж прыехаў у Менск міністр абароны Сяргей Шайгу і міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў. Расійскае войска прысутнічае на тэрыторыі Беларусі. І, мусіць, абмяркоўвалі якім чынам гэтае войска будзе тут сябе паводзіць, якія яго функцыі, чым яно будзе займацца, магчыма, нейкая аплата гэтых паслугаў. Таму тэма абмяркоўвалася. Іншае пытанне, што з тых вынікаў, якія агучаныя, не бачна, што нешта тут радыкальна змяняецца. То бок, пакуль няма ніякіх прыкметаў, што нейкія такія лармісцкія апакаліптычныя сцэнары рэалізаваліся падчас гэтых перамоў.
Калі вярнуцца да гэтых самалётаў са «спецыфічнай» зброяй. Лукашэнка сказаў, што яны падрыхтавалі самалёты, якія здольныя несці такую зброю, Пуцін сказаў, што рыхтуюць лётчыкаў для такіх самалётаў. Ці гаворыць гэта пра намер Расіі размясціць у Беларусі сваю ядзерную зброю паветранага базавання альбо ўвогуле перадаць яе Беларусі?
Да ўсіх гэтых заяваў, асабліва Лукашэнкі, трэба ставіцца даволі асцярожна. Пакуль не да канца зразумела, ці то гэта Расія паставіла Беларусі гэтыя самалёты і яны будуць беларускімі, ці проста Расія свае самалёты часткова перамясціла ці перамесціць на тэрыторыю Беларусі і яны будуць працягваць заставацца расійскімі, падпарадкоўвацца расійскаму ваеннаму камандаванню. У мяне ёсць сумневы, што Расія гатова перадаць ядзерную зброю Беларусі вось цяпер. Усё ж, ядзерная зброя – гэта такая рэч, з якой трэба абыходзіцца вельмі асцярожна. І таму я не думаю, што яна з’явіцца ў Беларусі. Ва ўсякім разе ў блізкім будучым.
То што гэта? Зноў нейкія застрашальныя крокі ў рамках расійскага ядзернага шантажу Захаду?
Тое, што Расія пужае Захад і Украіну ядзернай зброяй – ніякага сакрэту няма. І не першы раз бакі гавораць пра тое, што ядзерная зброя можа з’явіцца ў Беларусі, гэта было і раней. Ну так – псіхалагічны ціск, псіхалагічная вайна – частка глабальнай вайны, таму так, гэта Расія выкарыстоўвае.
Як гэта ўсё выглядае з гледзішча дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі? І як свет можа адрэагаваць на такія крокі ці заявы двух дыктатараў?
Свет будзе рэагаваць не на заявы, а на рэальныя крокі. Пакуль адны заявы, якія могуць быць блефам, то што на гэта рэагаваць? Я думаю, што ніякай асаблівай рэакцыі не будзе. Тым больш, што да словаў Лукашэнкі, на Захадзе асабліва, ставяцца скептычна.
А вось, калі казаць пра гэтыя «Іскандэры», пра якія зноў заявіў Лукашэнка, што іх паставілі там на нейкае баявое дзяжурства ў Беларусі. У пачатку вайны яны актыўна выкарыстоўваліся для абстрэлаў Украіны і, прычым, як раз з тэрыторыі Беларусі, прычым фіксаваліся іх перамяшчэнні ад Менску на поўдзень. Пасля, у апошнія месяцы пра абстрэлы «Іскандэрамі» практычна не паведамляецца, страляюць у асноўным ці то нейкімі там ракетамі маркі Х, ці то Кінжаламі. Некаторыя ваенныя аналітыкі кажуць, што сучасных ракет у Расіі ўвогуле мала засталося. Як на ваш погляд, ці сапраўды зараз Пуцін забяспечыў Лукашэнку гэтымі «Іскандэрамі»?
«Іскандэры» на тэрыторыі Беларусі прысутнічаюць. Яны выкарыстоўваліся. Расія выкарыстоўвае тэрыторыю Беларусі дзеля абстрэлаў Украіны. Так, апошнім часам такіх нападаў не было. Я думаю, што гэта тлумачыцца нейкімі чыста тэхнічнымі рэчамі – прасцей, мусіць, запускаць гэтыя ракеты з іншых кропак, чым з Беларусі.
Як бы Вы ўвогуле ацанілі гэты візіт? Якія былі ягоныя мэты і ці былі яны дасягнутыя?
Гэта быў візіт хутчэй палітычна-піяраўскі, палітычна-сімвалічны. І ў прынцыпе, ён дасягнуў тых задач, якія ставіліся Пуціным і Лукашэнкам. Лукашэнка атрымаў сваю долю задавальнення маральнага. Да яго прыехаў сам Пуцін і не адзін, а з цэлай камандай. Гэта ягонае самалюбства падтрымала. І гэта будзе выкарыстана ім дзеля піяру, бо апошнім часам Лукашэнка шмат кажа пра суверэнітэт і незалежнасць, бо адчувае, што на гэтую тэму шмат гавораць і палітыкі суседніх краінаў, і эксперты, і беларуская апазіцыя, і беларуская наменклатура пачынае задумвацца на гэтую тэму. І таму для Лукашэнкі вельмі важна даказаць, што ён гаспадар у гэтай краіне, а не Пуцін. Тое, што Пуцін прыехаў з камандай сюды – у сталіцу незалежнай дзяржавы, гэта як бы пацвярджае, што так, ён тут гаспадар, і гэта ў пэўным сэнсе ўмацоўвае ў піяраўскім плане ягоныя пазіцыі.
А Пуціну гэта ўсё навошта?
Падтрымаць адзінага саюзніка. У Пуціна больш няма саюзнікаў у свеце, адзін Лукашэнка, адна лукашэнкаўская Беларусь. І дзеля таго, каб падтрымаць гэтага саюзніка, ён і прыехаў. Гэта такі жэст падтрымкі.
Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.